Выбрать главу

— Жонка рогам упёрлася — хоць у лоб страляй. Хоча, каб яшчэ дзесяць тысяч даплацілі... Кажа, яны, старыя, купяць дом, а потым прададуць тысяч за трыццаць ды пераедуць да дзяцей сваіх жыць.

— Ну і што ёй да гэтага?

— Дык во скажы ж! Плачацца, там ні градкі, ні куронка-свінёнка... Знаеш, як ёй вясковай ад кораня.

— Павер мне, браце, варыянт добры. Упусціш — будзеш шкадаваць.

— Ну, баба! — раптам вылаяўся Жур і сцяў кулакі. — Прыеду, звяжу к чортавай мацеры і забяру дакументы. Яна мне ўсё жыццё поперак дарогі стаіць, параноікам хутка зробіць. А я адчуваю, што магу дабіцца многага. На філіяле мне ўжо нічога не свеціць...

— Што там яшчэ ў Зялёным новага? — спытаў я, калі Жур супакоіўся, з твару адліла чырвань.

— Непрыемная вестка ёсць. — Уздыхнуў. Сашчапіў пальцы. — Зінін бацька павесіўся...

— Хто? Сцяпан Кузьміч? — Я падхапіўся з лаўкі. На галаве пад валасамі і па спіне прабег ворашны дробненькі халадок. — А што такое?

— У пуні, зачапіў за крокву дзягу і... Толькі ўранні знялі, ужо стылага. Чорт знае, што загнала яго ў пятлю.

Я, калі мы з Журам разышліся, падумаў, што ён, далёкі сваяк Драздовікаў, мабыць, усё-ткі ведаў прычыну самагубства, ды проста не захацеў мне прызнавацца. Можа, Драздовікі ўсім родам пакрыўдзіліся на мяне? Віна перад Сцяпанам Кузьмічом, Зініным бацькам, абвалілася раптам на мяне гарачым шквалам, які апякаў сэрца і думкі, бунтаваў фантазію. Няўжо Сцяпан Кузьміч панёс з сабою ў магілу сумненні ў маёй шчырасці? Хаця — што я такое зрабіў? Я ж не ўлізнуў, як вуж у нару, я, помніцца, тлумачыў і Зіне, і яе бацькам, у чым мы, кажучы сучаснаю моваю, не сумяшчальныя. Тым болей было відаць, што Зіна аніколькі не перажывае наша расстанне, бо на той час, як я бачыў, у сэрцы яе ўжо засела адчужанасць, хоць і былі мы з ёй па-ранейшаму ветлівыя і адкрытыя.

Я адчуваў сябе засмучаным і непрыкаяным. Мне не хацелася ісці дамоў, дзе чакала жонка з паўтарагадоваю дачкою.

Дзень выдаўся не надта марозны, але ветраны. Кволыя, дробныя сняжынкі ляцелі паралельна зямлі. Ногі грузлі ў жоўтай снежнай кашы, і неўзабаве я адчуў у чаравіках макрэдзь. Мяне праняла дрыготка, мусіць, не толькі ад холаду, і я, паддаючыся інстынкту самазахавання, зайшоў у рэстаран — у цяпло.

У зале стаяў паўзмрок, чырванавата-глухі ад шчытных аксамітных штор на вокнах і квадратных свяцільнікаў, што густа віселі на сценах. У куце на невысокай пляцовачны блішчалі барабаны і ўдарнік, але музыка гучала, аж разрывала вушы, з чорных, як труны, калонак: граў замежны ансамбль у стылі рок-н-рол, можа, нават папулярны «Бі-Джыс» — хто яго ведае, бо я не з тых меламанаў, якіх развялося апошнім часам вельмі шмат; дый настрой у мяне быў далёка не лірычны.

Насупраць мяне за столікам сядзела кампанія маладых яркіх дзеўчынёх; яны пілі, смяяліся, самаўпэўнена падзывалі афіцыянтку, выходзілі за дзверы (шкляныя) курыць і вярталіся назад нейкія паспакайнелыя, засяроджаныя. Гэта іх мадэрновая распешчанасць раздражняла мяне: мне здавалася, калі ў чалавека гора, усе астатнія не маюць права весяліцца.

Я заказаў сабе піва.

Адпіў пару глыткоў, закусіў салатаю і, абхінуўшыся на шырокі чорны пластмасавы падлакотнік, чакаў шніцэль «па-міністэрску». Збоку, мусіць, я здаваўся глыбокім іпахондрыкам.

— Дазвольце? — раптам пачуў і схамянуўся: за столік да мяне прысаджвалася дзяўчына — з тых размаляваных дзеўчынёх за суседнім столікам. — Бачу, малады чалавек сумуе? — Яна была прыгожая тою штучна фарсіраванаю прыгажосцю, якая не толькі не падабалася мне, а нават адпужвала: чыстыя, нарумяненыя, аж ільсняцца, шчокі, тоненькія бровы-нітачкі і вялікі, спакуслівы, крыклівы ад цёмна-вішнёвай памады рот.— Давай да нас — весялей будзе...

Я не сказаў яшчэ ні слова, а дзяўчына, як было відаць, і не чакала майго адказу, яна, упэўненая ў сваёй жаночай магічнасці, мабыць, не сумнявалася, што я не ўстаю супраць яе націску. Вунь як вочы глядзяць, проста выдзіраюць з крэсла, падсвечаныя хмельнай і пачуццёвай млявасцю, прызыўныя. І праўда, на такую дзяўчыну цяжка не спакусіцца. Але я, па-адно, што не здольны, мусіць, на такія хуткія кантакты ці так толькі думаю, каб здавацца прыстойным, а па-другое, як кажуць, не да гэтага.

— Прабачце, — сказаў я, даволі смела гледзячы ў магічныя вочы дзяўчыны, — але сёння я вельмі спяшаюся, зараз закушу і пайду. А другім разам, канечне, з задавальненнем пасядзеў бы з вамі...

— Ты не хлусіш? — дзяўчына па-ранейшаму паводзілася бесцырымонна.

— А які сэнс хлусіць?

Мабыць, гэты намёк, маўляў, хто з мужчын адмовіцца ад шчасця пабыць у акружэнні такіх прыгажунь, палесціў дзяўчыне болей, чымся мая згода, і яна, не папрасіўшы прабачэння, з гонарам адышла. Але хутка, убачыў я, накіравалася да дзвярэй курыць.