Помню, на падсочцы рабіў. Адборнікам шчоўк ды шчоўк ля сосен... каб смала цякла. А Рыпіна з Бакунавіч ету смалу выбірала з прыёмнікаў... Тожа маладая баба, удава, ці не двое дзетак у яе. Мужык спіўся і падох у лужыне, як сабака. А баба красівая, ногі такія таўстыя... лыткі во па гарлачу. Ну, ета самае, каб не бегаць двору, з сабой бярэш чаго перакусіць. Кусануў якога сала з хлебам, гурок, дый ладна. А тут і граза нахвацілася, ды такая, што сосны хадуном ходзяць, гнуцца... ну трава, і ўсё. Вада валам пайшла, па кароўскіх сцежках асабліва. Я ў імшанік... там бочкі-дошкі ўсякія, сталы, дзе смалу ачышчаюць, стаяць. Сядзіць там Рыпіна. Намокла ўся, спадніца во да сцёгнаў прыліпла, і каленкі голыя блішчаць... Цяпер у дзевак нейкія вострыя, а то круглыя, як боханы. Ну, што, я паглядзеў толькі... «Змоклі во, пагрэцца нада, — кажа яна,— у мяне якраз бутылка ёсць... — Дастае з сумкі. — Ягаднікі з горада далі, за ўслугу, што паказала, дзе ягад многа, чарніц... Сілаю ўпёрлі ў сумку і пайшлі». Ну, хто ета адмовіцца ад дармовай чаркі. Выпілі мы, тады яшчэ раз... Глядзіць-глядзіць на мяне Рыпіна. Ведама ж, баба маладая, і без мужыка. А я, па совісці сказаць, усякай пустатой забаўляю яе, бытта ў мяне і думкі ліхой няма. Яна мяне і слухаць не хоча, от... «Іван, — кажа і руку на плячо паклала, а ў вачах, каб ты бачыў, такая вінаватасць... не, не вінаватасць, а нешта нападобія таскі. — Дождж не скора шчэ кончыцца. Дык, можа, і абначымся тут?..» Ужэ на вечар было дзела. Мяне з цяпла ў холад, па совісці сказаць... Во папаўся заяц! Сяджу, маўчу, не знаю, што рабіць. Думаю, дай пацалую, можа, адчэпіцца на етым. Дурны, як бот... канечне. Етым толькі растравіў яе. Пацалаваў, а яна і раскісла ўся перада мной, шэпча... я ўжо не помню, што яна мне шаптала, нешта харошае, ласкавае...
А я маўчу, не скажу ж ёй, што ў мяне... што я не магу. Гордасць жа ёсць, ну... мужчынская. Я і кажу ёй: «Совісна, Рыпіна, не красіва будзе... Мы жа з табой не мужык і жонка, каб...» Яна мне тады па мордзе, па мордзе — і выскачыла на дождж. А я сеў у цёмным куце, за бочкамі, і заплакаў. У вайну, смерці бачыў — не плакаў, а тут заплакаў, — выдыхнуў дзядзька Іван і горка зморшчыўся.
Сцяпан Кузьміч сядзеў ужо за сталом і таксама чуў канец споведзі.
— Любоў ета прырода, а прырода — вялікая сіла,— нечакана сказаў ён з філасофскаю строгасцю і з нейкай дзіцячаю бояззю трапіць неўпапад.
Я, яшчэ юнак, нейкім падсвядомым чуццём разумеў, што ў сутнасці ўсяго, чаго чалавек дабіваецца, чым жыве і куды імкнецца, ляжыць вялікая сіла Любоў, у якой каханне да жанчыны займае, мабыць, не першае месца.
