Выбрать главу

А на поўдні ён бачыў залатыя апельсіны на дрэвах, маленькія залатыя апельсіны на цёмнай зелені дрэў, і вартаўнікоў з драбавікамі ў прысадах — каб чалавек не мог сарваць плада свайму схуднеламу дзіцяці, хоць апельсіны пойдуць на звалку, калі цана іх упадзе.

Ён уязджаў на сваёй старой калымазе ў гарадок. Ён бегаў па фермах у пошуках працы. Дзе нам можна тут пераначаваць?

А вунь, у Гувервілі, ля самай рэчкі. Там ужо цэлая плойма гэтых Окі.

Ён пад'язджаў на сваёй старой машыне да Гувервіля. І потым ужо ніколі не пытаўся пра начлег, бо на ўскраіне кожнага горада быў свой Гувервіль.

Хламны пасёлак звычайна ўзнікаў каля вады; замест дамоў тут былі палаткі, буданы з бур'яну, загарадкі з кардону — кучы рознай непатрэбшчыны. Чалавек прывозіў сям'ю ў гэты пасёлак і лічыўся грамадзянінам Гувервіля — усе такія пасёлкі называліся Гувервілямі. Чалавек ставіў палатку як мага бліжэй да вады; а калі палаткі ў яго не было, ён ішоў на гарадскую звалку, прыносіў адтуль старыя кардонныя скрынкі і з гэтай гафрыраванай паперы будаваў сабе прыстанішча. А калі ліў дождж, яно размакала і зносілася вадой. Чалавек атабарваўся ў Гувервілі і снаваў на машыне па наваколлі, па фермах, шукаючы працы, і тыя мізэрныя грошы, што ў яго яшчэ заставаліся, ён траціў на бензін. Вечарамі мужчыны збіраліся разам і гутарылі. Седзячы на кукішках, яны гаварылі пра зямлю, якую бачылі ўсцяж дарог.

Вунь там, далей на захад, — трыццаць тысяч акраў. Ляжаць сабе проста так. Госпадзі, што я зрабіў бы з такой зямлёю — хоць з пяццю яе акрамі! Эх, чорт, на стале ў мяне было б усё!

А ты заўважыў? На фермах ні гародніны не садзяць, ні курэй не трымаюць, ні свіней. Разводзяць толькі адно — бавоўну або персікі ці салату. А на другой ферме адны куры. Усё астатняе купляюць, а маглі б хоць у агародчыках вырасціць.

Госпадзі, што б я зрабіў з парачкай свіней!

Ну, гэта ўсё не тваё і ніколі тваім не будзе.

Што ж рабіць? Гэтак дзяцей не выгадуеш.

У лагерах шэптам перадавалі адзін аднаму чуткі. У Шэфтары ёсць работа. І сярод ночы грузіліся машыны, на дарогах цесната — пагоня за работай, як залатая ліхаманка. У Шэфтары стоўпатварэнне, народу наехала ў пяць разоў больш, чым трэба. Пагоня за працай, як залатая ліхаманка. Яны выязджалі цішком ноччу, апанаваныя нястрымным імкненнем атрымаць работу. А ўздоўж дарог былі спакусы — палі, якія маглі даць хлеб.

На гэта ёсць гаспадар. Гэта не наша.

Што ж, можа, усё ж пашанцуе атрымаць тут невялічкі ўчастачак. Няхай самы маленькі. Вунь там — хоць лапік зямлі. Цяпер там адзін смярдзючы дурнап'ян. Госпадзі, з гэтага лапіка я столькі бульбы сабраў бы — на ўсю сям'ю хапіла б!

Яно не наша, Дурнап'ян дык дурнап'ян, няхай сабе расце. Час ад часу хто-небудзь набіраўся смеласці, пракрадаўся на лапіну зямлі і расчышчаў яе, спрабуючы па-зладзейску прысвоіць сабе крыху яе багацця. Патаемныя агароды, схаваныя сярод пустазелля. Пакецік маркоўнага насення і трохі рэпавага. Саджалі шалупінне ад бульбы, увечары крадком прабіраліся матычыць захопленую зямлю.

Пакінь пустазелле па краях — і ніхто не ўбачыць, што мы тут робім. І пасярэдзіне таксама пакінь буйны, высокі бур'ян.

Вечарамі ўпотай працавалі на агародах, насілі ваду з рэчкі ў іржавай бляшанцы.

І вось адным днём — шэрыфскі памагаты: ты што тут робіш?

Нічога дрэннага.

Я за табой даўно сачу. Зямля не твая. Ты парушаеш чужое права ўласнасці.

Тут зямля неўзараная, нікому ніякай шкоды я не раблю.

Во чортавы скватэры, самачынцы! Як бачыш гаспадарамі сябе адчуеце. Ды горка пашкадуеце. Падумаеш, гаспадар знайшоўся. Ану, давай адсюль!

І маленькія зялёныя макаўкі морквы пазбіваны нагой, націнне рэпы затаптана. І зноў забуяў дурнап'ян. Але прадстаўнік закону меў рацыю. Ураджай — гэта ўжо ўласнасць. Калі зямля ўскапана і морква з'едзена, чалавек, бадай, будзе біцца за зямлю, што дала яму харч. Хутчэй гнаць яго ў шыю! Яшчэ ўявіць сябе гаспадаром! Можа, нават насмерць будзе біцца за гэты лапік зямлі сярод смуроднага пустазелля.

Ты бачыў, якая ў яго была фізія, як мы рэпу тапталі? Чаго добрага і забіць мог. Такіх трэба трымаць у струне, а то ўсю зямлю тут у нас захопяць. Усю краіну.

Прышлыя, чужынцы.

Гавораць, праўда, па-нашаму, але ўсё роўна зусім іншы народ. Глядзі, як яны жывуць. Хіба хто з нашых стаў бы гэтак жыць? Чорта лысага!