Выбрать главу

Ды слушна людзі кажуць: чалавек — не сабака, які прывыкае і верна служыць толькі аднаму гаспадару. Прыцёрся за нейкія паўгода Антак да ўсяго новага. Нават не вядомы раней смак адчуў у трубнай вадзе і кураж — у агляданні панарамы з балконнай вышыні.

Толькі ж адным надвячоркам, якраз пры канцы красавіка, прыбегшы з пагулянкі дамоў, пабачыў у кватэры на падлозе нерухомую бабулю Куліну. Падклаўшы рукі пад галаву (як малое дзіця), яна нібы спала. Гэтае імгненне для Антака перакуліла Сусвет.

Памятае, калі мажная кабета з «хуткай» абыякава выпусціла са сваёй пульхнай, нібы надзіманай, рукі бабуліна сухенькае запясце ды, крывячы вішнёвыя губы-гадзюкі, працадзіла:

—  Тут святар патрэбны, а не медыкі, — і патупала, перастаўляючы ногі-калоды, да дзвярэй.

У тую ж хвіліну ў галаве Антака як быццам нехта нябачны пераключыў клыпажок-тумблер. Шчоўк. Для хлопца зрабілася ўсё абыякава, апанавала абсалютная пустата. Глыбокая, бяздонная, чорная, без аніводнага пробліску. Да цяперашняга дня, да вось гэтай хвіліны, калі крочыць па заснежаным тратуары, ён не помніць і пры ўсім жаданні не ўзгадае, як выйшаў тады з кватэры, дзе хадзіў, пра што ці пра каго думаў (калі толькі ён мог думаць у тыя гадзіны), але апамятаўся за горадам, там, дзе пачыналіся пагоркі будаўнічага друзу і смецця. Перад тым раптоўным прасвятленнем свядомасці Антак добра-такі выцяўся, спатыкнуўшыся аб пагнутыя пруты арматуры разламанай бетоннай пліты. Рэбры грудзіны аж увагнуліся ад удару, а з вачэй шугануў асляпляльны слуп святла. Распластаны на буграстай зямлі, з раскінутымі рукамі, як на роскрыжы, ён упершыню ўбачыў той, верхні горад, горад у нябёсах. Горад па-над горадам.

(Я, як і бабуля, — памёр, — першая думка ў галаве. — І зусім не страшна. Толькі чаму я адзін, і так нясцерпна баліць цела? Нешта не тое... Мёртвы чалавек не адчувае фізічнага болю. Гэта вядома і пяцікласніку. А па мне ж быццам бульдозер праехаў. Ломіць кожная костачка. І галоўнае: чаму я ўнізе, а незвычайны, чужы горад нада мною? Я ж ляжу на зямлі, — далонямі правёў па маладой траве сярод леташняга быльнягу. Пальцы намацалі дробныя каменьчыкі, высахлыя невялікія галінкі, указальны патрапіў на вастрыню раструшчанай шкліны. Націснуў на яе і войкнуў. Машынальна палец усунуў у рот, сасмактаў кроў. — Не, у нябожчыкаў кроў не цячэ і пальцы яны не рэжуць... Значыць я — жывы. Жывы! — усведамленне гэтага вырвалася з юначай глоткі крыкам, што нагадваў вокліч нованароджанага, які выходзіць з улоння маці ў новае і неабдымнае жыццё. Яно пазней, праз зімы і леты, ночы і дні сталення будзе не толькі лашчыць, але і няшчадна біць. Бо наша жыццё — не адно шчасця спазнанне, але часцей — пакуты і расчараванні, да якіх, як ні старайся прывыкнуць, ды да апошняга ўздыху так і не зможаш. Мо таму, што ведаем са школьнай парты: «Чалавек народжаны для шчасця, нібы птушка для палёту». Лухта! Жыццё — штохвіліннае пераадоленне ўсяго і ўсіх, урэшце, — самога сябе.) Але не пра гэта думаў у тыя хвіліны Антак:

«Нейкая вар’ятня, псіхушка, нонсенс: я жывы, ляжу на зямлі, вось ён побач — горад з домам, у якім наша кватэра, а нада мною — другі, нябесны горад, падобны, але не такі, да якога прывык.

Расплывісты і хісткі горад. Ён бачыцца як праз запацелае шкло. — Кулакамі цярнуў вочы. Праяснілася. І ўсё ж пабудовы, вуліцы, постаці людзей нагадвалі трапяткі міраж. — Цікава, а ў нашай вёсцы таксама існавала вёска над намі? І куды яна падзелася, калі ўсіх выселілі, а жыхароў параскідвалі па іншых паселішчах, мястэчках і гарадах. Мо і яна расплылася, распаўзлася лапікамі следам за ўсімі намі? І цяпер над маёй Асінаўкай можна бачыць зорнае неба. Ага, слухай, — гэта Антак сам да сябе. — Сапраўды, няма неба з аблокамі і зоркамі, нават бяльма поўні не выглядзець. Замест неабсяжнай прасторы — другі, нябесны верхні горад... »