* * *
З той пары мінула пяць гадоў. І зараз я мушу здзівіць чытача тым, што з Зінаю мы не пажаніліся. Як часта бывае, спярша ўсё ішло на гэта, і «счастье было так возможно, так близко», пажылыя жанчыны на рабоце адкрыта гаварылі, што мне страшэнна пашанцавала: Зіна будзе добрая жонка, працавітая, не разбэшчаная, ніколі не скажа крыўднага, душа ў яе мяккая, ласкавая. Адна жанчына дык проста з харошаю, як мне здалося, зайздрасцю пашкадавала, што Зіна не падтрапілася яе сыну. Наколькі ведаў я Зіну, так яно і было, і, гаворачы пра яе з ухвалою, ніхто ні на макулінку не перабольшваў. Аднак у каханні, як і ў кожнай пачуццёвай з’яве, назіраецца дыялектычны працэс: з аднаго боку, час і сустрэчы яму спрыяюць, як дождж траве, яго мацуюць, з другога боку (і гэта амаль непрыметна), ёсць сілы, што, падобна эрозіі, раз’ядаюць і падточваюць яго. Мне асабіста імпануе думка, што ад знаёмства да шлюбу крок павінен быць найкарацейшы. У нас ён зацягнуўся, і — мы рассталіся, праўда, без абраз, спрэчак і звадак, чаго звычайна ў падобных сітуацыях цяжка мінаваць; мы проста зразумелі, што нам, у адным хамуце, будзе нязручна і не пад сілу цягнуць рыпучы сямейны воз. Кожнаму свайму ўчынку чалавек шукае нейкую — як тут сказаць? — падкладку, і калі не з безагляднаю ўпэўненасцю, то ў душы абавязкова апраўдвае яго; з гэтых апраўданняў, здаецца, і нараджаецца тое, што мы называем чалавечымі слабасцямі, ці — апошнім часам — комплексамі.
Усё выяснілася, калі Зіна з рэдакцыі, дзе працавала сакратар-машыністкаю, перайшла на наш філіял завода «Калібр»: я падшукаў ёй пасаду інспектара-кантралёра; мы апынуліся ў адным калектыве, сярод адных людзей.
Наіўная, чыстая, як ліст паперы, хутаранская душа, яна, Зіна, часта трапляла ў няёмкія сітуацыі, чырванела, як неўрастэнічка, гублялася не тое што перад нахабствам, з якім на людзях не так ужо і рэдка сутыкаешся, а перад любою (нават не насмешкаю) усмешкаю, заўвагай, проста словам. Мне, «пашліфаванаму» вялікім горадам, студэнцкім інтэрнатам, вядома, было прасцей арыентавацца сярод людзей, у іхняй усякай там моўнай эквілібрыстыцы — ад звычайнае бяскрыўднае рэплікі да ядронае пахабшчыны. І часам, калі не бачыў іншага выйсця, я стараўся сваімі паводзінамі, жартамі паказаць ёй, як можна натуральна глядзець на людзей ды іх выбрыкі, — гэта яе злавала, калі не сказаць болей, «яна гатова была расплакацца, і здавалася мне, што ў такія моманты яна проста ненавідзіць мяне: твар яе блажэў на белае, а вочы станавіліся чужымі і далёкімі. Мне страшна было гэта ўразумець, і я нейкі час адганяў ад сябе думку (але ў непазбежнасці ёсць свае законы): што Зіна — чалавек, які аніяк не хоча прымаць у людзях заган. Уявіце, як цяжка не тое што жыць, а нават гаварыць з ёю, і якія ж мы дурныя ды недалёкія, калі з першага позірку даём незнаёмаму чалавеку ацэнку. Да таго пераходу на наш філіял Зіна здавалася мне зусім-зусім іншаю, а пасля я ўверыўся, што яе так званая пакорлівая рахманасць ішла ад абмежаванасці, ад бедных, няхай і самых чыстых, уяўленняў пра свет чалавечай душы, і гэта ў яе так урасло, што яго наўрад ці пахіснеш, яно, як маладое дрэва, будзе гнуцца, ківацца на ўсе бакі, але стаяць незварушна на месцы.