Сабака зноў павярнуўся да гаспадара — адно і тое ж слова, пачутае некалькі разоў, мабыць, насцярожыла яго: можа, каманда якая. Не, гаспадар сунуўся як нежывы і, здаецца, ніякага жадання да яго, сабакі, не меў.
Тым часам і хутар паказаўся — чорныя плямы на іскрыстым, блакітным палатне. Чалавек спыніў хаду. Куды я іду? Навошта я там?
Спыніўся і сабака, лёг на снег і стаў выгрызаць між пальцаў намёрзлыя лядзяшкі. Падхапіўся, бо гаспадар патупаў далей. На сабаку на поўсці льсніліся сняжынкі — бы тыя зорачкі на небе, не змяніўшы памераў, апалі на яго.
Ціха, чыста, светла было на двары, што на небе ад зорак. Чалавек адчыніў дзверы ў пуню — цемната, хоць вока выкалі, і ён ступіў у гэту цемнату, як у магілу. Дзверы, зачыніўшыся, схавалі ад яго святло і зоркі. Можа, з мінуту стаяў нерухома, адна думка калола яму свядомасць: «Як цяпер жыць?» Раптам здалося, што пасвятлела ў вачах, — падняў галаву: у самым вільчыку, са шчыліны між шыферам свяціла буйная зорка, блішчала, хіталася, акурат яблык. Ён намацаў лесвіцу, па якой лазілі на вышкі па сена, і пабраўся ўверх... Зорка то хавалася з вачэй, то зноў паяўлялася, рэзала вочы. Сена каля праёма было выбрана, і ён стаў на пераплеценыя лазою жардзяныя латы — святло са шчыліны шабельнаю палоскаю ўдарыла яму па галаве і плячы — белым камяком снегу засерабрылася скроня: шапку чалавек трымаў у руцэ, потым выпусціў яе, і яна паляцела ў праём. Уздыхнула ўнізе карова.
Чалавек расперазаў дзягу, зрабіў пятлю і прывязаў канец за крокву, каля самай зоркі. Прыпадняўся на дыбачкі, аж хруснула ў крыжы.
...Па шыферы пайшоў трэск, канула ў цемру зорка, а белую скроню закрыла чорная паска дзягі.
Уранні, яшчэ на цёмнай зары, тужліва завыў на двары сабака — і тое ж імгненне расчыніліся ў хаце дзверы.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
— Мамы няма — у дзядзюша Івана, ён закалоў кабана, — сказала Зіна, калі мы, здавалася, ужо ўсё абгаварылі. — Вадзік у Зялёным — кажуць, ён п’е... — Яна была як нежывая, рыхтык мумія, прыгнечаная, вочы глядзелі міма мяне, на вокны, з тугою і нейкаю старэчаю асуджанасцю. — Есці хочаш? Ой, што я пытаю!..
Зіна заўсягды, колькі помню, была ўважлівая да гасцей, хваравіта чулая да іх просьбаў. Можа, таму да іх, Драздовікаў, часта наязджаў начальнік міліцыі, нібыта далёкі сваяк. Неяк быў (пасля кастрычніцкай дэманстрацыі) і дырэктар філіяла.
Зіна дастала з печы і паставіла на стол боршч з зялёных памідораў, утушаную з індычацінаю бульбу — дыміла густою параю. Наліла мне калінавай настойкі і сабе ўпліснула кроплю — дзеля гасціннасці. Нават яна, гэта пякучая, бы перац, настойка не разбудзіла мой апетыт: я нехаця сёрбаў зачэрпістай драўлянай лыжкаю боршч.
— Калі нясмачна — не еш, — сказала Зіна вельмі непасрэдна, і мне, як заўсягды, здалося, што толькі адна яна ў свеце жыве па законах прастаты і даверу, а не самалюбства.
Утушаная бульба, мяккая, хрупяная, была такая смачная, што міжволі прасілася да рота; кавалачкі індычаціны, падсмажаныя да чырвані, духмянілі самым салодкім, які існуе, водарам вясковае беларускае стравы. І тым не менш уся гэта сідня за сталом была для мяне пакутаю і ніяк не асалодаю. Яна, асалода — ведаў здаўна, — была заўсягды там, на полі, парослым на ўскраінах дробным хмызняком і куртатымі, як венікі, бярозкамі, а таксама ў лесе, сцішаным і здранцвелым у зімовай пакорлівасці лёсу.
Я і папрасіўся ў Зіны туды — на старыя сцежкі. Яна, падобна, узрадавалася: мусіць, ёй было прыемна думаць, што тут, у гэтым краі, і мне ёсць нешта дарагое. А можа, думалася ёй інакш: што я аб нечым незваротным шкадую, — і тады яна, мабыць, бліжэй да праўды. Так ці іначай, я ўзяў, бадай, дзеля прыліку знаёмую мне ламачыну-бярданку і выйшаў на двор. Босы, згледзеўшы мяне на ганку, завішчэў і стаў падскокваць ад радасці. Я лёгенька патузаў яго за мяккае, бы шкумат, вуха, а ён пастукаў мне хвастом па нагах — мы паразумеліся, але адно да... весніц. Я выйшаў з двара, а Босы спыніўся і апусціў хвост. Я пасвістаў яму, пакратаў пальцамі. Сабака глядзеў на мяне як на дзівака: «Ці я табе дурная курыца, што ты маніш мяне, быццам зерне сыплеш?» Я вярнуўся ў хату, па дарозе лісліва правёўшы далоняю Босаму па спіне, папрасіў у Зіны хлеба.