Выбрать главу

Антак ачомаўся ў той момант, калі таксоўка прытармозіла збоч дарогі. Аказваецца, Перуновіч, думаючы пра сваё, машынальна лавіў машыну, каб усё ж дабрацца дамоў. Ва ўтульнасці салона, на заднім сядзенні, праз некалькі хвілін пачалі паколваць пальцы рук. Бо ён, выйшаўшы ад Светкі Літоўкі, у сваім паўзабыцці не нацягнуў пальчаткі.

—  Разатры, — пачуўся голас.

Антак няспешна і нязмушана павярнуў галаву ўлева. Побач з ім сядзела Г анэлька ў летняй, нязвычнай яго воку, сукенцы.

—  Балюча? — спачувальна спытала.

—  Не так, каб вельмі.

—  Пацярпі, зараз пройдзе.

—  Ведаю.

—  Калі хочаш, давай я сагрэю.

Хлопец недаверліва працягнуў ёй адну руку і адразу ж адчуў, як ад пазногцяў, з самых кончыкаў пальцаў пабегла цеплыня: лёгкая і прыемная.

—  Ну што, лепей?

—  Ага.

—  Вось бачыш, — паненка ўсміхнулася. — А ты, недарэка, думаў, калі мы ў нашым горадзе бяскроўныя, то ледзяшамі жывём... — яна крышку памаўчала, не выпускаючы далонь хлопца са сваіх рук. — Чаму так спалохаўся, калі пачуў ад Светкі пра краіну Продкаў? Кінуўся, нібы ачмурэлы, з гасціннай кватэры? Дзівак ты, Антак. Здаецца, пара табе да ўсяго прызвычаіцца. Вось жа не дзівішся, што побач з табою еду. А то пачуў ад іншага пра наш горад і запанікаваў, быццам жарабя перад землятрусам. Некаторыя пытанні не вымагаюць адказаў. Многае варта ўспрымаць як дадзенасць. Ва ўсім тваім душэўным раздраі добра адно: урэшце, Антак, ты пачаў задумвацца: хто ты (мы ўсе разам), адкуль і дзеля чаго? Навошта існуе горад у нябёсах? Згадзіся, без яго жылося б табе значна прасцей. Сам жа думаў пра гэта.

—  Не перабольшвай, — хлопец выслабаніў руку з далоняў Г анэлькі.

—  Я не перабольшваю, проста — ведаю.

—  Дазволь спытаць... — Антак прамовіў і ў тую ж хвіліну падумаў, а ці варта?

—  Смялей, Перуновіч, — падбадзёрыла дзяўчына.

—  Адкуль пра горад у нябёсах ведае Светка?

—  Усё вельмі банальна: яна нарадзілася з гэтым веданнем.

—  Як?

—  Калі маеш магутную, не збачэнскую генетычную памяць, то нікуды не падзенешся, а будзеш жыць у цесненькай сувязі з краінай Продкаў.

—  Чаму ж тады я так позна пабачыў Горад? І то, даруй Божа, у найцяжэйшую хвіліну, калі страціў роднага чалавека, сваю бабулю. Яна адзіная разумела і любіла мяне.

—  Вось-вось, яна і паказала табе горад, краіну Продкаў. Каб не зрабіўся аблудай на сваёй зямлі, не страціў назаўсёды Радзіму. Цяпер жа людзі нараджаюцца са слабой пупавінай.

—  І мая бабуля ведала пра краіну Продкаў? — у Антака перахапіла дыханне.

—  Так, заўсёды.

—  І бачыла горад у нябёсах?

—  Яна ў ім жыла, не пакідаючы хаты.

—  Чаму ж раней нічога мне не гаварыла?

—  Ты быў не гатовы для ўспрымання. Усяму свой час, дарагі хлопчык, — Г анэлька ўсміхнулася. Перуновіч заўважыў гэта крайком вока. Ці, як гаворыцца, бакавым зрокам.

—  Дарэчы, — Г анэлька цясней прытулілася да хлопца і асцярожна паклала галаву на яго плячо, — як толькі прыедзеш дамоў, уключы камп’ютэр — на тваёй электроннай пошце вісіць ліст ад Светкі. Не забудзься.

—  Не люблю Інтэрнет. Сусветная сметніца...

—  Навошта хлусіць і мне, і сабе? Часам ад манітора цябе хоць за вушы цягні, а не адарвеш.

—  Бывае, — нехацькі пагадзіўся Антак.

—  І яшчэ: не хвалюйся за Таццяну, яна народзіць здаровенькае немаўля. Яно ад першых сваіх дзён будзе ведаць пра краіну Продкаў, наш горад у нябёсах.

