Выбрать главу

— Тут хто ёсць?

Маці хуценька адарвала спіну ад зямлі, села. Нейкі мужчына з моцна загарэлым тварам нахіліўся і зазірнуў пад брызент. На ім былі высокія шнураваныя чаравікі, штаны колеру хакі і такога ж колеру форменная кашуля. На шырокай скураной партупеі вісела рэвальверная кабура, а злева на грудзях да кашулі была прышпілена вялікая сярэбраная зорка. Фуражка з мяккім верхам была ссунута на патыліцу. Ён паляпаў далонню па туга нацягнутым брызенце, і той загуў, як барабан.

— Тут ёсць хто-небудзь? — настойліва паўтарыў ён.

Маці запыталася:

— Што вам трэба, містэр?

— А як вы думаеце, што мне трэба? Хачу ведаць, хто тут ёсць.

— Тут нас трое: я, бабка і дачка мая.

— А мужчыны дзе?

— Пайшлі пакупацца. Мы ўсю ноч ехалі.

— Адкуль вы?

— З-пад самага Саліса ў Аклахоме.

— Тут вам заставацца нельга.

— Мы сёння позна вечарам паедзем далей, містэр, праз пустыню.

— І добра зробіце. Калі заўтра ў гэты час будзеце тут, я пасаджу вас. Мы такім не дазваляем тут надоўга спыняцца.

Твар у маці пацямнеў ад гневу. Яна памалу паднялася на ногі, падышла да скрыні з кухонным начыннем і выцягнула за доўгую ручку чыгунную патэльню.

— Містэр, — сказала яна, — у вас бляшаная цэшка і рэвальвер. Там, адкуль я прыехала, такія, як вы, голасу не павышаюць. — Яна пачала наступаць на яго з патэльняй у руцэ. Ён расшпіліў кабуру. — Страляй, — сказала маці. — Жанчын запалохваеш? Добра, што мужчын нашых тут няма. Яны б цябе на шматкі разадралі. У нашых краях такія, як ты, не вельмі плешчуць языком.

Чалавек адступіў назад на два крокі.

— Краі вашы засталіся далёка. Цяпер вы ў Каліфорніі, і ўсякім Окі мы не дазволім тут затрымлівацца.

— Окі? — ціха перапытала маці. — Окі?

— Ага, Окі! І калі я заўтра вас тут застану, не мінуць вам турмы. — Чалавек крута павярнуўся, падышоў да суседняй палаткі і паляпаў далонню па брызенце:

— Ёсць тут хто-небудзь?

Маці не спяшаючыся вярнулася пад брызент. Паклала патэльню назад у скрыню. Потым паволі апусцілася на зямлю, села. Ружа Сарона ўпотайкі сачыла за ёю. Убачыўшы, што маці стараецца стрымаць слёзы, яна заплюшчыла вочы і прытварылася, што спіць.

Сонца ўжо добра схілілася на захад, а спёка не спадала. Том прачнуўся пад вярбой. У роце ў яго засмягла, цела змакрэла ад поту, галава была цяжкая пасля сну. Ён вяла падняўся на ногі і пайшоў да берага. Скінуў з сябе адзежу, палез у рэчку. Ледзь толькі вада абняла яго, смага знікла. Ён лёг на мелкім месцы, упёршыся локцямі ў пясчанае дно, і цела яго плавала ў вадзе. І так ён ляжаў, пазіраючы на пальцы ног, якія пагойдваліся над паверхняй.

Бледны хударлявы хлопчык выпаўз, як звярок, з чароту і хуценька раздзеўся. Ён шмыгнуў у ваду, як хахуля, і, як хахуля, паплыў, пакінуўшы толькі вочы на паверхні. Раптам ён убачыў над вадой галаву Тома, заўважыў, што за ім сочаць. Хлопчык кінуў сваю гульню і сеў на дно.

Том сказаў:

— Хэло!

— Хэло!

— У хахулю гуляеш?

— Ага. — Хлопчык пасоўваўся ўсё бліжэй да берага, быццам проста так, незнарок, і раптам выскачыў з вады, згроб у ахапак сваё адзенне і знік у вербалоззі.

Том ціха засмяяўся і раптам пачуў рэзкі крык:

— Том! Гэй, Том!

Ён сеў на дно і свіснуў праз зубы, пранізліва, з хвацкім прысвістам у канцы. Кусты варухнуліся, і з іх выйшла Руці. Спынілася, пазіраючы на яго.

— Цябе мама кліча, — сказала яна. — Ідзі хутчэй.

— Зараз. — Том падняўся і пайшоў па вадзе да берага, а Руці глядзела на яго голае цела са здзіўленнем і цікавасцю.

Заўважыўшы на сабе яе позірк, Том сказаў:

— Ну бяжы. Давай адсюль!

І Руці ўцякла. Том пачуў, як яна ўсхвалявана кліча Ўінфілда. Ён нацягнуў гарачае адзенне на сваё халаднаватае, мокрае цела і няспешнай хадою пайшоў праз лазняк да палаткі.

Маці расклала агонь з сухога вярбовага голля і кіпяціла на ім ваду ў рондалі. Убачыўшы Тома, адразу адчула палёгку.

— Што тут у вас, ма? — запытаўся Том.

— Я баялася за цябе, — адказала яна. — Тут палісмен прыходзіў. Нам, кажа, нельга тут заставацца. Я баялася, каб ён з табой не загаварыў. Баялася, ты наб'еш яго, як толькі ён рот расчыніць.

Том сказаў:

— Чаго гэта я раптам палісменаў біць буду?

Маці ўсміхнулася:

— Ну… ён тут такога нагаварыў… я сама ледзь не набіла яго.

Том схапіў яе за плячо і размашыста і грубавата трасянуў яе і засмяяўся. І яшчэ смеючыся, апусціўся на траву.

— Божа мой, ма. Я такой цябе не ведаў, раней ты была больш далікатная. Што з табою стала?

Маці спахмурнела.

— Не ведаю, Том.