Выбрать главу

На пахаванне Міколы Ленінкі сабраліся маладзейшыя яго суседзі, бо сярод мужчын ён у вёсцы быў на той час найстарэйшы, пражыў болей за восемдзесят гадоў. Праўда, Харунжы дацягнуў амаль да дзевяноста, але памёр ён раней. Прычынаю стала тое, што раптам сярод белага дня загарэлася сынава хата, дзе бездапаможны стары жыў апошнім часам. Казалі, быццам была няспраўная электраправодка. Хату патушылі. Харунжага гэтая падзея так узрушыла, што ён увесь час паўтараў: «Ой, бяда! Бяда! Бяда!» Мусіць, згадалася яму, як некалі праз яго выгарала з дзясятак хат у вёсцы і падумалася, што гэта кара за той наўмысны падпал яму на старасці апынуцца без даху над галавою. Пасля таго перапалоху ён у хуткім часе сканаў.

Ленінка памёр не сваёю смерцю. На той час ён пахаваў сваіх лепшых сяброў маленства Антося Самоту, Аўдзея Селіча, Сеню Голубава і разумеў, што вось-вось настане ягоная чарга. Хвароба навалілася нечакана і так даймала, што ад болю ён скрыгатаў зубамі. Выпрошваць абязбольваючыя пілюлі ў дактароў не ўмеў і не хацеў, скардзіцца таксама не жадаў. Патрымалі яго трохі ў бальніцы, абследавалі і выпісалі дахаты паміраць. Жонка не адыходзіла ад яго ні на крок, назаляла ўвагаю і спагадаю. Аднойчы, не маючы магчымасці трываць боль, Ленінка наўмысна спыніў гадзіннік і сказаў жонцы, каб ішла ў майстэрню ды паладзіла механізм.

Калі яна вярнулася, дык застала мужа ў пятлі. Вольга пасля ягонай смерці пражыла толькі паўгода і пайшла ўслед за Ленінкам. Яшчэ адна хата апусцела ў Лядах.

Цяпер самы старэйшы мужчына ў вёсцы Якім, дваюрадны Аўдзееў брат, яму таксама ўжо за восемдзесят. Ён цяжка хварэе. Нядаўна з-за гангрэны ампутавалі нагу, якую ён загадаў закапаць у магіле маці. Спадзяецца, што там яна будзе пад надзейнаю аховаю, аднак ведае: нагу забраў Іван Банадысін, якога ён некалі ўтапіў, каб ажаніцца з ягонай дзяўчынаю. Ці быў Якім шчаслівы з жонкаю, не ведае, не меў з чым параўноўваць, пражылі неяк абыякава. Яна таемна шкадавала Івана, што загінуў без пары, і кахала толькі яго. Якім усё жыццё сумняваўся, ці тую дзяўчыну ўзяў за жонку, вельмі ж халодная і злосная аказалася яна. Увесь час шукаў, чым падсаладзіць жыццё, еў шмат цукру, у выніку — дыябет, ад якого немагчыма вылечыцца, застаецца толькі пажыццёва калоць уколы: ужо ўсе сцёгны, як ён кажа, на дзірках, а іншага выйсця няма.

Клемава Вера дачакалася ўсё ж свайго Аверку з турмы праз трыццаць гадоў. Праўда, вярнуўся ён з жонкаю і сынам. Але аднойчы ўбачыў Веру, пачуў яе голас і не здолеў больш трываць. Развёўся з жонкаю, падаўся да каханай. Пражылі разам нядоўга. Замаркоцілася Вера, што чужую долю паламала, ды і памерла.

Антось Самота адышоў у лепшы свет на кані, з-за высокага ціску зваліў яго інсульт. Упаў ён на родную зямлю, як даспелы яблык, і болей не падняўся. Хавалі нябожчыка сонечным жнівеньскім днём. Якраз тады камбайн малаціў снапы ў дварах калгаснікаў. Уся вуліца была заслана свежаю саломаю. Па гэтым золаце і павезлі на могілкі Антося Самоту ў суправаджэнні жонкі, шасці дачок, мноства ўнукаў, родзічаў, суседзяў і аднавяскоўцаў.

Стэпка Сабакарова ўсё жыццё адпрацавала грабаром, капала зямлю, працуючы на будоўлі, ужо будучы на пенсіі, прыбілася да баптыстаў, стала добраю верніцаю, замольвала свае старыя грахі. Хаця ці можа быць грэшным каханне? Памерла яна ў сваёй аднапакаёвай кватэры, якая пасля яе смерці дасталася пляменніку.

Гэля Юстынава двойчы няўдала выходзіла замуж, выгадавала трох сыноў, да пенсіі працавала мулярам, на гэтай цяжкай працы на марозе, слоце ды гарачыні прызвычаілася да гарэлкі, спілася і заўчасна памерла. Такі ж лёс напаткаў і Люську Новікаву. Лёс даў ёй бацькоў п’яніц, яна пайшла іхнім шля­хам. У дзевяностыя гады з’явіліся ў Сіньгорадзе свае прадпрымальнікі, з Янавічаў. Былі яны ў маленстве моцныя, бы грыбкі. Так іх маці з замілаваннем называла. Выраслі яны, а мянушка засталася. Асноўны бізнес Грыбкоў складаўся з таго, што яны танна скуплялі кватэры ў алкаголікаў, даводзілі да ладу і прадавалі іх дорага. Трохпакаёвыя кватэры Г элі і Люсі памянялі на аднапакаёвыя, заплацілі гаспадыням трохі грошай, што дало падставы гэтым няшчасным жанчынам яшчэ больш піць і хутчэй сысці ў магілы.

Шура Хроімаў, які кахаў Люсю Новікаву, працаваў на будоўлі, хаця ў яго была адна мара — стаць кінамеханікам. Кожны вечар пасля працы ён бавіў час у кінабудцы з дзядзькам Мішам. Маці аддала Шуру ў прымы ў вёску, якая знаходзілася за возерам. Аднойчы ён апоўначы вяртаўся зімой напрасткі праз возера дамоў і праваліўся пад лёд. Знайшлі яго толькі вясною.