Выбрать главу

— Там у нас раздавалі лісткі — такія аранжавыя. У іх пісалася, што тут патрэбна многа народу на збор ураджаю.

Малады чалавек засмяяўся:

— Тут кажуць, трыста тысяч такіх, як мы, і іду ў заклад, што сярод іх не знойдзецца і адной сям'і, якая не бачыла гэтых лісткоў.

— Так, але калі ім не патрэбныя людзі, навошта яны друкуюць такое?

— А ты паварушы, паварушы мазгамі.

— Добра, але ўсё ж скажы.

— Слухай, — сказаў малады чалавек. — Дапусцім, ты прапануеш работу, а ахвотнік на яе знайшоўся толькі адзін. Значыць, колькі ён запросіць, столькі ты яму і дасі. А дапусцім, ахвотнікаў сотня. — Ён адклаў інструмент убок. Пагляд яго пасуравеў, голас загучаў рэзка: — Дапусцім, сто чалавек хочуць атрымаць гэту работу. І дапусцім, у іх ёсць дзеці, і дзеці сядзяць галодныя. За паршывы дзесяціцэнтавік іх можна накарміць маісавай кашай. Дапусцім нават, што і за пяць купіш дзецям міску чаго-небудзь. І такіх, як ён, цэлая сотня. Прапануй ім пяць цэнтаў, і яны з-за гэтай нікелевай манеты горла адзін аднаму перагрызуць. Ведаеш, колькі мне плацілі на апошнім месцы? Пятнаццаць цэнтаў у гадзіну. За дзесяць гадзін паўтара даляра, а жыць там паблізу не дазвалялі. На адну дарогу колькі бензіну перапаліш. — Ён душыўся ад гневу, вочы гарэлі нянавісцю. — Вось таму лісткі гэтыя і друкуюць. А на тыя грошы, якія гаспадары зэканомяць, плацячы па пятнаццаць цэнтаў за цяжкую працу ў полі, можна чортаву процьму такіх лісткоў навыпускаць.

Том сказаў:

— Во дзярмо.

Малады чалавек з'едліва засмяяўся:

— А ты пажыві тут крыху і, калі ўчуеш дзе водар ружаў, пакліч мяне, я таксама панюхаю.

— Але ж павінна дзе-небудзь тут быць работа, — не здаваўся Том. — Божа мой, колькі тут усяго — фруктовыя сады, вінаграднікі, агароды! Я ж бачыў. На ўсё гэта людзі патрэбныя. Я ўсё сваімі вачамі бачыў.

З палаткі, каля якой стаяла машына, пачуўся плач дзіцяці. Малады чалавек пайшоў у палатку, і за брызентам пачуўся яго ціхі голас. Том узяў корбу, прыладзіў яе да шліца клапана і пачаў прыціраць яго, водзячы рукой то ў адзін, то ў другі бок. Дзіця перастала плакаць. Малады чалавек выйшаў з палаткі і стаў каля Тома, сочачы за яго работай.

— А ты ведаеш справу, — сказаў ён. — Гэта добра. Яшчэ прыдасца.

— Ну а ўсё ж такі як наконт таго, што я гаварыў? — напомніў Том. — Я бачыў, колькі тут усяго расце.

Малады чалавек прысеў каля яго на кукішкі.

— Вось што я табе скажу, — пачаў ён ціха. — Ёсць тут паблізу персікавы сад — вялізны, канца-краю няма. Я ў ім працаваў. Круглы год яго даглядаюць дзевяць чалавек. — Ён шматзначна памаўчаў. — А калі персікі паспяваюць, туды патрэбны на два тыдні тры тысячы рабочых. Столькі не знойдуць — усё пагніе. Дык што яны робяць? Рассылаюць гэтыя лісткі, куды толькі могуць. Ім патрэбны тры тысячы, а прыязджае цэлых шэсць. І гаспадар колькі захоча, столькі і плаціць. А не хочаш працаваць за такую плату, воля твая — месца тваё гатова заняць тысяча чалавек. І вось ты рвеш і рвеш гэтыя персікі з дрэў, і нарэшце канец — усе дрэвы голыя. А там паўсюль адны толькі персікі і растуць. І паспяваюць яны адной парой. Калі фрукты ўжо знятыя, дык усе да апошняга. Больш ва ўсёй акрузе рабіць няма чаго. Гаспадары не хочуць, каб ты там цяпер тырчаў. А такіх, як ты, тры тысячы. Усё, праца скончылася. Хто цябе ведае — можа, ты злодзей, можа, ты п'яніца ці дэбашыр. Да таго ж і выгляд у цябе не вельмі самавіты — тулішся ў пашарпанай палатцы; край цудоўны, а ад цябе смурод ідзе. Няма чаго тут швэндацца. Ну і гоняць цябе ў шыю — далей, далей. Вось яно як.

Том глянуў у бок сваёй палаткі і ўбачыў маці — ледзь рухаючыся ад стомы, яна распальвала невялікае вогнішча і ставіла на агонь кацялкі. Кола дзяцей падступіла бліжэй, і спакойныя, шырока расплюшчаныя дзіцячыя вочы сачылі за кожным рухам яе рук. Зусім састарэлы згорблены дзядок выпаўз, як барсук, з адной палаткі і пайшоў да іх, на хаду прынюхваючыся да пахаў. Закінуўшы рукі за спіну, ён стаў разам з дзецьмі назіраць, што робіць маці. Руці з Уінфілдам не адыходзілі ад маці, ваяўніча пазіраючы на чужакоў.

Том рашуча сказаў:

— Персікі трэба адразу абіраць, так? Як толькі паспеюць?

— Ну вядома.

— А што, калі ўсім згаварыцца і заявіць: «Няхай гніюць»? Тады яны, як міленькія, плату адразу павысяць!

Малады чалавек адарваў вочы ад клапанаў і з'едліва глянуў на Тома.

— Нічога не скажаш, прыдумаў! Сваім розумам дайшоў?

— Я зусім выматаўся, — адказаў Том. — Усю ноч за рулём сядзеў. Не хочацца ўцягвацца ў спрэчку. Так стаміўся, што ад любой дробязі магу ўскіпець. Ты лепш не задзірайся. Адказвай, калі ў цябе пытаюцца.