Выбрать главу

Малады чалавек шырока ўсміхнуўся:

— Ды я проста так. Ты толькі што прыехаў. А людзі тут ужо ўсё зразумелі. І тыя, у каго персікавыя сады, таксама ўсё разумеюць. Вось паслухай: каб з'яднацца, важак патрэбен, без яго ніяк нельга — нехта ж павінен гаварыць і тлумачыць. А варта яму толькі рот раскрыць, яго зараз жа хоп! — і за краты. А вынырне хто другі, яны і яго раз! — і за краты.

Том сказаў:

— Што ж, арыштанта, прынамсі, хоць кормяць.

— А дзяцей яго — не. Табе б так падабалася — ты сядзіш сабе ў турме, а дзеці твае з голаду паміраюць?

— Во-о як, — працягнуў Том. — Во-о як…

— І яшчэ адно. Пра чорныя спісы ты чуў?

— І што гэта такое?

— А вось палезь у пастку — заікніся толькі наконт таго, каб усім дзейнічаць заадно, адразу пазнаеш. З цябе зробяць здымак і разашлюць ва ўсе канцы. Тады ўжо работы нідзе не знойдзеш. А калі ў цябе яшчэ і дзеці ёсць…

Том зняў з галавы кепку і пачаў камечыць яе ў руках.

— Хм… значыць, што падвернецца, тое і бяры або здыхай з голаду. А пасмееш хоць пікнуць — здохнеш як піць даць.

Малады чалавек абвёў рукою шырокі круг, паказваючы на падраныя палаткі і пабітыя ржой аўтамашыны.

Том зноў глянуў на маці — цяпер яна абірала бульбу. Дзеці падступілі да яе яшчэ бліжэй. Ён сказаў:

— Не, я на такое не згодзен. Мы, каб на іх чэрці, не авечкі. Вось вазьму і дух выб'ю з каго-небудзь.

— Можа, з палісмена?

— Ды хоць з каго.

— Ты чокнуты, — сказаў малады чалавек. — З табой умомант расправяцца. Ні імя ў цябе няма, ні маёмасці ніякай. Знойдуць цябе ў канаве, калі ўжо кроў на твары запячэцца. А ў газеце надрукуюць толькі адзін маленькі радочак — ведаеш які? «Знойдзены труп бадзягі».

Том сказаў:

— Каля гэтага бадзягі яшчэ аднаго мерцвяка знойдуць.

— Ты чокнуты, — паўтарыў малады чалавек. — І што ты гэтым дакажаш?

— Ну, а ты што наважыў? — Том паглядзеў на вымазаны тавотам твар; вочы ў маладога чалавека быццам туманам завалакло.

— Нічога. Вы адкуль?

— Мы? З-пад Саліса, Аклахома.

— Нядаўна прыехалі?

— Толькі сёння.

— І доўга тут думаеце заставацца?

— Хто ведае. Дзе знойдзем працу, так і асядзем. А што?

— А нічога, — адказаў малады чалавек, і вочы ў яго зноў затуманіліся.

— Пайду пасплю, — сказаў Том. — Заўтра зрання паедзем работу шукаць.

— Што ж, паспрабуйце.

Том павярнуўся і пакрочыў да сваёй палаткі.

Малады чалавек узяў бляшанку з наждачнай маззю для прыціркі клапанаў і запусціў у яе палец.

— Гэй! — раптам крыкнуў ён услед Тому. Той азірнуўся.

— Што табе?

— Хачу нешта сказаць. — Малады чалавек паманіў Тома пальцам, вымазаным маззю. — Проста хачу табе нешта сказаць. Ты не лезь на ражон. Памятаеш таго ачмурэлага?

— З той вунь халупкі?

— Ага… прыдуркаваты такі… нічога не цяміць.

— Ну і што?

— Калі сюды заявяцца палісмены, а яны часцяком да нас наведваюцца, і ты такім прыкінься. Маўчы — нічога не ведаеш, нічога не разумееш. Палісмены толькі такіх нас і церпяць. І рукам волі не давай — гэта проста самагубства. Зрабі выгляд, што ты ачмурэў ад страху.

— Дык што — няхай палісмен што хоча, тое і робіць з табой, а ты маўчы?

— Ды не, што ты. Я зазірну да цябе вечарком. Можа, і не след мне гэтага рабіць. Паўсюль шпікі. Я іду на рызыку, у мяне ж малое дзіця. Але ўсё роўна зайду. А ты, калі ўбачыш палісмена, прыкінься дурнем, гэткім Окі, зразумеў?

— Што ж, гэта можна, калі справу рабіць, — адказаў Том.

— Ты не хвалюйся. Мы без справы не сядзім, толькі на вочы не лезем. Дзіцяці многа не трэба — два-тры дні пагаладае, і канец. — Ён зноў узяўся за працу, змазаў гняздо клапана, узяў корбу, і рука яго шпарка захадзіла ўзад і ўперад. Пагляд у яго зрабіўся нейкі тупы, бяздумны.

Том няспешна пабрыў да сваёй палаткі.

— Ачмурэлы… — ціха прамовіў ён.

Бацька і дзядзька Джон падышлі да палаткі, несучы бярэмі сухога голля, скінулі яго каля вогнішча і прыселі на кукішкі.

— Тут блізка ўсё падабралі, — сказаў бацька. — Давялося далёка ісці. — Ён зірнуў на дзяцей, што абкружылі вогнішча і лупілі на яго вочы. — Божа літасцівы! — усклікнуў ён. — Адкуль вас столькі набегла? — І дзеці збянтэжана апусцілі вочы долу.

— Пэўна, пачулі пах ежы, — сказала маці. — Уінфілд, не круціся пад нагамі. — Яна адштурхнула хлопчыка. — Думаю стушыць трохі мяса. Гарачага мы з самага ад'езду не елі. Бацька, схадзі ты ў краму, вазьмі каркавіны. Я патушу яе, пальчыкі абліжаце. — Бацька падняўся з кукішак і пайшоў.

Эл адкінуў капот грузавіка і пачаў разглядаць запэцканы змазкай рухавік. Пачуўшы за спінай крокі Тома, падняў галаву.