Выбрать главу

—  Не. Толькі ж і ты супакойся, — Светка згрымаснічала, зморшчыла гармонікам нос. — Бачу, хлопец, ты начытаны. Кожны раз купляюся на твае выбрыкі. Ніяк не навучуся не патрапляць на твае закідоны. Як ні стараюся, а падчэпіш на кручок, як бязглуздую рыбіну ў мелкай рачулцы.

—  Проста, Светка, табе баліць, больш чым каму, праблема нацыянальнага самавызначэння, годнасці народа. Яна і мне баліць, але я не такі шалёны. Не крыўдуй, гэта кажу ў добрым сэнсе.

—  Размінка прайшла: 1/0 на тваю карысць. Цяпер можна брацца і за познюю вячэру, — Светка ўладкавалася па другі бок століка ў шыкоўным мяккім фатэлі.

—  Налівай, мужчына, па кроплі дзеля ўнутранага сугрэву і каб разняволіцца ды расцугляць язык.

Бурштынавы напой забулькатаў у кілішкі. Церпкаваты пах як павуцінка казытнуў у носе Антака. Яму падабаўся каньяк. Нават вельмі. Але ж нельга было і сцвярджаць, што без соткі гэтага гарманічна суаднесенага пітва ён не мог абысціся цягам сутак. Мог. Яшчэ і як. Толькі ж кожным разам саграваючы далонню пасудзінку з каньяком, хлопец больш наталяўся пахам, чым смакам.

Пілі няспешна і моўчкі. Някідкае святло таршэра і смак каньяку, сплятаючыся ў нябачную тканку позняга вечара, агортвалі душу невытлумачальным спакоем. Там, за вокнамі, віхурылася зіма, а тут, ва ўтульным пакоі, без лішкаў мэблі і з малочна-кававай чысцінёй шпалер на сценах, два чалавекі пачувалі сябе быццам на ціхаакіянскім востраве...

—  Закусвай, — спахапілася Светка, — рэкамендую сыр. Ну, проста казка. Можаш скрылёк яблыка пажаваць. Нашанскія, а не з Малдовы ці Польшчы. На Камароўцы ў вясковай бабулі набыла. Яна казала, што спецыяльнае земляное скляпенне мае для захавання яблыкаў. Бачыш, калі гаспадары хочуць, то ўсё могуць. І не трэба захімізаванай садавінай душыцца. Я гавару пра прывазную, якую нават чарвяк не точыць. Зірнеш на такія яблык ці грушу — здаецца, з парафіну зробленыя. Некалі падобныя цацкі прадаваліся для ўпрыгожвання навагодніх ёлак.

—  Ага, «прыгадала баба, як дзеўкай была».

—  Сёння, хлопча, ты быццам спецыяльна наравіш, стараешся мяне пакрыўдзіць. Навошта, Антак, у гасцях і так пра гаспадыню? Хутаранін ты неабгабляваны.

—  Я ж у думках сказаў... Як пачула, га?

—  Нягож, у думках. Апраўдвайся... Ці лепей — напачатку думай.

—  Супакойся, Светка. Я ж не са злосці, а ты ўжо на дыбкі.

—  Ведаю. Ты добры, і душу маеш светлую. Шкада — язык з калючкамі.

—  Абяцаю — выпраўлюся поўнасцю. Буду пай-хлопчыкам ва ўсіх адносінах і з усімі, а найперш, Свецік, з табою. Ніводнага колкага слова не выпырхне з маіх губ, а мозг не народзіць дрэннай думкі. За гэта яшчэ па кропельцы глытнём.

Яны зрабілі па некалькі маленькіх глыткоў. З боку дзвярэй, што вялі на балкон, павольна і ледзь улоўна для вока пагойдвалася фіранка. Нельга было зразумець: ці ад скразняку, альбо ад угрэтага ацяпляльнай батарэяй паветра. У прыглушаным асвятленні таршэра край фіранкі падаваўся жывой істотай, якая напружана вычэквала зручны момант для скачка з прыцемку ў прастору і асветленасць пакоя.

