Выбрать главу

— Яшчэ два засталіся.

— А дзяўчаты тут ёсць?

— У мяне жонка, — адказаў малады чалавек. — На дзяўчат у мяне часу не хапае.

— А ў мяне заўсёды хапае, — сказаў Эл. — На што іншае — няма, а на гэта ёсць.

— А ты пагаладай, тады другое запяеш.

Эл засмяяўся:

— Усё можа быць. А пакуль што ў мяне такі настрой.

— Я тут разгаварыўся з адным. Ён з вамі прыехаў?

— З намі.. Гэта мой брат, Том. Ты з ім глядзі, не надта. Ён чалавека забіў.

— Забіў чалавека? За што?

— Між імі бойка была. Той пырнуў яго нажом. А Том яму па галаве рыдлёўкай.

— Праўда? А суд быў?

— Быў. Адпусцілі, бо здарылася гэта ў бойцы.

— На задзіраку ён не падобны.

— Ды не, які ён задзірака. Але Том нікому не спусціць. — У голасе Эла прагучаў гонар. — Том чалавек спакойны. І ўсё-такі будзь з ім асцярожны.

— Што ж… Мы з ім пагаварылі. Мне здалося, ён не зласлівы.

— Не, не зласлівы. Ён ціхі, пакуль яго не давядуць, а тады ўжо — сцеражыся! — малады чалавек узяўся за апошні клапан. — Давай дапамагу паставіць клапаны, і галоўку надзенем.

— Ну памажы, калі табе больш рабіць няма чаго.

— Някепска было б паспаць, — сказаў Эл, — ды толькі варта мне ўбачыць разабраную машыну, і рукі самі цягнуцца да яе. Не магу ўтрымацца.

— За дапамогу буду табе вельмі ўдзячны, — сказаў малады чалавек. — Мяне завуць Флойд Ноўлс.

— А я Эл Джоўд.

— Вельмі рады пазнаёміцца.

— Я таксама. Пракладку пакінеш старую?

— Давядзецца, — адказаў Флойд.

Эл дастаў з кішэні складны ножык і паскроб ім блок рухавіка.

— Эх, — сказаў ён, — нічога на свеце так не люблю, як пакапацца ў машыне.

— А дзяўчат?

— О, і дзяўчат! Вось каб разабраць «ролс-ройс», а потым зноў сабраць! Адзін раз удалося зазірнуць пад капот шаснаццаціцыліндравага «кадылака», і, божа мой, такога цуду ты ў жыцці не бачыў! Іду я па вуліцы ў нас, у Саліса, і бачу — стаіць шаснаццатка каля рэстарана, і я падняў капот. І тут выходзіць з рэстарана нейкі дзядзька і кажа: «Ты што тут робіш?» А я яму: «Проста гляджу. Цудоўная машына, праўда?» А ён стаў побач са мной і стаіць. Пэўна, сам ніколі ў яе не заглядаў. Стаў і стаіць. Багаты такі, у саламяным капелюшы. Кашуля ў палоску, акуляры. Нічога адзін аднаму не гаворым. Проста глядзім. А потым ён раптам пытаецца: «Хацеў бы павадзіць?»

Флойд сказаў:

— Так я табе і паверыў!

— Далібог, праўда. «Хацеў бы павадзіць?» А я ў джынсах, у брудных. Кажу яму: «Запэцкаю сядзенне». А ён: «Садзіся. Аб'едзем квартал». І, павер, я сем ці восем разоў вакол квартала аб'ехаў. Божа, што за машына!

— Шык?

— Яшчэ які! Разабраць бы яе ўсю на частачкі… я за гэта… не ведаю, што аддаў бы.

Рука Флойда перастала тузацца ўзад і ўперад. Ён выняў апошні клапан з гнязда і агледзеў яго.

— Ты лепш прывыкай да драндулетаў, — сказаў ён. — Шаснаццатку табе наўрад ці калі прыйдзецца вадзіць. — Флойд паклаў корбу на падножку і пачаў счышчаць стамескай нагар на галоўцы блока.

Дзве прысадзістыя жанчыны, проставалосыя, босыя, прайшлі паўз іх, несучы ўдзвюх вядро мутна-белай вады. Яны ледзь валаклі ногі пад цяжарам сваёй ношы і не падымалі вачэй ад зямлі. Сонца хілілася на захад.

Эл сказаў:

— Цябе, відаць, нічога асабліва не вабіць.

— Я тут ужо шэсць месяцаў, — сказаў ён. — Сную па ўсім штаце, на працы не шкадую сябе, хуценька шукаю новае месца, каб было на што купіць мяса і бульбы жонцы, сабе і дзецям. Носішся, як заяц… а толку мала. Тут хоць са скуры вылузвайся, сыты ўсё роўна не будзеш. Я проста стаміўся, і ўсё. Так стаміўся, што за ноч сілы не набіраюся. Што далей рабіць, розуму не дабяру.

— Няўжо нельга сталую работу знайсці? — запытаўся Эл.

— Не, сталай работы тут не знойдзеш. — Флойд саскроб рэшткі нагару з галоўкі блока і працёр цьмяны метал прамасленай анучкай.

Да лагера пад'ехала лядашчая легкавая машына. У ёй сядзела чацвёра мужчын — ва ўсіх твары загарэлыя, суровыя. Машына паволі рухалася між палатак. Флойд крыкнуў ім:

— Ну як, пашанцавала?

Машына спынілася. Чалавек, што сядзеў за рулём, адказаў:

— Усё навокал аб'ездзілі. Нідзе ніякай работы. Трэба ехаць адсюль.

— Куды? — крыкнуў Эл.

— Адзін бог ведае. Куды мы толькі не патыкаліся! — Вадзіцель адпусціў тормаз, і машына паехала далей.

Эл пазіраў ёй услед.

— Можа, лепш было б ездзіць па адным? Адзін хутчэй работу знойдзеш.

Флойд паклаў стамеску і нявесела ўсміхнуўся:

— Ты яшчэ не вучаны. На раз'езды бензін патрэбен. А галон бензіну каштуе пятнаццаць цэнтаў. Гэтыя чацвёра не могуць дазволіць сабе ездзіць на чатырох машынах.

Яны складваюцца па дзесяць цэнтаў і купляюць бензін. Табе яшчэ трэба павучыцца.