Выбрать главу
Ворагі, убачыўшы марнасць атакі, Зноў акрыялі і сэрцам спачылі; Рушылі разам на князя крыжакі — Дзіды, як лес, навакол акружылі. А ён ці змогся, ці з страху нямее, Браць іх на шчыт і на шаблю не ўмее. Цяжка было князю цэлым застацца: Дзідамі колюць, цаляюць мячамі… Але літоўцы паспелі прарвацца — Коньмі бароняць яго, бержышам: Хто сваім целам яго засланяе. А хто ударам удар адхіляе.
Ноч прамінае, і золак ружовы Водбліскам ззяе на белі аблокаў, А бой трывае ўсё беспаспяхова — Ні ў зад ні ў перад не зроблена кроку. Бог перамогі ўзважваў сурова Лёс двух народаў паклаўшы на шалі Кроў іх. А шалі на мейсцы стаялі.
Так бацька Нёман, калі яго воды Стрэнуць у Румшышках скал аграмаддзе, То іх абдыме, у шуканне абходу, То завіруе, грудзмі на іх падзе; Скалы ж стаяць нерухома, упарта, Націск прымаючы хваляў і гоман: Ні тыя скаля пазбавяцца гарту, Ані саступіць ім рэчышча Нёман.
Войска крыжакаў у схове на горах Хіба чакала, сачыла падзеі; Справы іх дрэнь, і не вытрымаў вораг: Рушылі немцы, сам комтур вядзе іх. Змялі літоўцаў, пасеялі сполах, Строй іх зламаны, што хвілю радзее. Раптам, калі ўжо на ўцёк павярнулі, Чорнага рыцара голас пачулі.
Вочы ўсіх у яго былі ўпяты, Стаў на кані, як над снежнай гарою Распрасцiрае шырокія шаты Хмараю чорнай калматая хвоя; Так яго плашч чорны, шлем яго, латы, Конь вараны — выглядаў той парою. Тройчы ён крыкнуў, і падомны грому Грозны быў голас, нязнаны нікому. Дапаў да немцаў і ў тлуме знікае. Бою не ўбачыш, толькі крык ды стогны, Ды бліскавіцаю хуткай мільгае, Сеючы смерць вакол меч ягоны: Там шышак знікае, а тут шлем упадзе — Вораг змяшаўся, пануе бязладзе.
Так лесаруб. Калі ён у гушчэры Валіць дубы, дык далёка-далёка Чуецца рэха удараў сякеры. А лесаруб сам схаваны ад вока — Бачыш, як кроны, што ўзняты высока, Хіляцца долу над пушчаю шэрай; Так, насякаючы з немцаў шаломы, Рыцар к літвінам спяшаў незнаёмы.
Рыцар, спяшайся! Не позна, магчыма, Дух войска ўзняць, бо бяда ўжо і гора Стрэлы літвінаў, не прайшоўшы міма. Дзіды, шчыты і мечы — не апора, Моц іх зламана, і комтур вачыма Прагна шукае ўжо Літавора; Знайшоў. Абодва коней сваіх шпораць, Хутка жалезам яны загавораць.
Літавор шаблю высока ўздымае, Выстраліў комтур са зброі шалёнай, Літвіны дрогнулі,што іх чакае? Выпала шабля ў князя з далоні, Повад здранцвелай рукой не ўтрымае, Цісне шалом на знямелыя скроні. Покуль Літва з дапамогай паспела, З сядла схіляецца князева цела.
А чорны рыцар, як хмара. Што ў ночы Б’е, наляцеўшы пярунам і градам, Гэтак на комтура раптам наскочыў, Што і не ўправіўся комтур з нападам — Мгненне, і комтур ляжыць пад нагамі, І топчуць коні яго капытамі. Рыцар-туды, дзе над князем дваране Нізка схіліліся. Рыцар здымае Княжацкі панцыр, крывёй фарбаваны, Кулі варожай след разглядае. Кроў зноў пацекла з адкрытае раны, Тут князь ад болю крыху апрытомнеў, Вочы адплюшчыўшы і нешта прыпомніў; Зноў апускае на вочу прыбліцу, Воінаў прэч ад грудзей адпіхае, Рымвіду знак даў ніжэй нахіліцца: «Скончана» шэпча, на момант сціхае, Потым зноў кажа: «Хавай таямніцу… Мяне ж ніхто не ўратуе ад смерці… У замак вязіце, хачу там памерці».
Поглядам Рымвід яго працінае — Верыць, не верыць-вачэй не адводзіць, Але сляза яму свет засланяе, Ледзьве не млее, пот скроні халодзіць. І пазнае не пазнае ўчора: Гэта не голас. Не твар Літавора.
Рыцар тым часам, паводдзі старому Рымвіду даўшы, схіліўся да пана, Коні сказаў павярнуць у бок дому, Потым, далонню заціснуўшы рану, Князя абняў. Паімчаліся трое З хуткасцю ветру дарогай лясною.
Каля сцен горада стрэлі прыгоду: Людзі прыйшлі прывітацца з панамі. Ціха мінуўшы натоўпы народу, Ехалі моўчкі да замкавай брамы, Не сустракаючы больш перашкоды. Тут вартавым загадаў рыцар строга, Каб не пускалі за імі нікога.