І цяпер гаспадары ўжо не працавалі на сваіх землях. Яны вялі гаспадарку на паперы, яны забыліся, што такое зямля, які ў яе пах, якая яна навобмацак, памяталі толькі, што яна іх уласнасць, памяталі толькі пра прыбыткі і страты. І некаторыя фермы разрасліся да такіх памераў, што аднаму чалавеку было ўжо не пад сілу абняць іх сваім розумам, так разрасліся, што спатрэбілася ўжо цэлая армія рахункаводаў, якія падлічвалі працэнты, прыбыткі і страты, хімікаў, якія даследавалі глебу і абагачалі яе, наглядчыкаў, якія сачылі, каб сагнутыя ў тры пагібелі людзі рухаліся ўздоўж градак з такой хуткасцю, на якую былі здольныя. І такі фермер сапраўды рабіўся гандляром і адкрываў краму. Ён плаціў людзям грошы, прадаваў ім прадукты, і грошы зноў вярталіся да яго. Неўзабаве ён пераставаў ім плаціць і гэтым эканоміў на рахункаводстве. На такіх фермах прадукты адпускаліся ў крэдыт. Чалавек працаваў і карміўся, а калі працу сваю канчаў, высвятлялася, што ён завінаваціўся кампаніі. А ўласнікі не толькі кінулі гаспадарыць на сваіх фермах — шмат хто з іх нават і ў вочы ніколі не бачыў іх.
А потым на Захад пацягнуўся разораны люд — з Канзаса, Аклахомы, Тэхаса, Нью-Мексіка, з Невады і Арканзаса — цэлымі сем'ямі, радамі, сагнаныя з месцаў пыльнымі бурамі, выцесненыя трактарамі. У бітком набітых машынах, цэлымі караванамі, бяздомныя, галодныя — дваццаць тысяч, пяцьдзесят тысяч, сто тысяч, дзвесце тысяч. Яны патокам пераліваліся цераз горы, згаладалыя, растрывожаныя, як мурашкі: спяшаліся хутчэй знайсці работу — падымаць, штурхаць, цягаць, палоць, капаць, збіраць — любую працу, любое ярмо, абы атрымаць ежу. Дзеці галадаюць. Нам няма дзе жыць. Снавалі, як мурашкі, спяшаліся дарвацца да працы, да ежы, а галоўнае — да зямлі.
Мы не чужынцы. Мы ўжо ў сёмым калене амерыканцы, а па паходжанню — ірландцы, шатландцы, ангельцы, немцы. Адзін з нашых продкаў змагаўся ў вайне за незалежнасць, а колькі іх удзельнічала ў грамадзянскай вайне і на тым, і на другім баку! Мы амерыканцы.
Яны былі галодныя, злосныя. Яны спадзяваліся знайсці тут дом, а знайшлі адну толькі нянавісць. Окі… Гаспадары ненавідзелі іх, бо ведалі, што Окі народ моцны, а самі яны слабыя, што Окі згаладаліся, а самі яны раз'еліся; і, магчыма, гаспадары чулі яшчэ ад прадзедаў сваіх, як лёгка захапіць зямлю ў слабасільнага чалавека, калі ты ўзлаваны і галодны і ў руках у цябе зброя. Гаспадары гарэлі да іх нянавісцю. А ў гарадках іх ненавідзелі крамнікі, бо ведалі, што ў Окі няма грошай, каб расплаціцца. Гэта самы пэўны спосаб заслужыць пагарду крамніка, бо яго сімпатыю выклікае якраз процілеглае. Гараджане, дробныя банкіры ненавідзелі Окі таксама — на іх не разжывешся. У гэтых Окі нічога няма. А работнікі на фермах ненавідзелі Окі таму, што галодны чалавек павінен працаваць, а калі ён вымушаны працаваць, не можа не працаваць, значыць, наймальнік аўтаматычна зніжае плату, і тады на вышэйшую ты ўжо і не разлічвай.
А пазбаўленыя сваіх гаспадарак фермеры-перасяленцы наваднялі Каліфорнію — дзвесце пяцьдзесят тысяч, трыста тысяч. Там, ззаду, усё новыя і новыя трактары паўзлі па зямлі і зганялі з яе арандатараў. І новыя хвалі выплюхваліся на дарогі, новыя хвалі беззямельнага, бяздомнага люду, узлаванага, упартага і таму небяспечнага.
Каліфарнійцы шмат чаго патрабавалі ад жыцця — прымнажэння капіталу, поспеху ў грамадстве, уцех і забаў, раскошы, надзейнага змяшчэння грошай у банках, а новыя варвары патрабавалі толькі дзвюх рэчаў — зямлі і хлеба; на іх разуменне гэтыя дзве рэчы зліваліся ў адну. І ў той час як патрабаванні каліфарнійцаў былі туманныя, неакрэсленыя, тое, да чаго імкнуліся Окі, ляжала проста пры дарозе, цвяліла вока, распальвала зайздрасць: урадлівыя палі, дзе можна выкапаць калодзежы, — урадлівыя зялёныя палі; зямля, якую можна раскрышыць пальцамі на далоні; трава, пах якой можна ўдыхнуць у сябе; сцяблінкі аўса — пажуеш іх і адчуеш у горле даўкаватую слодыч. Чалавек пазіраў на абложную зямлю і ведаў, у думках бачыў, што гнуць спіну і натужвацца тут можна нямарна — тут вырасце капуста і залацістая цукровая кукуруза, рэпа і морква.
Бяздомны, галодны чалавек ехаў па дарогах, побач з ім яго жонка, на заднім сядзенні схуднелыя дзеці, і глядзеў на абложныя палі, якія маглі б даць яму не прыбыткі, не — ежу, і ён ведаў, што няўробленае поле — грэх, а незасеяная зямля — злачынства супраць яго згаладалых дзяцей. І калі такі чалавек праязджаў па дарогах, кожнае такое поле было яму спакусай, і яго разбірала жаданне ўзяць сабе гэтыя палі і вырасціць на іх тое, што дасць сілу яго дзецям і прынясе супакаенне жонцы. Спакуса ўвесь час была перад яго вачыма. Палі вабілі яго, арашальныя канавы з чыстай праточнай вадой дражнілі яго ўяўленне.