Выбрать главу
Але ж каторага вініць тут бога, Што князь слабы? Хоць ворагаў ён гоніць І спрытна б’е, ды не забіў нікога. Па панцырах мячом бяссільна звоніць, А меч саслізгваецца раз за разам І не трапляе ці кладзецца плазам.
Дык немцы бачаць, што ўцякаць не варта, Адважна падымаюць крык вялікі, Вяртаюцца, стаяць на месцы ўпарта, На князя лесам настаўляюць пікі. А ён ад страху больш знясілеў быццам, Не можа ад напасці той адбіцца.
І галаве яго не быць бы цэлай: Тэўтоны насядаюць, б’юць, страляюць, Але раптоўнаю атакай смелай 3 бяды ліцвіны князя вызваляюць: Той князевы памылкі папраўляе, Той ад мяча сабою засланяе.
Мінае ноч, зары ружовай косы На ўсходзе раскладаюцца ў хмурыне, Віруе бой, людзей ляжаць пакосы, І што далей, то больш і больш іх гіне. А бог вайны змагання важыць лёсы, Бярэ крывёй даніну з кожнай смерці, І шалі ўсё стаяць на той адметцы.
Так Нёман, бацька наш ласкавы, дбалы, Сустрэўшы румшыцкага велікана, Рукою мокрай абхіне завалы, Капае дно і дзьмецца ўсхвалявана. А той, баронячыся ад навалы, Плячмі цяжар стрымоўвае старанна. Не рушыцца скала з рачнога ложа, І рэчка каменю ўступіць не можа.
Дык немцы, каб дабіцца перамогі, Апошніх ратнікаў з гары з запасу Кідаюць на Літву ў парадку строгім. Вядзе сам комтур баявую масу На аслабелых з ран і ад знямогі I, перастроіцца не даўшы часу, Ламае строй, вядзе у ім барозны…
Ды раптам крык з гары пачуўся грозны.
Адразу ўсе ў той бок кіруюць вочы. Там рыцар быў. І як з лясной яліны Шырокім ценем стройных кос жаночых, На снег кладуцца чорныя галіны, Так чорны плашч адзеў яго ў змрок ночы, Бо чорны быў і шлем, і конь былінны. Ускрыкнуў тройчы, рынуўся ўніз громам, Ды з кім, супроць каго ён — невядома.
Дабег да немцаў і ў натоўпе тоне. Не ўбачыш бітвы, але грукат, крыкі Падказваюць, дзе ў жудасным разгоне Грыміць мяча яго пярун шматлікі. Там знікне шлем, там стройны сцяг абсядзе, І раць бяжыць на ўсе бакі ў бязладдзі.
І як у цёмнай пушчы лесарубы, Калі б дзялянку высекчы жадалі, Пашлюць сякеры ў ход і пілаў зубы; Глядзіш, там-сям вярхі дрэў пазнікалі, А ў просеках паклаліся пні ў зрубы, І ўбачыш і людзей, і бляск іх сталі — Вось так, між немцаў высекшы праломы, К Літве выходзіў рыцар незнаёмы.
Спяшайся, рыцар, ажыві адвагу, Знямоглых падмацуй, ратуй ад гора! Бо немцы здабылі ўжо перавагу — Ліцвінам пікі болей не апора, А комтур той крывёй патоліў смагу І ўжо шукае ў полі Літавора. Аж вось абодва павярнулі коней І ўжо збліжаюцца на ўсім разгоне.
Кяязь Літавор падняў свой меч для ўдару, А комтур пальнуў з перуновай зброі. Хвалюецца Літва, праз дыму хмары Глядзіць на князя ў страшным неспакоі. На жаль, не біцца ўжо табе, ўладару! Пусціў паводдзе, меч апаў з рукою, А сам з сядла сплывае на дарогу, Ды тут бягуць яму на дапамогу. Ускрыкнуў чорны муж і чорнай хмарай, Сыпнуўшы вокал перуновым градам, Рвануўся да забойцы з грознай карай. Ледзь толькі з першым стрэліся нападам, Умомант комтур на зямлю злятае, І конь над ім узвіўся капытамі.
Да князя праз натоўп усхваляваны Падскочыў рыцар, рве зашчэпкі латаў, Здымае панцыр, кроўю сфарбаваны, Знайшоў прастрэл, ды ледзь яго пакратаў, Як кроў нанова палілася з раны. Свядомасць князева святлее з болю, Ен здзіўлена глядзіць на наваколле І зноўку хоча шлемам засланіцца. Сказаў пайсці ўсім прэч, хто тут сабраўся, А Рымвіду загад даў нахіліцца. «Канец ужо мне, — ціха адазваўся, — Не руш грудзей, шануйце таямніцу. Няма ратунку, бачу, мне ад смерці, Вязіце ў замак — там хачу памерці».
Глядзіць і дзівіцца стары ваяка, Не верыць сам сабе, дык зрок узносіць, Руку ўпускае, над якою плакаў, Уздрыгвае, лоб пот халодны росіць. Цяпер пазнаў ён голас, чуты ўчора. Ою гэты голас быў не Літавораў!
Тым часам рыцар Рымвіду ў трывозе Паводдзе кінуў, зноў прыпаў да пана, Сказаў, каб коней кіраваў к дарозе, А сам, абняўшы князя ўсхвалявана, Заціснуў рану на грудзях рукою, Даў знак, і ўтрох імчацца з поля бою. А вунь і горад, замка камяніца, Народ цікаўны выбег на спатканне, А тыя шпораць коней, каб прабіцца Хутчэй, і, між агульнага маўчання, Спяшаюцца за мурам зачыніцца. Спусцілі мост і загадалі строга Не выпускаць і не ўпускаць нікога.