Выбрать главу

Я без апетыту пакалупаў відэльцам шніцэль і папрасіў афіцыянтку разлічыць мяне.

Паветра, затуманенае і пранізанае святлом ліхтароў ды рэклам, а таксама снег на асфальце былі невыразнага колеру, цьмяныя; такая ж няпэўнасць ляжала і ў мяне на душы.

Жонка мяне не сустрэла — дзівам было б адваротнае. Сядзела ў халаце на кухні і чытала польскі часопіс «Урода», назва якога ў перакладзе гучала парадаксанальна: «Краса». На стале ў попельніцы ляжала некалькі скамечаных, дакураных да паловы «бычкоў» (іменна жончына слова).

Распрануўшыся, я дзеля нейкага дзіцячага капрызу падышоў да пліты і падняў у каструлях накрыўкі: пустата, як вымецена. Так амаль заўсёды. Жонка мая належала да тых сапсаваных эмансіпацыяй жанчын, якія цвёрда лічаць, што мінулі часы, калі жонка павінна была дзень і ноч таптацца каля печы, на кухні, каб сустрэць мужа з абедам. І яна прынцыпова стаяла на сваім, а я быў надзіва памяркоўны да яе фокусаў, не дакараў і не прасіў, каб на мой прыход дыміліся ў талерках стравы. Было што згатавана, дзякаваў і садзіўся за стол, еў, не было — сам станавіўся да пліты, спакойна, не тоячы на жонку злосць і не шукаючы, чым адпомсціць.

Жонка нават не павярнулася, і я нічога ёй не сказаў, тым болей што есці мне пасля рэстарана не хацелася.

У колькі б гадоў ты ні жаніўся і які б разумны ні быў, сямейнае жыццё — гэта цемра, якая, на жаль, пачынае праясняцца тады, калі тое, што ў ёй адкрыецца, цяжка паправіць. Уявіць сямейнае жыццё ва ўсёй складанасці з чужых слоў нельга, толькі (і толькі) уласны вопыт раскрые табе яго таямніцы.

Пэўна я не магу сказаць, пашанцавала мне з жонкаю ці не. Стары, мудры чалавек, якому я спавядаўся перад вяселлем і словам-двума абрысаваў Зіну і цяперашнюю сваю жонку, шматзначна намякнуў: «Глядзі, Мікалай, каб з гэтай, што «дужа лёгка з ёй», не завыў воўкам. Можа, якраз з той хутаранкай і трэба жаніцца. А то будзеце спрачацца, каму шкарпэткі мыць...» І як тут зноў не ўспомніць жанчыну па рабоце, Сяргееўну, якая шкадавала, што Зіна не «папалася» яе сыну. Усё-ткі, мабыць, старых людзей у такой сур’ёзнай справе, як жаніцьба, трэба слухаць.

Так, нягледзячы ні на што, мне па-ранейшаму было лёгка і проста са сваёю жонкаю. Яна не мела да мяне ніякіх прэтэнзій, не пыталася, дзе я і з кім прападаў. А што можа быць даражэйшае за волю пасля трывалых цянётаў сямейных абавязкаў? Дык няўжо яна, мая жонка, у поўнай меры надзелена залатою якасцю — усё разумець? А можа (і гэта, мабыць, самае страшнае!), яна абсалютна раўнадушная да мяне і ёй напляваць, куды я і што я? Абы не п’яніца, прыносіў грошы, клапаціўся пра дачку...

Я не раз парываўся пачаць курыць, не раз заяўляў аб гэтым і жонцы, але яна ўпарта адгаворвала мяне. Сёння я ўпершыню закурыў. Дачка ўжо спала, і мы адчынілі на кухні фортачку.

Курыць таксама трэба ўмець, і я часта кашляў ад дыму. У галаве не праяснілася, здаецца, яна пацяжэла яшчэ больш.

— Што хвалюешся? — спытала жонка і паглядзела на мяне сваімі праніклівымі чорнымі вачыма. Пра Зіну яна ведала: я расказаў яшчэ да таго, як падалі заяву на шлюб. Захавалася ў мяне і Зініна фотакартачка з надпісам: «Здесь нет красы — она не всем дается. Простая здесь душа, простое сердце бьется. Зіна Д. 3 мая 1978 г.» Жонка неаднойчы трымала яе ў руках і не парвала, не сказала, каб знішчыў. Нават тады, калі я даставаў з пакета фотакартачку і, задуменны, доўга на яе глядзеў. Канечне, не кожная жанчына магла б пахваліцца такою вытрымкаю і больш таго — выхаванасцю. Спадзеючыся на гэта, я і сказаў ёй проста, не хітруючы:

— Заўтра еду ў Зялёнае.

— Як хочаш. Я цябе трымаць не буду, а ты не настолькі дурны, каб рушыць сям’ю.

— Ну дзякуй табе! — сказаў я са з’едлівасцю, маўляў, якая ты высакародная і даверлівая, а тым не менш махаеш рукою на бацьку сваёй дачкі. — Мяне гоніць туды віна. Разумееш, віна перад гэтаю дзяўчынаю, гэтымі людзьмі, аднаго з якіх ужо няма на свеце.

Мне і праўда было цяжка, Зіна часта снілася: быдта я пакідаю яе, хворую, бледную, а то зусім параненую, у чыстым полі, яна цягне да мяне рукі... Цяпер, калі не стала Сцяпана Кузьміча, я наогул не ўяўляў, што будзе са мною. Жонка — яна ўсё разумее, і тут павінна зразумець.

* * *

Дызель спыніўся, расчыніліся дзверы, і я саскочыў з падножкі. Раз’езд Вербіж! Як усё тут знаёмае: і масляны востры пах прамерзлых дубовых шпал, цьмяны сталёвы бляск рэек, што, нібы іголкі, падшываюць зямлю да неба; і зялёная будачка, згубленая сярод вузкіх і стройных, як кіпарысы, ялін; і нарэшце — дарога і ледзь пазначаны адростак сцяжыны ад яе...

Хутар адкрыўся вачам зразу, як толькі вынырнуў з ельніку. З коміна слупіўся ўгару густы, тварожна-белы дым — ёсць у хаце жывая душа. Здаецца, дрогнуў, пасвяжэў, бы ад струменьчыка вады, мой настрой.