Выбрать главу

Жанчына доўга пазірала на яе.

— Што ж, але мы не адпусцім сястру нашу без малітвы. Маленне будзе ў нашай палатцы, мэм. І няхай даруецца вам такая душэўная жорсткасць.

Маці зноў апусцілася на зямлю і павярнулася да бабкі тварам, з якога не сыходзілі цвёрдасць і суровасць.

— Яна змучылася, — паўтарыла яна зноў. — Проста змучылася.

Бабка кідалася галавой па падушцы і нешта ледзь чутна мармытала.

Жанчына пагардліва выйшла з-пад брызенту. Маці не зводзіла вачэй са старэчага твару.

Ружа Сарона махала кавалкам кардону, гонячы гарачае паветра хвалямі. Сказала:

— Ма!

— Што?

— Чаму ты не дазволіла ім тут памаліцца?

— Сама не ведаю. Наогул іегавісты — людзі добрыя. Але, молячыся, завываюць і скачуць. Не ведаю. Нешта найшло на мяне. Я гэтага цяпер не стрывала б. Сіл маіх не хапіла б.

Аднекуль зблізку данесліся гукі малення — манатонныя распевы пропаведзі. Слоў было не разабраць, чуўся толькі матыў. Голас то сціхаў, то набіраў сілу, і кожны распеў пачынаўся на больш высокай ноце. Вось у паўзе прапаведніку адказалі іншыя галасы, і яго голас набыў урачыстасць і ўладнасць. Тон усё павышаўся, і ў паўзах гукі падхопу паступова перайшлі ў лямант. Мала-памалу фразы пропаведзі рабіліся ўсё карацейшымі, адрывістымі, як каманды, і ў галасах, што на іх адгукаліся, загучалі жалобныя ноткі. Рытм малення ўсё разганяўся. Мужчынскія і жаночыя галасы гучалі суладна, але раптам, пасярод падхопу, адзін жаночы голас вырваўся, узляцеў увысь і выліўся ў роспачны крык, дзікі і шалёны, як звярыны; яму пачалі ўторыць больш нізкі жаночы голас, перарывісты, як брэх, і мужчынскі, які паступова танчэў, як воўчае выццё. Словы малітвы абарваліся, і з палаткі чуліся толькі жалобнае завыванне і тупат ног па зямлі. Маці кінула ў дрыжыкі. Ружа Сарона дыхала цяжка і перарывіста, а дзікі лямант не змаўкаў, і здавалася, вось-вось у людзей разарвуцца лёгкія.

Маці сказала:

— Нервы не вытрымліваюць. Нешта са мною сталася.

Раптам высокі голас перайшоў у істэрычны віск, як завыванне гіены; тупат зрабіўся гучнейшы. Галасы ламаліся і зрываліся, і нарэшце ўвесь хор загучаў роўна, і чуліся толькі рыданні і хрыплыя стогны, гукі ўдараў па целе і прытупванне па зямлі; потым рыданне перайшло ў ціхае скуголенне, накшталт скавытання шчанюкоў каля міскі з ежай.

Знерваваная Ружа Сарона ціха плакала. Бабка раптам збіла занавеску з ног, падобных на дзве шэрыя вузлаватыя палкі, і таксама заскуголіла пад такія ж гукі, што даносіліся з палаткі іегавістаў. Маці зноў прыкрыла ёй ногі занавескай. І тут бабка глыбока ўздыхнула, дыханне яе стала роўнае і свабоднае, прыплюшчаныя павекі перасталі пацепвацца. Старая заснула моцным сном і, крыху адкрыўшы рот, пахрапвала. Жаласнае скуголенне ў палатцы іегавістаў рабілася ўсё цішэйшым і нарэшце зусім сціхла.

Ружа Сарона зірнула на маці поўнымі слёз вачамі.

— Дапамагло, — сказала яна. — Бабцы дапамагло. Яна заснула.

Маці сядзела прысаромленая, апусціўшы галаву.

— Я, можа, дарэмна пакрыўдзіла добрых людзей, — сказала яна. — Бабка спіць.

— Можа, табе схадзіць пакаяцца прапаведніку нашаму?

— Пайду… Толькі ён нейкі дзіўны. Магчыма, гэта я праз яго не дазволіла тым людзям памаліцца тут. Прапаведнік наш думае: што людзі ні зробяць, усё добра. — Маці паглядзела на свае рукі. — А цяпер спаць, Разашарна. Калі паедзем ноччу, дык трэба выспацца. — Яна выцягнулася на траве каля матраца.

Ружа Сарона запыталася:

— А бабку не трэба абмахваць?

— Яна спіць. Кладзіся, дачушка.

— Куды гэта Коні дзеўся? — незадаволена сказала Ружа Сарона. — Ужо колькі часу яго не бачыла.

Маці сказала:

— Ш-ш… Паспі.

— Ма, Коні будзе вучыцца вечарамі і ў людзі выйдзе.

— Ага, ты мне ўжо казала. Кладзіся спаць.

Ружа Сарона прымасцілася з краю бабчынага матраца.

— Коні ўжо новае задумаў. Ён увесь час думае. Вось вывучыць пра электрычнасць і майстэрню сваю завядзе, а тады ведаеш, што ў нас будзе?

— Што?

— Лёд… колькі душа пажадае. Купім ледзяную шафу. Напакуем яе даверху. Нічога псавацца не будзе.

— Коні ўвесь час думае, — усміхнулася маці. — Вось і добра, а цяпер спаць.

Ружа Сарона заплюшчыла вочы. Маці павярнулася на спіну і падклала рукі пад галаву. Яна прыслухоўвалася да дыхання бабкі і дачкі. Махнула рукой, каб прагнаць муху з ілба. Лагер заціх пад пякучым сонцам, і гукі, якія даносіліся з нагрэтай травы, — строкат конікаў, гудзенне мух — толькі падкрэслівалі цішыню. Маці глыбока перавяла дыханне, пазяхнула і заплюшчыла вочы. Праз дрымоту пачула чыесьці крокі, але прачнулася не ад іх, а ад моцнага мужчынскага голасу.