Выбрать главу

Джоўд слухаў прапаведніка з усмешкай, але позірк яго быў востры і ўважлівы.

— Ты сваю веру ўсю ператрос, — сказаў ён. — З усіх бакоў абсмактаў.

Кейсі зноў загаварыў, і ў голасе яго гучалі боль і разгубленасць.

— Я пытаюся ў сябе: «Што такое боскі дух і парыванне?» І адказваю: «Гэта любоў. Я так люблю людзей, што, бывае, сэрца крывёю абліваецца». Зноў пытаюся: «А Ісуса ты хіба не любіш?» Думаю, думаю і нарэшце кажу: «Не, я нікога з такім імем не ведаю. Гісторый розных пра яго чуў шмат, але люблю я толькі жывых людзей. Сэрца разрываецца ад любові да іх, і хочацца мне зрабіць усіх іх шчаслівымі, і таму прапаведую ім тое, што можа прывесці іх да шчасця». А потым… Ну і нагаварыў я табе чортаву прорву ўсяго. Табе, можа, дзіўна, што я такія брыдкія словы ўжываю? Ніякіх тут брыдкіх слоў, на мой погляд, няма. Так усе гавораць, усе людзі, і нічога дрэннага яны гэтымі словамі сказаць не хочуць. Ну, добра, хай. А цяпер я скажу табе яшчэ нешта, да чаго я сваім розумам дайшоў, толькі прапаведніку казаць такое — кашчунства, і таму я не маю права быць прапаведнікам, бо ўвесь час думаю пра гэта і веру ў гэта.

— Пра што ты? — спытаўся Джоўд.

Кейсі хітравата глянуў на яго.

— Калі твой слых разане, не крыўдуй, га?

— Я крыўдую, толькі калі мне нос расквасяць, — сказаў Джоўд. — Ну, што ты там такое надумаў?

— Разважаў я пра духа святога і пра Ісуса: «Чаго гэта мы ўсё горнемся да бога і да Ісуса? Можа, — думаў я, — мы проста людзей любім — мужчын і жанчын? Можа, дух святы — гэта і ёсць душа чалавечая, вось і ўсё. Можа, усе людзі разам і ўтвараюць адну вялікую душу і часцінку яе знойдзеш у кожным чалавеку?» Доўга сядзеў я так, думаў, думаў і раптам усё зразумеў, усім нутром, і так ува мне гэта і засталося.

Джоўд апусціў вочы, быццам яму было не пад сілу вытрываць шчыры позірк прапаведніка.

— З такімі думкамі ні ў якай царкве не ўтрымаешся, — сказаў ён. — За такія думкі цябе прагоняць з нашых краёў. Што людзям трэба? Паскакаць і павыць. Гэта ім самая вялікая ўцеха. Бабка наша, бывала, як пачне лямантаваць, рады ёй даць было нельга. Аднаго разу здаравеннага псаломшчыка кулаком з ног зваліла.

Кейсі задуменна пазіраў на Джоўда.

— Вось я хачу спытацца ў цябе пра нешта, — сказаў ён. — Душу мне гэта кроіць.

— Што ж, пытайся. Часам і я ў чым-небудзь разбіраюся.

— Вось што… — нерашуча пачаў прапаведнік. — Я хрысціў цябе найлепшым чынам у той дзень, калі боскае ззянне сышло на мяне. З вуснаў маіх словы Хрыстовы ліліся. Ты, пэўна, нічога не памятаеш, бо ўвесь час коску тую цягаў.

— Чаму ж не, памятаю, — адказаў Джоўд. — Гэта была Сюзі Літл. Праз год яна мне ледзь палец не адарвала.

— Дык вось… Пайшло табе на карысць тое хрышчэнне? Лепш табе зрабілася ад таго?

Джоўд, падумаўшы, адказаў:

— Н-не, я нават нічога не адчуў.

— Так… А шкоду табе гэта зрабіла? Толькі падумай.

Джоўд падняў з зямлі бутэльку і адпіў.

— Нічога я не адчуў — ні добрага, ні дрэннага. Мне тады проста весела было, больш нічога. — Ён падаў бутэльку прапаведніку.

Кейсі ўздыхнуў, прыгубіў бутэльку, потым паглядзеў, колькі ў ёй на дне засталося, і зрабіў яшчэ адзін маленькі глыток.

— Вось і добра, — сказаў ён. — А то я ўсё мучыўся — ці не нарабіў я сваім умяшаннем якой-небудзь шкоды людзям.

Джоўд глянуў на свой пінжак і ўбачыў чарапаху — яна выбралася на волю і ўжо спяшалася ў тым жа кірунку, у якім паўзла, калі ён падабраў яе. Джоўд паназіраў за ёю, тады ўстаў на ногі, падняў чарапаху з зямлі і зноў закруціў у пінжак.

— Ніякіх падарункаў дзецям не прыпас, — паясніў ён. — Хоць гэту старую чарапаху прынясу.

— Дзіўная рэч, — сказаў прапаведнік. — Якраз калі ты падышоў, я старога Тома Джоўда прыгадаў. Падумаў, ці не завітаць да яго. Я заўсёды лічыў яго бязбожнікам. Як ён там жыве, стары Том?

— Не ведаю. Чатыры гады я ўжо дома не быў.

— Хіба ён не пісаў табе?

Джоўд замяшаўся.

— Тата на пісьмы не вялікі мастак і наогул пісаць не ахвочы. Прозвішча сваё чын чынам падпіша, не горш за іншых, і нават аловак паслініць. Але пісьмаў не піша. Тата заўсёды казаў: чаго нельга выказаць голасам, таго і алоўкам не варта.