Выбрать главу

Бацька сказаў:

— Бач, як наш Томі гаварыць пачаў — як зусім дарослы, быццам прапаведнік казань на карысць бедных кажа.

А маці сумна ўсміхнулася:

— Так. Наш Томі дарослы стаў, вырас… так вырас, што да яго і не дацягнешся.

Яны спускаліся па схіле, крута паварочваючы, пятляючы, і то гублялі з поля зроку даліну, то зноў знаходзілі яе вачамі. Да іх падымаўся гарачы подых даліны з густым пахам зеляніны, смалістым водарам шалфею і грындэлій. Уздоўж шашы стракаталі цвыркуны. Праз дарогу паўзла грымучая змяя. Том наехаў на яе, раздушыў пасярэдзіне коламі і пакінуў курчыцца на шашы.

Ён сказаў:

— Думаю, трэба знайсці следчага, ён недзе там ёсць. Пахаваць яе трэба прыстойна. Колькі ў нас грошай засталося, та?

— Даляраў сорак, — адказаў бацька.

Том зарагатаў:

— Госпадзі, давядзецца пачынаць з пустымі рукамі! Ні з чым прыехалі, — прагігікаў ён, і твар яго раптам зрабіўся суровы. Ён нацягнуў брыль кепкі на самыя вочы. А грузавік каціўся з гары да шырокай даліны.

Раздзел дзевятнаццаты

Раней Каліфорнія належала Мексіцы, а землі яе — мексіканцам; потым у краіну хлынула арда абадраных, разгарачаных, нецярплівых амерыканцаў. І так моцна адольвала іх цяга да зямлі, што яны завалодалі ёю — прысвоілі зямлю Сатэра, зямлю Герэра, захапілі вялікія маёнткі, пашкуматалі іх, сварыліся паміж сабою, рыкалі адзін на аднаго і біліся за свой кавалак — гэтыя ашалелыя, згаладалыя людзі, і пільнавалі захопленыя ўчасткі са стрэльбай у руках. Яны пабудавалі там дамы, свірны і адрыны, узаралі зямлю і засеялі. І так у іх паявілася нерухомая маёмасць, а нерухомая маёмасць — гэта ўжо ўласнасць.

Мексіканцы былі народ слабы і сыты. Яны не аказалі супраціўлення, бо не было на свеце нічога такога, да чаго б у іх была такая неўтаймаваная прага, як у амерыканцаў да зямлі.

І з цягам часу скватэры перасталі ўжо лічыцца захопнікамі і сталі паўнаўладнымі гаспадарамі; дзеці іх выраслі і парадзілі сваіх дзяцей на гэтай зямлі. І яны прагналі свой голад, люты голад, які смактаў і грыз ім нутро, і наталіць яго маглі толькі гэты край, вада, зямля і жыватворнае сонца над ёю, зялёныя ўсходы і набрынялае сокам карэнне. Яны валодалі ўсім гэтым так непадзельна, што перасталі бачыць што-небудзь вакол сябе. Іх ужо не даймала туга па акры ўрадлівай зямлі і па бліскучым нарогу плуга, па насенні і па ветраку, што памахваў крыламі ў паветры. Яны ўжо не падымаліся да святла, каб паслухаць першае цырыканне яшчэ сонных птушак, адчуць ранішні ветрык каля дома, пакуль чакалі, як выблісне сонца і можна будзе ісці на дарагое іх сэрцу поле. Усё гэта адышло ў мінулае, і ўраджай падлічваўся цяпер на даляры, зямля ацэньвалася як асноўны капітал плюс працэнты, ураджаі купляліся і прадаваліся яшчэ да сяўбы. І цяпер неўрадлівы год, засуха ці паводка ўжо не прыводзілі да замірання плыні жыцця, а ўсяго толькі да грашовых страт. І праз грошы змізарнела іх любоў да зямлі, а неўтаймаваную энергію кропля за кропляй высмакталі працэнты, і фермеры гэтыя сталі ўжо не фермерамі, а дробнымі крамнікамі — гандлярамі сваім ураджаем, дробнымі прамыслоўцамі, што прадаюць, перш чым вырабляюць. А потым фермерам, якія аказаліся няўдачлівымі крамнікамі, прыйшлося развітацца са сваёй зямлёй і ўступіць яе ўмелым крамнікам. Якім бы разумным ні быў чалавек, якой бы любоўю ні любіў ён зямлю і тое, што на ёй расце, ён не мог выжыць, калі не быў яшчэ і добрым гандляром. І з цягам часу іх гаспадаркамі завалодалі дзялкі і плошча зямельных участкаў усё большала, а колькасць іх меншала.

Цяпер земляробства стала прамысловасцю, і ўласнікі пайшлі па шляху Старажытнага Рыма, хоць самі таго і не ведалі. Яны прывозілі рабоў, хоць і не называлі іх рабамі: кітайцаў, японцаў, мексіканцаў, філіпінцаў. Людзі гэтыя могуць працаваць на адным рысе, бабах, казалі такія дзялкі. Ім надта нічога не трэба. І плаціць ім добра не трэба — яны ведаць не будуць, на што грошы траціць. Вы гляньце, як яны жывуць. Гляньце, што яны ядуць. А пераборлівымі зробяцца — гнаць іх у шыю.

Зямельныя ўчасткі буйнелі, а шэрагі ўласнікаў радзелі. Дробных фермераў зрабілася да мізэрнага мала. Пабоі, страх і голад давялі прывезеных нявольнікаў да таго, што некаторыя пачалі ўцякаць на радзіму, іншыя пачалі агрызацца, і іх перастралялі або выгналі з краіны. А зямельныя ўладанні ўсё шырэлі, гаспадароў стала яшчэ менш.

І ўраджаі пачалі збіраць ужо іншыя. Гаі фруктовых дрэў занялі месца збожжавых палёў, і ў нізінах цяпер расла гародніна на патрэбу ўсяму свету — салата, каляровая капуста, артышокі і бульба — культуры, збіраць якія даводзіцца сагнуўшыся. З касой, за плугам, з віламі чалавек працуе стоячы, але яму даводзіцца поўзаць, як казюлька, між градак салаты, гнуць спіну і цягнуць з сабой доўгі мех між радоў бавоўны і, як грэшніку на пакаянні, кленчыць перад каляровай капустай.