Выбрать главу

— Не, па-мойму, гэта быў не ты. Ай, божа мой, як мне млосна!

Кейсі сказаў:

— Са мной усё ясна. Вы лепш ідзіце паглядзіце, што з той жанчынай.

— А дзе яна?

— У той вунь палатцы.

Старшы з памагатых шэрыфа з вінтоўкай у руцэ пакрочыў да палаткі. Падышоўшы, нешта сказаў праз брызент і ўвайшоў. Неўзабаве ён выйшаў, вярнуўся да машыны і з налётам гордасці сказаў:

— Во, чорт, што можа нарабіць сорак пяты калібр! Ёй жгут наклалі. Мы доктара прышлём.

Двое палісменаў селі па баках Кейсі. Старшы націснуў на ражок сірэны. Лагер нібы вымер. Полкі палатак былі шчыльна захінутыя, людзі не паказваліся. Загуў матор, машына развярнулася і паехала з лагера. Кейсі сядзеў між канваірамі, высока ўзняўшы галаву на сваёй жылістай шыі. На губах у яго застыла слабая ўсмешка, на твары быў нейкі дзіўны трыумфальны выраз.

Калі палісмены паехалі з лагера, людзі павыходзілі з палатак. Сонца зайшло, і на лагер апусцілася сіняватае вячэрняе сутонне. Горы на ўсходзе яшчэ жаўцелі ў сонечных промнях. Жанчыны вярнуліся да сваіх патухлых вогнішчаў. Мужчыны зноў сабраліся купкамі і, седзячы на кукішках, ціха загаварылі.

Эл вылез з-пад брызентавага навеса і пашыбаваў да вербняку — свіснуць Тому. Маці таксама выйшла і зноў узялася распальваць вогнішча з голля.

— Бацька, — сказала яна, — я вам многа не дам. Сёння мы позна снедалі.

Бацька і дзядзька Джон, не адыходзячы ад палаткі, назіралі, як маці абірае бульбу і наразае яе тонкімі скрылікамі над патэльняй, густа змазанай топленым салам. Бацька сказаў:

— Чаго гэта прапаведнік так зрабіў?

Руці і Ўінфілд падкраліся зусім блізка да іх і прыпалі да зямлі, каб паслухаць, пра што яны гавораць.

Дзядзька Джон праводзіў у зямлі глыбокія барозны доўгім іржавым цвіком.

— Ён разумее, што такое грэх. Я пытаўся ў яго пра гэта, і ён мне ўсё растлумачыў. Толькі не ведаю, ці мае ён рацыю. Кажа: чалавек грашыць, калі думае, што ён саграшыў. — Вочы ў дзядзькі Джона былі поўныя стомы і тугі. — Я заўсёды ад усіх таіўся. Я такое рабіў, пра што нікому не расказваў.

Маці падняла галаву ад вогнішча і павярнулася да яго:

— І не расказвай, Джон. Раскажы ўсё богу. Не ўзвальвай цяжар сваіх грахоў на чужыя плечы. Гэта несумленна.

— Яны мне душу вярэдзяць, — сказаў Джон.

— Усё роўна другім не расказвай. Пайдзі на рэчку, акуні галаву ў ваду і шэптам скажы ўсё плыні.

Бацька паволі ківаў галавой у такт словам маці.

— Яна правільна кажа, — прамовіў ён. — Табе, канешне, палягчэе, калі падзелішся з іншымі, але тады грэх твой пойдзе кругамі.

Дзядзька Джон паглядзеў на пазалочаныя сонцам горы, і золата іх адбілася ў яго ў вачах.

— Я стараюся адолець сябе, — сказаў ён, — і не магу. Усё нутро выядае.

Ззаду яго Ружа Сарона, млявая, выйшла з палаткі.

— Дзе ж гэта Коні? — з раздражненнем запыталася яна. — Нешта даўно яго не бачу. Дзе ён прапаў?

— Ён мне на вочы не пападаўся, — адказала маці. — Убачу, пашлю да цябе.

— Мне нездаровіцца, — сказала Ружа Сарона, — а ён пакінуў мяне адну.

Маці паглядзела на апухлы твар дачкі.

— Ты плакала, — сказала яна.

Слёзы зноў нагарнуліся на вочы Ружы Сарона.

Маці рашуча сказала:

— Вазьмі сябе ў рукі. Ты не адна — нас многа. Вазьмі сябе ў рукі. Ідзі сюды абяры бульбу. Няма чаго шкадаваць сябе.

Ружа Сарона адступіла назад пад брызент. Яна старалася ўнікнуць строгага погляду матчыных вачэй, але ён прымусіў яе пабрысці да вогнішча.

— А чаго ён пайшоў? — сказала яна, але слёз ужо не было.

— Вазьміся за справу. А то сядзіш адна ў палатцы і шкадуеш сама сябе. Мне не было калі ўзяцца за цябе. Цяпер ужо вазьмуся. Вось табе нож і бярыся за бульбу.

Ружа Сарона паслухмяна апусцілася на калені каля вогнішча. Са злосцю сказала:

— Няхай толькі прыйдзе. Я яму ўжо задам.

Губы ў маці расцягнуліся ва ўсмешцы:

— Ён і набіць цябе можа. Сама на гэта напрошваешся — ныеш, песцішся. Калі ён і ўваб'е ў цябе крыху розуму, я толькі дзякуй яму скажу.

Вочы ў Ружы Сарона ўспыхнулі абурэннем, але яна змоўчала.

Дзядзька Джон сваім шырокім вялікім пальцам загнаў іржавы цвік глыбока ў зямлю.

— Я мушу ўсё расказаць, — прагаварыў ён.

Бацька сказаў:

— Ну і расказвай, каб цябе чэрці! Каго ты забіў?

Дзядзька Джон запусціў палец у кішэньку для гадзінніка на сваіх сініх джынсах і вывудзіў адтуль перагнутую папалам зашмальцаваную грашовую паперку. Расправіў яе і паказаў бацьку:

— Пяць даляраў.

— Украў? — запытаўся бацька.

— Не, яны мае. Утаіў.

— Яны ж твае, дык што?

— А тое, што я не меў права іх утойваць.