Выбрать главу

Сонца ўжо хiлiлася на захад, калi я выйшаў у поле. А неўзабаве сустрэўся з Валекам. Ён хутка iшоў у бок лесу, падпiраючыся доўгiм кiем.

- Куды ты? - спытаўся я.

Ён не ўцякаў ад мяне. Спынiўся i, паказаўшы жоўтай ручкай на лес, цiха сказаў:

- Далёка!..

- Хутка ноч будзе, вяртайся дахаты.

- Але ж матуля хочуць мяне страшэнна адлупцаваць...

- Хадзем са мной, дык не адлупцуе.

- Ой, адлупцуе!..

- Хадзем, будзеш бачыць, што нiчога не зробiць, - сказаў я, падышоўшы да яго.

Хлопец адступiўся, але не ўцякаў; мне здалося, што ён вагаецца.

- Ну, хадзем...

- Але ж баюся...

Я зноў наблiзiўся, а ён - адступiўся. Гэтае ваганне ды адступанне раздражнiла мяне. Там Лёня ягад чакае, а ён таргуецца са мной?.. Няма ў мяне часу на гэта.

Я хутка пайшоў у бок маёнтка. Засталася ўжо, мусiць, палавiна дарогi дахаты, калi я азiрнуўся i ўбачыў Валека на ўзгорку каля лесу. Ён стаяў са сваiм кiем у руцэ i глядзеў на мяне. Кашуля яго развявалася на ветры, а падзёрты капялюш блiшчаў ад нiзкага сонца, нiбы агнiсты вянок.

Штосьцi кранула мяне. Я прыгадаў, як парабкi падгаворвалi яго, каб узяў кiй ды iшоў у свет. Няўжо ж ён так i зрабiў?.. Не, не такi ўжо ён дурань. Зрэшты, няма мне калi вяртацца да яго, бо чарнiцы падушацца, а там Лёня чакае...

Лётам прыбег я дахаты, каб перасыпаць ягады ў кошычак. На парозе Зося павiтала мяне - горкiм плачам...

- Што з табой?..

- Бяда, - шапнула сястра. - Усё выйшла наверх... Панi звольнiла тату...

- Зося, што ты гаворыш?.. Што з табой?..

- Праўду я гавару. Татка ўжо звольнены. Лёня па сакрэту сказала гувернантцы пра тую асу, а гувернантка - сказала панi... Калi тата прыйшоў у палац, панi загадала, каб ён неадкладна завёз цябе ў Седльцы. Але татка сказаў, што мы паедзем усе разам...

Зося страшэнна расплакалася.

У гэты момант я заўважыў бацьку на двары. Пабег насустрач яму i задыхана кiнуўся да ног.

- Татка, родненькi мой, што ж я нарабiў! - шаптаў я, абнiмаючы яго за каленi.

Бацька падняў мяне, пакiваў галавой:

- Дурны ты. Iдзi дахаты.

А потым сказаў, як быццам сам сабе:

- Тут iншы майстар ёсць, якi нас адгэтуль выганяе, думаючы, што стары ўпаўнаважаны не дазволiў бы яму прайграць маёнтак сiраты. I мае рацыю!

Я здагадаўся, што ён гаворыць пра жанiха нашай панi. На сэрцы ў мяне палягчэла. Пацалаваў бацькаву шорсткую руку i сказаў трохi смялей:

- Бачыце, татка, мы ў ажынах былi... Лёню ўкусiла аса...

- Сам ты дурны, як аса. Не братайся з панянятамi, дык i не будзеш паляваць на восаў i не сапсуеш портак у сажалцы. Iдзi дахаты i не вылазь мне за парог, пакуль усе адгэтуль не выедуць.

- Яны выязджаюць? - ледзь прашаптаў я.

- Едуць днямi ў Варшаву, а вернуцца, калi нас тут ужо не будзе.

Вечар прайшоў сумна. На вячэру былi выдатныя клёцкi з малаком, але нiхто з нас не еў iх. Зося выцiрала чырвоныя вочы, а я строiў адчайныя планы.