(Вялікае шчасце, — гэта цяпер разумее Перуновіч, — што давялося яму ўпершыню пабачыць горад над галавою ў тым узросце, калі ўсё незвычайнае і парадаксальнае, тое, чаго не павінна быць, — успрымаецца як належнае. І верыш хутчэй сваім вачам, а не закасцянеламу дыдактызму мозга. Бо яшчэ не згублена першароднае адчуванне прыроды ва ўсіх яе праявах. Ды на падсвядомым узроўні, як кот ці сабака, успрымаеш — хто перад табою: Божае стварэнне з сарцавінай дабрыні ці погань, сатканая з нянавісці і збачэнстваў, вычварэнец у чалавечым абліччы. Значна пазней да кожнага (а мо і не) даходзіць: чалавек не ідэал, няма ў ім абсалютнага дабра, як і не можа быць вылюдка на сто адсоткаў. Калі хто не верыць — прыгледзься да сябе, зірні збоку на штодзённыя ўчынкі, прыслухайся да прамоўленых слоў, да патаемных думак, якія кіпневымі бурбалкамі булькочуць у галаве, і жахнешся, спалохана спахопішся ды ўрэшце зразумееш — не, ні ў чым я не лепшы за вунь таго бамбізу, які выцяў роднае дзіця за зламаную лыжку падчас абеду. Але, усё гэта пустое... Навошта ўскладняць і так няпростае жыццё... і палюбі іншага, як самога сябе. Больш дэбільнага выслоўя-закліку цяжка знайсці. Разам з мамантамі вымерлі тыя, хто быў здольны на такія ахвяры. А хутчэй за ўсё, іх і не існавала. Бо лепш за мяне, любага, няма. Ды сціхніце, не прыплятайце дзеля пустога доваду пакутніка Хрыста. Лепш яшчэ раз, больш уважліва і ўсвядомлена прачытайце Вялікую Кнігу. Вось тады і ўсумніцеся. Бо ўбачыце на першым плане эгаізм кожнага паасобнага «я».)

Антак прамінуў бязлісты сквер. У застыглых галінах ліп прыглушана падвываў вецер. Ён быццам прасіў некага дапамагчы выблытацца з абдымкаў голых ёмкіх галін і пусціць на вольную прастору. Але ратавальніка не знаходзілася, і вецер з кожнай хвілінай губляў надзею. І вось ужо ягонае выццё змянілася прыцішаным скавытаннем. Безнадзейным і адзінокім. Не адрываючы вачэй ад перамеценага снегам тратуару, хло¬пец прайшоў паўз прысадзісты будынак цырка з ілюмінаванымі транспарантамі, на якіх скалатнела ціснуліся адзін да аднаго ашчэраныя тыгры, мінуў перакрыжаванне дарог і завярнуў у прыцемнены завулак. Так бліжэй да прыпынку. Ранейшае жаданне прагуляцца паціху знікала разам з тым, як неадступна пачыналі ледзянець пальцы ног у адсырэлых ботах. Нават хуткі крок не саграваў...

«Хто ж знаходзіцца ў тым горадзе?» — даймала цікавасць юнака. Дзіўным і незразумелым было яшчэ і тое, што ён, лежачы на зямлі, бачыў верхні горад не спадыспаду, а быццам знаходзіўся ўсярэдзіне, побач з постацямі-зданямі, сярод туманова-мроістых будынкаў, бясшумных карэт, запрэжаных стаенна-выязнымі жарабцамі, і найноўшымі, не бачанымі ніколі, мадэлямі аўтамабіляў. Яны праслізгвалі міма без аніводнага гуку. Жыхары ж верхняга горада не ішлі, а плылі. Праўда, ногі перастаўлялі і мужчыны, і жанчыны, але не дакраналіся імі да люстэркава-гладкай паверхні вузкіх брукаваных сцежак. Так-так, сцежак, бо тратуары не маглі так пакручаста выгінацца і абмінаць пірамідападобныя слупы, квадратныя дамы, выскокваць на шырокія дарогі з машынамі ды конямі. І яшчэ Антака здзівілі ўсмешкі на тварах гараджан. Усе добразычліва ўсміхаліся ці то яму, прыхадню, а мо і адно аднаму. Кожны для ўсіх і ўсе для кожнага.

—  Хто яны? Навошта і адкуль? Чаму я адначасова тут і там? Адчуваю ж плячыма зямлю, пальцы рук перабіраюць травінкі, і разам з тым я сярод постацяў-зданяў. І таксама разам з імі плыву, а не іду па вуліцах без сметніц і выхлапных газаў. Мноства птушак навокал. Паўсюдна. Але ніводнай вароны».

І раптам Антак заўважыў прыгожанькую з твару дзяўчыну. Зграбную, як лялька, у старамодным строі. Яна стаяла каля ўваходу ў майстэрню па рамонце гадзіннікаў і таксама, прыязна ўсміхаючыся, пазірала на хлопца. Па гадах яна роўня яму. Хоць, скажыце, хто бярэцца вызначаць узрост у дзяўчат да дваццаці гадоў? Толькі неспанатраны і бяздумны рызыкант возьме на сябе такі ненадзейны чын. Знаўца жаночых загадак адмовіцца адразу.

Поўненькія вусны дзяўчыны варушыліся. Яна нешта гаварыла, звярталася да Антака, але ён не мог пачуць ані слова. Сітуацыя да смешнага нагадвала нямое кіно. Толькі вось хто глядач і дзе кінамеханік? — зразумець немагчыма. Усміхнуўшыся ў чарговы раз, дзяўчына няўлоўным рухам прачыніла дзверы ў майстэрню і знікла ў цемнаватым праёме. Хлопец толькі заўважыў, як дробненька задрыжэў увесь будынак. Нібы рабацінне ад кінутага каменьчыка прабегла па застаялай вадзе азярца.