Выбрать главу

— Дайце наламаю вам сучча, мэм.

Маці падняла галаву ад кацялка:

— Відаць, хочаш есці папрасіць?

— Так, мэм, — спакойна адказала дзяўчынка.

Маці падсунула сучча пад кацялок, і агонь ціха загудзеў.

— Ты сёння не снедала?

— Не, мэм. Тут ніякай работы няма. Та хоча прадаць што-небудзь з пажыткаў, купіць бензіну і паехаць далей.

Маці зноў зірнула на яе:

— Астатнія таксама не снедалі?

Дзеці бянтэжліва пераступілі з нагі на нагу і адвялі вочы ад кацялка, ад якога ішла пара. Адзін маленькі хлопчык пахваліўся:

— Я снедаў… і брацік мой таксама… і вось гэтыя двое, сам бачыў. Мы добра пад'елі. Вечарам паедзем далей на поўдзень.

Маці ўсміхнулася:

— Значыць, вы не галодныя. А то на ўсіх не хопіць.

Хлопчык выпнуў ніжнюю губу.

— Мы добра пад'елі, — паўтарыў ён і раптам крута павярнуўся, пабег і нырнуў у сваю палатку. Маці так доўга глядзела яму ўслед, што дзяўчынка вырашыла напомніць ёй:

— Агонь зусім патух, мэм. Я распалю яго, калі хочаце.

Руці з Уінфілдам стаялі сярод дзяцей, стараючыся захаваць спакой і годнасць. Яны трымаліся адчужана і, разам з тым, як гаспадары. Руці глянула на дзяўчынку халоднымі, злоснымі вачамі, потым прысела каля агню і стала ламаць галінкі.

Маці зняла накрыўку з кацялка, памяшала мяса палачкай.

— Вось і добра, што вы не ўсе галодныя. Той маленькі хлопчык напэўна ж не галодны.

Дзяўчынка насмешліва ўсміхнулася:

— Хто — ён? Проста выхваляецца. Падумаеш, нос задраў! Калі ў іх на вячэру нічога няма, ведаеце, што ён выдумляе? Учора вечарам выйшаў з палаткі і кажа: мы курыцу елі. А як жа! Я яшчэ раней зазірнула да іх у палатку і бачыла, што ў іх было на вячэру: адны аладкі, як і ва ўсіх у нас.

— А-а… — Маці кінула позірк на палатку, у якую шмыгнуў маленькі хлопчык, і запыталася ў дзяўчынкі: — А вы даўно ў Каліфорніі?

— Ну, месяцаў шэсць. Спачатку мы жылі ва ўрадавым лагеры, потым паехалі далей, на поўдзень, а калі вярнуліся, там было ўжо поўна. Во дзе жыць добра, я вам скажу.

— Дзе гэта? — запыталася маці і, узяўшы з рук Руці наламаныя галінкі, паклала іх у агонь. Руці з нянавісцю зірнула на дзяўчынку.

— А там, каля Ўідпэтча. Там і прыбіральні добрыя, і душавыя ёсць, бялізну можна памыць у начоўках, вада блізка — добрая, пітная, па вечарах музыка іграе, а ў суботу вечарам танцы. О, вы нідзе такога не бачылі. І дзецям ёсць пляцоўка, а ў прыбіральнях папера. Пацягнеш ручку ўніз, вада туды льецца, і палісмены ніякія не лезуць у палаткі, а той дзядзька, што начальнікам там ходзіць, далікатны такі — зойдзе ў госці, добра пагаворыць і зусім не ганарысты. Хацела б я яшчэ там пажыць.

Маці сказала:

— Першы раз чую пра такі лагер. Я з радасцю памыла б бялізну ў такой пральні, далібог, праўда.

Дзяўчынка з захапленнем гаварыла:

— У іх, а божачкі, гарачая вада ідзе проста па трубах, станеш пад душ, і так цёпленька робіцца і прыемна. Такога лагера нідзе больш няма.

Маці запыталася:

— Там цяпер поўна, кажаш?

— Ага. Калі мы апошні раз заехалі, усё было занята.

— Вялікія, пэўна, грошы бяруць, — прамовіла маці.

— Так. Але калі грошай няма, дазваляюць адпрацоўваць — па дзве гадзіны ў тыдзень: на ўборку пасылаюць, скрынкі для смецця чысціць. Ну, усякае такое. А вечарам музыка іграе, людзі пагутарыць збіраюцца, а гарачая вада дык проста па трубах бяжыць. Вы такога лагера ніколі не бачылі.

— Хацела б я паехаць туды, — сказала маці.

Тут Руці ўжо не стрымалася і са злосцю выпаліла:

— А ў нас бабка памерла проста на грузавіку. — Дзяўчынка здзіўлена паглядзела на яе. — Так, так, проста на грузавіку, і следчы яе забраў. — Руці моцна сцяла губы і наламала яшчэ невялікую кучку сухіх сучкоў.

Уінфілд заморгаў вачамі, уражаны смелым выпадам Руці.

— Проста на грузавіку, — паўтарыў ён за ёю. — А следчы запіхнуў яе ў вялікі кош.

— Сціхніце вы абое, — умяшалася маці, — а то шугану вас адсюль, — і падкінула ў агонь сучча.

На другім канцы лагера Эл падышоў паглядзець на прыцірку клапанаў.

— Бачу, канчаеш ужо, — сказаў ён.