Выбрать главу

44

За наўмыснае забойства Ала была асуджана на дванаццаць гадоў турмы. Дачку яе забралі ў дзіцячы дом. Яна пісала лісты Анжэлцы так часта, як толькі дазваляла турэмнае начальства, гэта падтрымлівала ў расстанні абедзвюх. Яны апантана марылі пра сустрэчу. Ала рабіла ўсё для таго, каб нічым не правініцца, не парушыць турэмны парадак. З жанчынамі, якія адбывалі пакаранне разам з ёю, не задзіралася, засяроджаная на сваім клопаце пра дачку. Ніхто Але пасылак не прысылаў, ніхто не падтрымліваў, яна выжывала толькі вялікім жаданнем зноў сустрэцца з Анжэлкаю.

Пашчасціла з амністыяй, ёй удвая скарацілі тэрмін, і яна раптам апынулася на волі. Найперш паехала да Анжэлкі ў дзіцячы дом і забрала яе адтуль. Абедзве былі такія шчаслівыя, што трымалі адна адну за руку, не жадаючы нават на момант разлучацца. Маці не магла налюбавацца на сваю чарнявенькую, па-ўсходняму прыгожую дачку. Дзяўчынка вырасла, пятнаццаць гадоў — той пераходны ўзрост, калі ўжо страчваецца падлеткавая вуглаватасць, і праступаюць абрысы будучага дзявочага хараства.

Ала вырашыла ехаць спачатку ў Ляды, бо даўно не атрымлівала стуль ніякіх вестак, ніхто ёй не адказваў на лісты: ні Алег, ні Віталь. Крыўдавала на іх, няўжо цяжка тры словы сястры напісаць?

Плот каля хаты ляжаў покатам, вокны выбітыя, дзверы расчыненыя. Мэблі ніякай, толькі пасярод хаты валялася нейкае бруднае рыззё. Ала зразумела, што з братамі здарылася нешта нядобрае. Пайшла пытаць да суседзяў. Цётка Вольга, жонка Міколы Ленінкі, запрасіла яе ў хату, пасадзіла за стол, пачала частаваць абедам.

— Ды скажыце, нарэшце, дзе мае ўсе?

— Паабедайце спачатку, а потым пагутарым. Усё раскажу. Якая ў цябе дачушка прыгожая, проста лялечка!

Ала хуценька пасёрбала боршч, закусіла прасяною кашаю, ад узвару адмовілася і падрыхтавалася слухаць. Цётка Вольга ўздыхнула і сказла:

— Мацуйся, Алачка, горка казаць, але тваіх братоў нікога ўжо няма на гэтым свеце.

— Як? Чаму? — спытала Ала, не даючы веры цётчыным словам.

— Пэўна, такі лёс.

Анжэлка, якая дапівала ўзвар, адставіла шклянку, насцярожылася.

— Кажыце ўжо, кажыце, як ёсць, — папрасіла Ала.

— А дзяўчынка?

— Няхай слухае, яна і не такое бачыла, беднае маё дзіця, — Ала абняла дачку. — Яна ў мяне мужная, уся ў бабу Малашу. Кажыце.

— Пачалося ўсё з таго, што Палкоўнічыха аддала Алега лячыцца ад алкагалізму на сорак дзён. Якраз у гэты час выпусцілі Віталіка з турмы, не ведаю, як там і што было, але злыгаўся ён з Палкоўнічыхаю. Алег вярнуўся з лячэння і заспеў іх тут разам у ложку голых і п’яных, паглядзеў на іх, пабудзіў, павітаўся, сказаў, маўляў, рады быў пабачыцца. Пайшоў да Палкоўнічыхі на кватэру і засіліўся на яе калготках. Так ужо Віталік плакаў на ягоным пахаванні. Але што цяпер зробіш? Мёртвага слязамі не падымеш. Застаўся Віталік жыць з Сярожкам удвох. Ні працы, ні грошай няма. Сяргеевай інвалідскай пенсіі толькі на тры дні на гарэлку хапала. Звязаўся Віталік з валацугамі, укралі ў чалавека свінню, за гэта твайго брата зноў у турму пасадзілі на два гады. Сярожка застаўся адзін.

Ала ўсхліпнула, не маючы сілы стрымліваць слёзы і ўяўляючы, як яе хворы брат бедаваў тут адзін.

— Не плач, Алачка, — сказала цётка Вольга, — мы іх аплакалі за цябе і за ўсю радню.

— Кажыце, кажыце.

— Сярожка хадзіў у пякарню хлеба прасіць, на рынку дзе якога гурка ці памідора хто-небудзь даваў. Да Палкоўнічыхі наведваўся па старой памяці. Каля яе дома і знайшлі яго мёртвага. Людзі казалі, што, мусіць, яна яго з акна выкінула, вельмі ж пабіты быў. Але ніхто ў суд не падаваў і вінаватых не шукаў. Пахавалі і яго.

— Дзе тая Палкоўнічыха? Невядома, што з ёю зраблю! — ускрыкнула госця.

— Няма яе. Памерла, згарэла ад гарэлкі.

— Што з Віталікам? — спытала Ала, не маючы сілы стрымліваць слёзы, дачка таксама плакала.

Цётка Вольга выцерла вочы ражком хусткі і працягвала аповед:

— Віталік вярнуўся з турмы і пачаў жыць з Тумбаю Мікітаваю.

— А хто гэта? — спытала Ала.

— Гэта з Янавічаў маладзіца такая, п’яніца. Гналі яны самагонку ды прадавалі. Тым і зараблялі сабе на жыццё. Але аднойчы прыйшлі да іх нейкія людзі, нешта яны не паладзілі паміж сабою, усчалася бойка. Тумба памерла адразу, а Віталік яшчэ тры дні пажыў і сканаў. Усе твае браты цяпер на кладах, толькі магілы іхнія ў розных месцах раскіданыя.

— Наведаю іх, — сама сабе сказала Ала.

— А што ты будзеш далей рабіць?

— Прадам хату і паеду ў Магілёў. Я пісала на ранейшае месца працы, мяне абяцалі ўзяць і ў маласямейцы дадуць пакой. Там не хапае тынкоўшчыкаў-маляраў, а ў мяне трэці разрад, — не без гонару сказала Ала.