—  Не ведаю, з чаго пачаць, — парушыў хвілінную прымоўкласць Антак.

—  З самага пачатку, — скаламбурыла Светка.

—  Баюся, што няправільна зразумееш, — хлопец раздумваў, вагаўся ў рашэнні: варта працягваць ці наўмысна збочыць на нешта іншае, перавесці гутарку на звычайную штодзёншчыну.

—  Не ламайся, быццам нявеста перад выданнем, — падкалупнула сябрука Літоўка, — прамовіў «а», то гавары і «б».

—  Палічыш яшчэ, крый Божа, вар’ятам і да тэлефона кінешся.

—  А ты не адразу ў лоб, а спакваля, здалёк пачынай, — Светка, не хаваючы здзіўлення, пасміхнулася і падабрала ногі пад сябе ў фатэль. — З намі, жанчынамі, трэба асцярожна, беражліва, далікатна. Няўжо яшчэ такіх азоў не завучыў? У твае гадкі, дарагі, даўно пара ведаць, як да нас падступіцца.

—  Светка, хачу пагаварыць сур’ёзна, а ты на жарцікі ды кепікі паварочваеш. Вельмі ж тэма далікатная. — Антак задуменна зморшчыў высокі лоб з радзімкай над правым брывом. — Не хачу, каб пасля пачутага пачала пазбягаць мяне ці раіць запісацца да псіхіятра...

—  Ды ўрэшце пра што ты гаворыш? Пакуль не магу ўцяміць! Пра якое вар’яцтва, псіхіятраў талдычыш? Пачынай пра ўсё па парадку апавядаць, не рабі за мяне высновы, — Светка надзьмула губы, як дзіця, і сурова зірнула спадылба на госця.

—  Карацей, шаноўная мая Літоўка, над нашым зямным горадам, так, гэтым гора¬дам, у якім мы з табою жывём, існуе другі горад — горад у нябёсах. Вось як, — хлопец утаропіў позірк у суразмоўцу, чакаючы яе рэакцыю на толькі што пачутае.

—  Ну і што? Шхай сабе існуе.

—  Ты не зразумела. Я бачу гэты горад, нават быў у ім. Там у мяне ёсць знаёмая. Можна сказаць — сяброўка. Як яна запэўнівае — маё няспраўджанае каханне з мінулага. Цябе, даражэнькая, і цяпер нічагусенькі не здзіўляе? — Антак прыліп позіркам да Светчынага твару. Яна маўчала, не выказваючы ні здзіўлення, ні заклапочанасці, ніякіх зрухаў, ніводная рысачка не шалахнулася, і брывом не павяла. — Чаго маўчыш? Скажы хоць нешта.

—  Не адзін ты шчаслівы такі, каб бачыць краіну Продкаў.

—  Што? — Антак ускочыў з канапы і агаломшана застыў на месцы. Ягоныя губы бязгучна варушыліся. Ён быў падобны да нямка, які сіліцца вымавіць найпрасцейшае слова, толькі ж яно не даецца, а правальваецца ў прадонне гартані. Урэшце хлопец ледзь чутна спытаў: — Ты ведаеш пра краіну Продкаў, пра горад у нябёсах? — на твары ў небаракі змяшалася гама пачуццяў: ці то ён быў рады, ці наадварот — расчараваны ўшчэнт; не зразумець.

—  Сядай, а то стоячы нагадваеш гругана, — прамовіла Светка без усялякіх эмоцый.

Антак паслухмяна апусціўся на канапу. Ён у нечым зараз быў падобны да дзіцяці,

у якога дачасна выведалі сакрэт і не далі нечаканасцю здзівіць дарослых.

