Выбрать главу

Так пачалося іхняе сумеснае жыццё і доўжылася гады тры. Ала зноў падалася на будоўлю, Анжэлка пайшла ў першы клас. Ігар уладкоўвацца на сталую працу не спяшаўся, а штодня некуды ездзіў са сваімі хаўруснікамі, якія, як ён казаў, танна куплялі ў сялян свіней, бульбу, гуркі, памідоры, чарніцы, парэчкі, а потым усё гэта перапрадавалі на рынку па значна больш высокай цане. Прынамсі, такія-сякія грошы ў яго вадзіліся. З першага дня ён папярэдзіў Алу, каб на яго заробкі не разлічвала. Яна прэтэнзій не мела. Зарабляла не шмат, але на сябе і Анжэлку хапала. Ды ў хуткім часе Ігар пасварыўся, прынамсі, ён так тлумачыў, з былымі хаўруснікамі. З’явіліся нейкія новыя сябры, якія нічога не зараблялі, а найчасцей прыходзілі да Ігара, каб выпіць.

У адзін з восеньскіх вечароў Ала вярнулася з працы з пакункамі, прынесла харчы і застала дома вясёлую кампанію. Хлопцы ўжо ўсё, што мелі, павыпівалі і з надзеяй пазіралі на маладзіцу.

— Мо ты якую пляшку прынесла? — спытаў Ігар.

— Яшчэ чаго не хапала, выпіўку табе насіць! — адказала яна раздражнёна.

— Дык зрабі нам што паесці, — прапанаваў гаспадар.

— Ага, зараз, разагналася! Мала што цябе кармлю, дык яшчэ і алкаголікаў сваіх хочаш мне на шыю павесіць! Пайшлі прэч адсюль, расселіся, як на імянінах! — пачала яна выганяць мужавых хаўруснікаў.

— Не чапай маіх сяброў! Я за іх горла ўсялякаму перагрызу! — закрычаў Ігар.

Але мужчыны, адчуваючы, што ім нічога добрага не перападзе, панура ўсталі з-за стала і папляліся да выхаду. Ігар пайшоў іх праводзіць. Ала спытала ў Анжэлкі, як яе справы ў школе. Малая адказала, што ўсё добра, толькі Максім Малюк чамусьці да яе чапляецца і тузае за касу.

— Патрывай, я ў суботу прыйду ў школу, пагутару з гэтым паскуднікам, — паабяцала маці і звыкла прынялася варыць вячэру.

Анжэлка ўмасцілася на канапе, гартала кніжку. Ігар уварваўся ў пакой злосны, як раз’ятраны бык.

— Хто ты такая, каб тут распараджацца?

— Здаецца, яшчэ сёння была тваёю жонкаю, — спакойна адказала Ала.

— Ты жонка? — з пагардаю спытаў Ігар і брыдка вылаяўся. — Ды такіх жонак у мяне — хоць гаць гаці.

— Не лайся, тут дзяўчынка!

— Што? Мо я яшчэ павінен у вас прабачэння прасіць за нецэнзурныя словы? Вымятайся з маёй хаты са сваёй...

Ён не дагаварыў, схапіў Анжэлку і шпурнуў на падлогу, а сам лёг на канапу. Ала дапамагла падняцца дачцэ, спытала, што ёй баліць?

— Каленам моцна выцялася і локцем, — паскардзілася дзяўчынка.

Ала агледзела даччыны болькі, на калене і локці красавалася па сіняку, пацалавала, падзьмухала, каб хутчэй зажывала.

— Ты навошта дзіця крыўдзіш? Што яна табе зрабіла? — спытала разгневаная жонка.

— Маўчы, бо зараз абедзвюх прыкончу і ў агародзе закапаю, ніхто слядоў не знойдзе. Мне не першы раз! — адказаў Ігар, пыхкаючы толькі што прыкуранай цыгаркаю.

— Ты — забойца! Яшчэ і выхваляешся гэтым! Божа мой, з кім я звязала свой лёс!

— Маўчы! Задушу! — зароў Ігар, устаючы з канапы і накіроўваючыся да Алы.

«Зараз зноў будзе біцца», — з адчаем падумала яна. У яе душы ў гэты момант прачнулася натура бабы Малашы, якая ўмела бараніць сябе і сваіх дзяцей! Ала схапіла са стала вялікі кухонны нож, якім толькі што крышыла капусту на салату, ступіла першай да яго, усадзіла ў пукаты жывот і адскочыла ўбок. Сама здзівілася, як лёгка ўвайшоў нож у цела, быццам у масла. Ігар сагнуўся папалам, цяжка выдыхнуў і ўпаў на падлогу. Вакол яго расцяклася лужына крыві і яшчэ нечага смярдзючага.

Ала абняла дачку і сказала:

— Не бойся, Анжэлка, ён нас больш і пальцам не кране.

— Мама, там кроў!

— Гэта віно, чуеш, як смярдзіць! Пойдзем адсюль.

Ала завяла дачку да суседзяў, выклікала міліцыю і хуткую дапамогу, вый­шла на вуліцу, застыла каля весніц у чаканні. Усё жыццё прамільгнула перад ёю за тыя дваццаць хвілін, пакуль з’явіліся міліцыянеры і дактары. Яна не разу­мела, чаму ёй пры жывых бацьках не шанцавала з маленства. Мусіла вучыцца восем гадоў у спецінтэрнаце на казённых харчах, ад якіх заўсёды хацелася есці. Насіла казённае адзенне, а потым яшчэ тры гады гэтак жа існавала ў вучэльні. Жыццё замужам за казахам не дадало радасці. А што датычыцца Ігара — дык гэта наогул не жыццё было, а кара Божая невядома за што. Самая страшнае, што пакутавала не толькі яна, але і дачка. Дзяўчынка расла вельмі ўражлівая і знерваваная, адмаўлялася называць айчыма бацькам, хоць ён упарта гэтага дамагаўся. Навошта? Невядома. Мо хацеў іншы раз казырнуць перад сябрамі, маўляў, глядзіце, які я шчаслівы, усё ў мяне, як у людзей.