Перад сном я цiха зайшоў у сястрын пакой.

- Зося, - сказаў рашуча, - я... павiнен ажанiцца з Лёняй!..

Яна зiрнула на мяне спалохана.

- Калi? - спыталася.

- Усё роўна.

- Але ж цяпер ксёндз-пробашч не павянчае вас, а потым яна будзе ў Варшаве, а ты ў Седльцах... Зрэшты, што тут сказаў бы татка, панi?..

- Бачу, што ты не хочаш мне дапамагчы, - адказаў я i, не пацалаваўшы яе на развiтанне, пайшоў.

З таго моманту я ўжо нiчога не памятаю. Мiналi днi i ночы, а я ўсё ляжаў у ложку, каля якога сядзелi або мая сястра, або Вайцехова, або фельчар. Не ведаю, цi гэта пры мне гаварылi, цi толькi мроiлася так, што Лёня паехала ўжо i што Валек недзе прапаў. Раз нават здалося, што бачу я над сабой заплаканы твар пасуднiцы, якая, плачучы, пытаецца:

- Панiч, а дзе вы бачылi Валека?..

Я?.. Валека?.. Нiчога я не разумеў. Але потым мне ўявiлася, што рву ў лесе ягады, а з-за кожнага дрэва на мяне глядзiць Валек. Я клiчу, а ён уцякае, ганюся за iм, але дагнаць не магу. Калючыя кусты хапаюцца за мяне i адпiхаюць, ажыны аблытваюць ногi, дрэвы танцуюць, памiж аброслых ствалоў мiльгае шэрая хлопцава кашулiна.

Часамi мне здавалася, што я сам Валек, а потым, што Валек, Лёня i я - адна асоба. Прытым заўсёды бачыў я лес або густы хмызняк, заўсёды нехта клiкаў мяне на дапамогу, а я - не мог скрануцца з месца.

Страшна ўспомнiць усе тыя пакуты.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Калi я ўстаў з ложка, быў ужо канец вакацыяў, трэба было ехаць у школу. Некалькi дзён я прасядзеў у кватэры i толькi напярэдаднi ад'езду, адвячоркам, вылез на двор.

Вокны ў палацы былi заслонены шторамi. Значыцца, яны i сапраўды выехалi?.. Я пайшоў да кухнi, шукаючы Валека. Яго не было. Я спытаўся пра хлопца ў нейкай дзяўчыны.

- Ой, панiч, - адказала яна, - няма ўжо Валека...

Я пабаяўся распытваць далей. Пайшоў у парк.

Божа, як тут маркотна... Бяздумна валачыўся я па сцежках, вiльготных ад нядаўняга дажджу. Трава пажоўкла, сажалка яшчэ больш зарасла, у чоўне поўна вады. На галоўнай алеi стаялi вялiкiя лужыны, у якiх адлюстроўваўся змрок. Зямля чорная, ствалы дрэў чорныя, голле абвiсла, лiсце вяне. Сум раздзiраў душу, з глыбiнь яе даставаў то такi, то iншы цень. То Юзя, то Лёнi, то Валека...

Раптам павеяў вецер, верхавiны дрэў зашумелi, з разгайданых галiн пачалi ападаць вялiкiя, як слёзы, кроплi. Бог сведка, што дрэвы плакалi. Не ведаю, цi нада мной, цi над маiмi сябрамi, адно напэўна - разам са мною...

Было ўжо цёмна, калi я выйшаў з парку. У кухнi парабкi вячэралi. За кухняй у полi я ўбачыў жаночую постаць. Пры нясмелым святле, што аплывала на зямлю з яснейшай палоскi аблокаў, я пазнаў пасуднiцу. Яна глядзела на лес i мармытала:

- Валек... Валек!.. Хадзi ж дамоў... Колькi ты гора мне нарабiў, ох, нягоднiк, нягоднiк...

Лётам уцёк я дахаты, бо думаў, што сэрца маё разарвецца.