—  Не перажывай, — хрумснуўшы скрыльком яблыка, супакойвала Светка. — Мне шкада, што расчаравала цябе, парушыла веру ў тваю выключнасць і абранасць. Але ж, — жыццё поўніцца нечаканасцямі.

—  І даўно ведаеш пра той горад?

—  Гадоў з пяці, калі яшчэ вялізныя банты насіла на рэдзенькіх косках.

—  Увесь час бачыш горад у нябёсах, і ён не перашкаджае табе жыць? Не назаляе штодзённа? Можаш бачыць зоркі і месячык на небе, а не пабудовы і людзей-зданяў? Ну, раскажы, — ледзь не шэптам выдыхнуў Антак.

—  Не ўскладняй. Усё проста: трэба жыць бязгрэшна, адухоўлена, па прынцыпах людской маралі, без зайздрасці ў сэрцы, з цеплынёй ды спагадай у вачах, і жыхары з краіны Продкаў назаляць не будуць. Яны робяцца саюзнікамі і памагатымі ў тваім жыцці. Горад у нябёсах, як ты кажаш, гэта абсалют, ідэал, тое, што некалі існавала на безграхоўнай зямлі...

—  Зыходзячы з тваіх слоў, атрымліваецца, што горад у нябёсах — Біблейскі Рай. Я так разумею.

—  У нейкім сэнсе, — хітнула галавою Светка. — Але не блытай між сабою — бачнае і нябачнае. Краіна Продкаў — месца святых старэйшын. Асоб, якія дапамагаюць нам жыць і выжыць, не скаціцца ў апраметную. Яны карэкціруюць існасць няўлоўна і ненадакучліва.

—  Ага, дакарэкціраваліся! Чаму тады Чарнобыль ляснуў? Куды глядзелі твае старэйшыны? Колькі нашага люду ў зямлю сышло, па свеце разбеглася...

—  Не ўсё і ім па сіле.

—  Апраўдаць можна што заўгодна і каго заўгодна. Бачыш, і ў цябе вінаватых няма.

—  Просталінейнасць — не сястра ісціны. Не заўсёды на простае пытанне мы маем такі ж прасцецкі адказ. Усё значна складаней, Антак.

—  Добра. Чарнобыль не чапаем, — ад хвалявання ў хлопца заліло чырванню вушы. — Тады растлумач мне, недасведчанаму прасцячку: адкуль, з-за чаго такая бездухоўнасць, жывёльнасць у сённяшнім людскім асяроддзі. Асабліва ж сярод пакаленняў моладзі, сераднячкоў (нашых з табою аднагодкаў). Чаму ўсяму меркаю стаўся рубель... не, не рубель, а долар, еўра, залаты ланцужок з завушніцамі, іншамаркі апошніх мадэляў. На вуліцах вадзіцелі збіваюць пешаходаў на пераходных «зебрах», у небаракаў страляюць. Не перабівай, — Антак нахіліўся над часопісным столікам, — я пытаюся пра самае простае. А ты, мая Сівіла, патлумач хутараніну. Дык вось. З-за чаго на тэлеэкранах усіх, без перабольшвання, нас, гледачоў, нашпігоўваюць, быццам калядных гусяў, жорсткасцю і крывёю, гвалтам і забойствамі, нянавісцю адно да аднаго. І паўсюль закладваюць у падсвядомасць: каб табе выжыць — зніштож суседа, таго, хто побач, адбяры, украдзі, здрадзь. Толькі такія прынцыпы дадуць поспех у асабістым, прыватным жыцці. Дзе падзелася чалавекалюбства, самаахвярнасць? Светка, куды глядзяць твае (ці нашы) старэйшыны? Яны ж усё бачаць у сваім вышнім горадзе. Чаму хапугу і злодзею, беспрынцыповаму чынушу шэнціць, а сумленны і чысты душою чалавек працуе не пакладаючы рук, зарабляе на малако і хлеб? Чаму?