—  Ты ўпэўненая?

—  Абсалютна. Ага, ледзь не забылася. Не крыўдуй задужа на Юрку. Ён, па вялікім рахунку, ні ў чым не вінаваты. Ты разумееш, пра што кажу... Ды і адмерана яму няшмат, — Ганэлька ўтаропілася ў лабавое шкло таксоўкі.

—  Чаму прымоўкла? — лёгенька таргануў плечуком Антак. — Гаворыш пра ўсё так, быццам развітваешся са мною.

—  Развітваюся, даражэнькі, развітваюся, — дзяўчына выпрасталася, крышку пасунулася ад Перуновіча.

—  Не жартуй, а то спалохаюся.

—  Я сур’ёзная, як ніколі. І гэта не выбух эмоцый.

—  Патлумач.

—  Дужа доўга давядзецца гаварыць. Ды і наўрад ці будзе цікава табе. А калі некалькімі словамі, то калі ласка. З’явіўся новы чалавек тут, у вашым горадзе, які, як і ты некалі — стаў відушчым. Яму я патрэбная больш як табе. Ён разгублены і на мяжы самагубства.

—  А як жа твае словы пра каханне? — у грудзях Антака зараджаліся злосць і адчай. — Ты ж упэўнівала, што мы — адно цэлае. Ты — маё няспраўджанае каханне.

—  Не будзь эгаістам. Існуюць моманты, калі агульнае неабходна ставіць вышэй за асабістае. Я не гавару, што развітваемся назаўсёды, але ж і будучыні ў нас нямашака.

—  Не разумею...

—  Навошта прыкідвацца лупавокім ягняткам? Усё выдатна разумееш.

Перуновіч схапіўся за апошні, як яму здавалася, моцны і важны аргумент:

—  Ты ж абяцала сустрэчу з бабуляй. Не аспрэчвай, я помню.

—  Антачак, ну не гуляйся ў дзяцінства. Табе гэта ні на кропельку не пасуе. Будзь жа ва ўсім дарослы і сур’ёзны. А то яшчэ незнарок зарумзаеш ды слёзы па шчоках размажаш. Няма ў мяне насоўкі, а сам жа не маеш у кішэні.

—  Пра ўсё ты ведаеш, — буркнуў пад нос хлопец.

—  Хто ж, калі не я, — пагадзілася Ганэлька. — Наконт бабулі не перажывай. Яна кожны дзень з табою і над табою. Кожную часінку. Ты яе непераўзыдзены гонар і надзея. Яна слушна лічыць, што недарэмна пражыла на зямлі свой век, бо дапамагла табе стацца патрыётам. Чалавекам, якому дадзена шмат што бачыць, а яшчэ больш зрабіць.

—  Гануль! — Антак аж прыўзняўся на сядзенні, — а пазнаём мяне з чалавекам, які стаў відушчым. І табе не трэба будзе пакідаць мяне. Слухай, гэта ж геніяльны варыянт, га? Я дапамагу чалавеку зразумець і пабачыць, што падуладнае мне.—  Каб жа гэтак проста ўсё вырашалася...

Перуновіч пачуў, як цяжка і працягла выдыхнула Г анэлька. Яму ніякавата зрабілася за сябе, такога напорлівага няўцяміцу. Ажно наважыўся папрасіць прабачэння за сваю настырнасць, ды не паспеў. Ганэлька павярнулася да яго ўсім целам, каленькамі дакранулася ягонай нагі.

—  Антак, ніколі не прыспешвай падзеі. Тое, што павінна здарыцца, абавязкова будзе. Бо гэта не залежыць ад нас. Наконт жа чалавека, што стаў відушчым, скажу наступнае: раздарожжа ён абавязаны прайсці сам, пры ненадакучлівай маёй помачы. Ты ж яго напалохаеш. Толькі напалохаеш! І згубіцца ў чалавечым сухастойніку зазелянелы парастак.

—  А мо ты ўсё ўскладняеш?

—  Дарагі мой, не забывай: я з дня ўчарашняга бачу сёння ды зазіраю ўжо ў дзень заўтрашні.

—  Божа мой, паўсюль несусветныя складанасці. Каму гэта трэба? Дзеля чаго? Патлумач мне цёмнаму, калі ласка. Незразумела, як жыць і дзеля чаго жыць?.. — Перуновіч зірнуў у Анэліны вочы і ўгледзеў у іх бяздонне, у якім нельга было за штосьці зачапіцца.