Выбрать главу

— Някепска было б цяпер пачак «Дэрэма» раздабыць, — сказаў ён. — Я не курыў ужо чорт ведае колькі. У Макалестары мы без курыва не сядзелі. Мяне часам назад туды цягне. — Ён зноў пастукаў сцяблінкай па зубах і раптам павярнуўся да прапаведніка. — Ты ў турме ніколі не сядзеў?

— Не, ніколі, — адказаў Кейсі.

— Ты так адразу ад нас не ідзі. Пачакай крыху.

— Чым раней пачну шукаць працу, тым хутчэй знайду.

Том пільна паглядзеў на яго прыплюшчанымі вачамі і зноў надзеў на галаву кепку.

— Слухай, — сказаў ён. — Прапаведнікі любяць пра малочныя рэкі з кісельнымі берагамі расказваць, а тут гэтым і не пахне. Тут нядобрыя справы робяцца. Мясцовыя жыхары баяцца тых, хто прыязджае сюды, на Захад, і напускаюць на іх паліцыю, каб напалохаць нас і назад павярнуць.

— Так і ёсць, — сказаў Кейсі. — Я гэта ведаю. А чаму ты пра турму пытаўся?

Том раздумліва загаварыў:

— Калі ў турме сядзіш… усё загадзя… нейкім чуццём… угадваеш. Там гаварыць многа між сабой не дазваляюць… з адным, з двума можна, а набярэцца больш — разганяюць. Вось і робішся такім, што ўсё востра ўспрымаеш. Калі што-небудзь наспявае… ну, скажам, звіхнецца твой сусед па камеры, стукне наглядчыка ручкай швабры па галаве… а ты загадзя ведаў, што так будзе. Уцёкі, бунт… цябе пра гэта папярэджваць не трэба. Сам здагадваешся. Прадчуваеш.

— І што ж?

— Пабудзь тут, — сказаў Том. — Хоць да заўтра пабудзь. Тут нешта наспявае. Я тут з адным хлопцам пагаварыў. Хітруе, віляе, як каёт, толькі, здаецца, крыху перабраў. Каёт каётам. Асцярожлівы такі, ціхманы, быццам у бязвінную гульню гуляе… а мне ўсё думаецца, нездарма курыца квокча.

Кейсі дапытліва паглядзеў на яго, адкрыў ужо рот, каб нешта сказаць, але раптам моцна сціснуў губы. Ён паволі перабіраў пальцамі нагі, потым зняў рукі з калень, крыху выставіў наперад адну ступню і паглядзеў на яе.

— Добра, — сказаў ён, — я пачакаю, адразу не пайду.

Том сказаў:

— Калі цэлы гурт людзей, добрых, ціхамірных людзей, не ведае, не разумее, што робіцца наўкол… значыць, трэба нечага чакаць.

— Я застаюся, — сказаў Кейсі.

— А заўтра зранку паедзем шукаць работу.

— Добра, — сказаў Кейсі і паварушыў пальцамі нагі, панура пазіраючы на іх. Том адкінуўся назад, абапершыся на локаць, і заплюшчыў вочы. З-за брызенту да яго слыху данесліся няясныя галасы Ружы Сарона і Коні.

Пад брызентам быў густы цень, і светлыя трохкутнікі з абодвух бакоў выступалі рэзка і выразна. Ружа Сарона ляжала на матрацы, а Коні сядзеў побач на кукішках.

— Трэба было б маці памагчы, — сказала Ружа Сарона. — Некалькі ўжо разоў я збіралася, але толькі варухнуся, адразу рвота.

Позірк у Коні быў пахмурны.

— Каб ведаў, што так будзе, не паехаў бы. Вывучыўся б дома вечарамі на трактарыста і меў бы тры даляры ў дзень. На тры даляры можна жыць яшчэ як, і ў кіно кожны вечар хадзіць.

Ружа Сарона насцярожылася.

— Вечарамі ты будзеш радыё вывучаць, — сказала яна. Коні доўга не адказваў ёй. — Ты ж будзеш? — патрабавальна запыталася яна.

— Ну, вядома. Як толькі на ногі стану. Крыху зараблю.

Ружа Сарона прыўзнялася на локці.

— Ты раздумаў?

— Н-не… не… вядома, не. Толькі я… я не ведаў, што прыйдзецца жыць у такіх месцах, як гэтае.

Пагляд у Ружы Сарона зрабіўся суровы.

— Значыць, так трэба, — прамовіла яна спакойна.

— Вядома, вядома. Сам разумею. Толькі перш на ногі стану. Зараблю трохі. А ўсё ж, відаць, лепш было б дома застацца, я вывучыўся б на трактарыста. Ім плацяць па тры даляры ў дзень, ды яшчэ прырабіць можна. — Ружа Сарона скіравала на яго пільны позірк, і, калі вочы іх сустрэліся, Коні зразумеў, што яна ўзважвае, вызначае яго вартасць. — А вучыцца я буду. Толькі спачатку трэба на ногі стаць.

Ружа Сарона рашуча, з выклікам сказала:

— Мы павінны дамок набыць, перш чым дзіця народзіцца. У палатцы раджаць не хачу і не буду.

— Ну зразумела, — сказаў Коні. — Але мне спачатку трэба стаць на ногі. — Ён выйшаў з-пад навеса і паглядзеў на маці — яна нахілілася над агнём, у якім гарэла сухое ламачча. Ружа Сарона лягла на спіну і ўтаропіла позірк у брызент над галавой. Потым заткнула вялікім пальцам рот, як кляпам, і ціха заплакала.

Маці ўкленчыла перад вогнішчам і ламала голле, падтрымліваючы агонь пад кацялком, у якім тушылася мяса. Языкі полымя то ўзнімаліся ўгору, то ападалі, то ўзнімаліся, то ападалі. Дзеці, іх было пятнаццаць, моўчкі стаялі вакол вогнішча і не зводзілі з яго вачэй. І калі да іх дайшоў пах тушанага мяса, насы ў іх крышачку зморшчыліся. Сонца паблісквала на іх пабурэлых ад пылу жоўтых валасах. Дзеці адчувалі, што няёмка так стаяць і пазіраць, але прэч не ішлі. Маці ціха гаварыла з дзяўчынкай, што стаяла ў самым цэнтры гэтага гурту дзяцей, якія з прагнасцю глядзелі на кацялок. Дзяўчынка была крыху старэйшая за астатніх дзяцей. Яна стаяла на адной назе, гладзячы лытку пад'ёмам голай ступні. Рукі яна сашчапіла за спінай. Маленькія шэрыя вочы спакойна глядзелі на маці. Яна прапанавала: