Бузюміха, нягледзячы на жыццёвыя мітрэнгі, аказалася доўгажыхаркаю. Пражыла амаль дзевяноста гадоў, пакінула шмат прыгожых унукаў і праўнукаў, ляжыць цяпер на кладах побач з мужам. Яе Анісім на фотаздымку — малады мужчына, яна — бабулька ў хустачцы.
Пакуль яшчэ ліпяць на свеце Таіса ды Луця Бабціна — дзве тутэйшыя доўгажыхаркі. Апошняя так і не выйшла замуж, жыве адна, маці яе даўно памерла. Пачуваецца яшчэ няблага, з-за самоты любіць пагутарыць з прадаўшчыцамі ў краме ці з гандляркамі на рынку. На лаўках ля пад’езда цяпер ніхто не сядзіць, таму Луця сноўдаецца па горадзе проста для таго, каб сустрэць каго з даўніх знаёмых, а іх з кожным годам робіцца ўсё меней. Таіса кволіцца, яе, як і раней, даймаюць хваробы, перанесла некалькі аперацый, пра якія гатова бясконца расказваць кожнаму сустрэчнаму, пільна сочыць за ціскам і рэгулярна п’е патрэбныя лекі, тым і трымаецца. Да яе прыходзіць два разы на тыдзень сацыяльны работнік, які трохі прыбірае ў кватэры і прыносіць патрэбныя харчы. Таму яна толькі ў вельмі добрае надвор’е выбіраецца з кватэры.
Многія людзі, якія некалі жылі ў бараку, разляцеліся па свеце. Сярод іх, кажуць, нямала знакамітых і добра ўладкаваных. Нямала хто застаўся ў горадзе. Жывуць годна, працуюць. Але ж хапае і тых, у каго не ўдаўся лёс, напрыклад, пра Вінчышку дайшлі весткі, што аднойчы, п’яны, ён абліў бензінам сваю жонку Маню і спаліў...
Кандратава хата ўсё яшчэ стаіць беспрытульная. Той няўдалы дачнік, які яе купіў, паехаў некуды на заробкі і як згінуў.
Своеасаблівым помнікам тым людзям, якія жылі тут, працавалі, кахалі, гаравалі стаіць сучасны Сіньгорад ды электрастанцыя. Горад, пры будаўніцтве якога пераплялося столькі чалавечых лёсаў, адбылося столькі самых розных падзей: сумных і светлых, як бывае ў сапраўдным жыцці.