— Даруй, маці, калі што не так, — толькі і сказаў ён у адказ.
Ён выканаў яе запавет, купіў на памінкі тры пляшкі гарэлкі і выпіў з нейкім выпадковым чужым чалавекам на верандзе за вечар. Недзе апоўначы прыйшла па яго Таіса і амаль непрытомнага прывяла дамоў.
41
Пасля смерці Кандрата і Малашы Ульяніна хата зусім апусцела, пуста было і ў каліце. Якія заробкі ў калгасе? Хіба дадуць сена карове, салому на падсціл ды кармавых буракоў свінням. Але нядоўга заставалася Ульяна толькі з малодшымі сынамі Віталем і Сярожкам. Прыйшоў з войска Алег, адразу ўладкаваўся на працу, дык у хаце з’явіліся такія-сякія грошы. Ульяніна душа пачала адтаваць. Яна чакала, што хутка павінна вярнуцца з вучэльні Ала, дык і будуць зноў усе разам. Але дачка прыслала ліст, што збіраецца замуж за нейкага хлопца з Казахстана, а таму, як толькі яго дэмабілізуюць, паедзе знаёміцца з ягонымі бацькамі. Ульяна напісала дачцэ, што таксама хацела б пазнаёміцца з будучым зяцем, але адказ прыйшоў з Казахстана. Ала была ўжо там. Ульяне нічога не заставалася, як павіншаваць дачку ды выслаць пасылкаю загадзя назапашаны пасаг: настольнікі, ручнікі, коўдру ды іншую розную дробязь, неабходную ў гаспадарцы, каб не казалі пра дзяўчыну, што прыехала на ўсё гатовае да свякроўкі, а мела ўласныя рэчы ды часцей згадвала маці.
Ульяна зусім супакоілася, зрэшты, яна не адна ўдава на вёску. Рана цяпер адыходзяць на той свет мужчыны. Што зробіш, трэба змірыцца. Яна была шчаслівая і тым, што трое яе сыноў пры ёй, а большага шчасця ёй і не трэба. Ды Ульянін спакой нечакана забрала Палкоўнічыха, нахабная маладзіца, якая мела траіх малалетніх дзяцей. Невядома дзе пазнаёмілася яна з Алегам, які пачаў да яе хадзіць ды прапіваць з ёю грошы. Дайшло да таго, што аднойчы Алег аддаў ёй увесь заробак за месяц. Ульяна не вытрымала і надвячоркам пайшла сварыцца. Палкоўнічыха адчыніла дзверы з цыгарэтаю ў руцэ і спытала:
— Што табе трэба, цётка?
— Хачу пра Алега з табою пагутарыць...
— Ах, пра яго? Ну, заходзь! А ты хто яму будзеш? Маці? А я думала бабуля, — зарагатала Палкоўнічыха. — Паслухай, Танька, што робіцца, да нас Алегава маці прыйшла.
У калідор высунулася кудлатая жаночая галава з п’янымі вачамі, якая прамовіла:
— Давай яе сюды, за стол.
Палкоўнічыха падштурхнула Ульяну, скіроўваючы яе на брудную кухню, дзе на стале стаяла пустая пляшка гарэлкі і толькі распачатая з «чарнілам».
— Заходзь, заходзь, я Алега люблю. Ён добры хлопец, не скупы. Выпі з намі чарку.
— Не буду я з вамі піць! — заўпарцілася Ульяна, з агідаю пазіраючы на брудную кухню. — Я прыйшла сказаць, каб ты пакінула майго сына ў спакоі.
— Нашто табе твой сын? Мо ты сама будзеш з ім спаць? — зарагатала Палкоўнічыха.
— Як у цябе язык павярнуўся такое сказаць? Яму трэба добрая дзяўчына, каб ажаніцца ды сям’ю стварыць, а не такая гуляка, як ты.
— Гэта я гуляка? Ды ў мяне муж палкоўнік быў, у Афгане загінуў! — выпучыла магутныя грудзі гаспадыня.
— Увесь горад ведае, што твае дзеці ад розных бацькоў, а ты й сама не ведаеш ад каго! Палкоўнічыха задрыпаная знайшлася!
— Паслухай, Танька, яна мяне ў маёй хаце з граззю змяшала! Што мы з ёю зробім?
— Намылім шыю, расквасім нос і размажам суку па сцяне, — адказала хаўрусніца і, хістаючыся, паднялася з-за стала.
Абедзве п’яныя жанчыны наваліліся на Ульяну, пачалі малаціць кулакамі па чым папала. Толькі тое, што яны дрэнна трымаліся на нагах, выратавала госцю. Яна адштурхнула іх і рынулася да дзвярэй. Ужо на лесвічнай пляцоўцы Палкоўнічыха ўхапіла Ульяну за крысо паліто і не выпускала, валаклася следам. На дварэ іх дагнала Танька. Яны наваліліся на Ульяну, кінулі на лаўку, не адпускалі.
— Што зробім з ёю? — спытала Палкоўнічыха.
— Халера яе ведае. Мо каменем галаву расквасім?
— Алег пакрыўдзіцца.
— Давай прывяжам да дрэва, няхай пастаіць і падумае, на што яна замахнулася! Захацела ўласнага сына пазбавіць кахання! Ты чуеш, старая, мяне твой Алег кахае без памяці! — сказала Палкоўнічыха. — Не чапай ні мяне, ні яго, бо я цябе прыдушу!
Зняможаная Ульяна маўчала і ўсё тузалася, каб як вырвацца з агідных абдымкаў. Пакуль мажная Палкоўнічыха трымала Ульяну, хаўрусніца адвязала вяроўку, што была прымацаваная паміж слупамі для сушкі бялізны. Праз нейкіх пяць хвілін Ульяна ўжо стаяла прывязаная да дрэва і плакала ад безвыходнасці. Чакала, мо нейкі чалавек дапаможа ёй. Але ўжо сцямнела і чамусьці, як на злосць, на вуліцу ніхто не выходзіў. Недзе праз паўгадзіны яна нарэшце ўбачыла Алега, які кіраваўся да Палкоўнічыхі, паклікала яго: