Кейсі сказаў:
— Бачыш, як добра падымалася кукуруза, пакуль яе пылам не засыпала? Багаты быў бы ўраджай.
— Кожны год, — сказаў Джоўд, — кожны год, як я сябе памятаю, выспяваў добры ўраджай, але ні разу так і не выспеў. Дзед казаў, што зямля толькі першыя пяць гадоў добра радзіла, пакуль яшчэ перагной ад старога пустазелля ў ёй заставаўся.
Дарога апусцілася па схіле ўзгорка і паднялася на другі пакацісты груд.
Кейсі сказаў:
— Адсюль да старога Тома будзе не болей за мілю. За трэцім узгоркам, здаецца, так?
— Правільна, — адказаў Джоўд. — Калі толькі дом наш не ўкралі, як некалі бацька зрабіў.
— Дом украў?
— Ага. Знайшлі пусты мілі за паўтары адсюль і ўкралі. Сям'я, што там жыла, перабралася ў іншае месца. Дзед, бацька і Ной, брат мой, хацелі перацягнуць увесь дом цалкам, ды ён не даваўся. Толькі з паловай справіліся. Таму ён у нас такі дзіўнаваты з аднаго боку. Рассеклі на дзве часткі, у адну палову ўпрэглі дванаццаць коней і два мулы і перавезлі на свой участак. Вярнуліся па другую палову — хацелі прыбудаваць яе да першай, але раней за іх туды паспеў Уінк Мэнлі са сваімі хлопцамі і з-пад носа сцягнуў тое, што засталося. Дзед з бацькам злыя хадзілі, як чэрці, ды неяк раз выпілі з Уінкам, і ўсе трое толькі за жываты трымаліся ад рогату. Уінк кажа: дом мой цяпер як жарабец, прыводзьце вашу палову, мы іх злучым, і, можа, ад іх добрыя «шпакоўні» пойдуць. Стары Ўінк, як вып'е, мог такое вытварыць! Пасля гэтага бацька і дзед моцна з ім пасябравалі. Знаходзілі любую магчымасць выпіць разам.
— Стары Том малайчына, — пагадзіўся Кейсі. Узнімаючы пыл, яны спусціліся па схіле ўзгорка і на пад'ёме запаволілі крок. Кейсі выцер рукавом лоб і зноў надзеў свой пляскаты капялюш. — Так, Том малайчына, — паўтарыў ён. — Блюзнер, але малайчына. Бывала, на маленнях, памятаю, прасякнецца святым духам зусім крышачку, а скача ледзь не пад столь. Калі ўжо старога Тома праняло, дык сцеражыся — а то нагамі затопча. Што племянны жарабок у стойле.
Яны ўзышлі на вяршыню наступнага ўзгорка, а там дарога апусцілася да крывога рэчышча ручая з няроўнымі, абсыпанымі берагамі, збарозненымі дажджавымі вымоінамі. Кладка была з камянёў. Джоўд асцярожна перабраўся басанож на другі бераг.
— Вось ты ўсё пра майго бацьку дзяўбеш, — сказаў Джоўд. — А ты паглядзеў бы на дзядзьку, калі яго хрысцілі на Поўлкавым падворку. Бегае, гойсае, скача. Перамахнуў нават цераз разлапісты куст вышынёй з піяніна. Раз! — туды пераскочыў; раз! — назад пераляцеў і вые, як здзічэлы сабака ў месячную ноч. Бацька лічыў сябе найлепшым скакуном ва ўсёй акрузе, і як убачыў гэта, аблюбаваў такі ж шырачэзны куст, удвая толькі вышэйшы, завішчаў не сваім голасам, як свіння, што бітым шклом апарасілася, пераскочыў з разбегу цераз куст і вывіхнуў правую нагу. Тут з яго дух божы і вылецеў. Прапаведнік усё лезе памаліцца, каб нага выправілася, а бацька кажа: не, ну яго к богу, падавай мне доктара. А дзе яго ўзяць, доктара? Дантыст тут нейкі бадзячы трапіўся, ну ён яму косць і ўправіў. А прапаведнік усё роўна за сваё — памаліўся-такі.
Яны паволі адолелі нястромкі пад'ём па другі бок яра. Цяпер, калі сонца хілілася на захад, спёка пачала спадаць, і хоць паветра па-ранейшаму было яшчэ гарачае, сонечныя промні абрыналіся ўжо з меншай сілай. Па краях дарогі стаялі такія ж крывыя калы з нацягнутым на іх калючым дротам. Справа драцяная загарадзь пайшла праз баваўнянае поле, але няспелы бавоўнік быў аднолькавы з абодвух бакоў — сухі, цёмна-зялёны, зацярушаны пылам.
Джоўд паказаў рукой на межавую загарадзь:
— Вось наша мяжа. Папраўдзе, агароджа нам была без патрэбы, але ў нас завёўся дрот, і бацьку закарцела абгарадзіць поле. Цяпер, кажа, адчуваеш: сорак акраў — гэта сорак акраў! Толькі не было б ніякай агароджы, каб неяк раз ноччу дзядзька Джон не прывёз у сваім фургоне цэлых шэсць шпуль дроту. Выменяў у бацькі на парася. Дзе ён узяў гэты дрот, так і засталося тайнай. — На пад'ёме яны пайшлі цішэй, цягнучы ногі па мяккім, глыбокім пыле і адчуваючы пад ступнямі зямлю. Вочы ў Джоўда нібы ўзіраліся ў мінулае. Здавалася, ён паціху пасмейваецца сам з сябе. — Дзівак у нас дзядзька, — сказаў ён. — Узяць хоць парася гэтае, — ён хіхікнуў і моўчкі пайшоў далей.