Выбрать главу

— Пайшлі!

На вуліцы добра марозіла, і мы не ішлі, а беглі. Я, стараючыся далёка не закідаць свае доўгія ногі, бег паперадзе. А Лідачка, ледзь паспяваючы, за мной. Адзін раз яна спатыкнулася і ледзь не ўпала. I схапілася за мяне. Я ўтрымаў яе і, як мацнейшы, як мужчына, потым ужо ўсю дарогу трымаў за руку. А на катку вучыў яе перш за ўсё ўпэўнена стаяць на каньках і падхопліваў, калі яна, палахлівая і няўмелая, гатова была вось-вось упасці на лёд. I калі яна, з баязлівым смехам, усё ж падала — то, шчаслівы, я паднімаў яе і зноў, як малую дзяўчынку, моцна трымаў за руку, не адпускаючы ад сябе ні на крок.

I як я ганарыўся сабою! Што вось я такі вялікі і дужы, што я мог бы не толькі вадзіць яе за руку, а нават здолеў бы падняць яе на рукі і кружыцца з ёю на руках і выпісваць якія хочаш фігуры пад музыку:

Сердце, как хорошо на свете жить…

Аднак на гэта ў мяне адвагі не хапала. Ды і невядома было, як бы яшчэ Лідачка паглядзела на гэту маю адвагу. Яшчэ раззлавалася б і больш ніколі не пайшла б са мною. А так — мы ўсю тую зіму хадзілі з Лідачкаю на каток удваіх. I яна ўжо сама мяне звала і чакала, калі я не паспяваў вывучыць урокі ці быў чым-небудзь заняты.

Мама і Даша смяяліся з нас: «Пажэнім Андрэя з Лідачкаю…» Смяялася з імі і Лідачка. А я толькі чырванеў, злаваўся, але ніколі не адмаўляўся.

Мне ў тую зіму неяк вельмі лёгка і незвычайна радасна жылося на свеце. I мама пакінула скардзіцца на мяне. I ў школе я ні з кім ні разу нават не пабіўся, нікога не пакрыўдзіў, слухаў настаўнікаў і вучыўся добра. З устойлівых сераднякоў я раптам вырваўся амаль у выдатнікі і надзейна замацаваўся ў іх непахісным авангардзе… А ўжо што я вырабляў на ўроках фізкультуры, якое «сонца» круціў на турніку, якімі «хрысціўся» гірамі… Ад нараджэння я быў хілым і нязграбным хлапчуком, з вузкімі плячыма і грудзьмі, як у кураняці. А тут мне раптам захацелася стаць дужым і прыгожым! Стаць такім асілкам, пра якога ўвесь горад ведаў бы і гаварыў. I не проста асілкам, які б варочаў бярвенне ці там нейкія мяхі жыта… У марах я бачыў сябе да таго ж яшчэ і рыцарам. Я вельмі яскрава ўяўляў сабе, як позна вечарам вяртаецца з чытальні Лідачка, а на Чортавым мосціку ёй заступае раптам дарогу нейкі п’яны дурань… Ды што там п’яны. П’янага і адным пальцам можна сапхнуць у ваду! Некалькі бандытаў заступілі Лідачцы дарогу… I як яна напалохалася, як кінулася бегчы! Але куды ты ўцячэш ад гэтых жалезных ручышчаў. Лідачка просіць, моліць, плача… А гэтыя бандыты толькі выскаляюцца… Ну добра ж! Вы ў мяне зараз павыскаляецеся? I — р-раз! — маланка ў вачах і брык цераз парэнчы ў ваду! Адзін… I — р-раз! — другі… I — р-раз!.. Каму яшчэ смешна? Табе, гад?.. Атрымлівай! I табе?.. На і табе!.. Усе? Бывайце і ўспамінайце, з кім мелі справу… А Лідачка… Ну, не плач, не плач! Калі я тут — дык чаго ж плакаць?.. Ах вунь што — яна звіхнула нагу, яна зусім не можа ступіць… Ну, бярыся за шыю. Мацней, мацней! Мне не цяжка! Мне зусім не цяжка. Ты ж — як пушынка. Як пярынка ўсё роўна. Ты толькі трымайся мацней, і я цябе вось так данясу да самага нашага дома.

Як цудоўна быць дужым і смелым і высакародным!

…Мама ў тую зіму зусім не скардзілася на мяне. Яна дзівілася толькі.

— Не пазнаю я свайго Андрэя, — гаварыла яна пра мяне Дашы і Лідачцы. — Ці даўно было не прымусіць яго памыць шыю і вушы… А зараз ад люстра не адходзіць… Сяк-так сабрала грошай на чаравікі, дык баюся, што ён парве іх, ваксуючы па дваццаць раз.

А я і сапраўды хацеў быць не толькі дужым, але і прыгожым. Я хацеў падабацца Лідачцы… Хацеў, каб ёй было гэтак жа радасна глядзець мне ў твар, як мне самому — на яе… Ах, які я быў шчаслівы і высакародны ў тых сваіх падлеткавых марах і парываннях!

…Але прыйшла вясна. Пачарнеў, змізарнеў і, нарэшце, узняўся ў неба лёгкім воблачкам наш каток — і разам з гэтым воблачкам быццам адляцела кудысьці ў нябачную далеч і Лідаччына зімовая прыхільнасць да мяне.

Ужо даўно зелянелі надрэчныя лугавіны, ужо адцвіталі сады і буяў у квецені бэз, як аднойчы, схапіўшы па алгебры «дрэнна» (з выдатнікаў цяпер я вельмі імкліва каціўся ўніз па нахіле да той мяжы, за якой, здзекліва выскаляючыся, то паказвалася, то зноў хавалася другагодніцтва), адзінокі і нікому не патрэбны, брыў я па тым самым Чортавым мосціку, з якога некалі зімою, у марах сваіх, нёс я на руках аж да самага нашага дома Лідачку…

I раптам я пачуў смех! Знаёмы смех, якога дома ў нас я, аднак, ніколі не чуў. Дома ён проста гучаў, дома ён быў проста смехам. А тут! Тут ён бруіўся недзе з самай глыбіні грудзей ці, можа, з самага сэрца… Лідачка ішла насустрач мне з прыгожым хлопцам. Я гэта адразу ўбачыў, што ён прыгожы. У яго было ўсё прыгожае: і твар, і валасы, і пастава. I ён курыў!