Выбрать главу

А кампаніі і банкі рыхтавалі сабе пагібель, толькі не ведалі гэтага. На палях абапал дарог вырас добры ўраджай, а па дарогах ехалі галодныя людзі. Клеці былі поўныя, а дзеці беднякоў раслі рахітыкамі, і на целе ў іх высыпалі пелагрычныя прышчы. Буйныя кампаніі не ведалі, што мяжа між голадам і гневам вельмі тонкая. І грошы, якія маглі б пайсці на аплату працы, ішлі на газы, зброю для іх агентаў і шпегаў, на чорныя спісы, на муштру. Людзі, як мурашкі, распаўзаліся па дарогах у пошуках працы, хлеба. І гнеў пачаў брадзіць у душах людзей.

Раздзел дваццаць другі

Было ўжо зусім позна, калі Том Джоўд збочыў на грунтавую дарогу, шукаючы лагер Уідпэтч. Агні трапляліся рэдка. Толькі зарыва, што палыхала ззаду на небе, паказвала, дзе быў Бейкерсфілд. Грузавік ішоў павольна, дробна трасучыся кузавам, перад яго коламі з дарогі ўцякалі кошкі, якія выйшлі на начное паляванне. Каля скрыжавання дарог стаяла купка белых драўляных дамкоў.

Маці спала, седзячы паміж Томам і бацькам, а той маўчаў усю дарогу, аддаўшыся сваім думкам.

Том сказаў:

— Дзе яго шукаць, не ведаю. Можа, пачакаем тут світання і спытаемся ў каго-небудзь з тутэйшых жыхароў? — Ён спыніў грузавік каля дарожнага знака, і ў гэты момант яшчэ адна машына пад'ехала да скрыжавання. Том высунуў галаву з кабіны:

— Гэй, містэр, можа, ведаеце, дзе тут вялікі лагер?

— Трымай прама.

Том пераехаў скрыжаванне і праз некалькі соцень ярдаў спыніўся. Наперадзе відаць былі высокая драцяная агароджа і шырокія вароты, да якіх вяла пад'язная дарога. За варотамі стаяў маленькі дамок з адным асветленым акном. Том павёў машыну да варот. Раптам грузавік падскочыў і з грукатам асеў на зямлю.

— Бог ты мой! — сказаў Том. — Я і не заўважыў, што тут нейкі насып.

Вартаўнік падняўся з ганка, падышоў да машыны і прыхінуўся да борта.

— Паспяшаўся, вось і стукнуўся, — сказаў ён. — Другі раз паберажэшся.

— А што гэта такое, скажы, калі ласка?

Вартаўнік засмяяўся:

— Тут дзеці цэлы дзень носяцца. Просім людзей ехаць цішэй, а яны забываюць. А як стукнецца хто разок, дык ужо павек не забудзе, што тут насып.

— А-а… вунь яно што. Спадзяюся, што абышлося без паломкі. А як тут у вас… месца нам знойдзецца?

— На адну палатку. Колькі вас?

Том пачаў лічыць па пальцах:

— Я, бацька, маці, Эл, Разашарна, дзядзька Джон і Руці з Уінфілдам. Апошнія двое — дзеці.

— Ну што ж, думаю, уладкуем вас. Палатка і ўсё астатняе ёсць?

— Ёсць брызент і матрацы.

Вартаўнік стаў на падножку.

— Кіруй па гэтым радзе да канца, а там — направа. Прыпішам вас да санітарнага блока нумар чатыры.

— А што гэта такое?

— Там туалеты, душавыя і пральня.

Маці запыталася:

— У вас пральня ёсць… і водаправод?

— А як жа.

— Слава табе, госпадзі! — вырвалася ў маці.

Том вёў грузавік у цемры паўз доўгі шэраг палатак. У санітарным блоку гарэў няяркі агонь.

— Сюды вось кіруй, — сказаў вартаўнік. — Месца добрае. Адсюль толькі што выехалі.

Том спыніў машыну.

— Тут?

— Ага. Цяпер няхай твае разгружаюцца, а ты ідзі са мной, я запішу вас. І кладзіцеся спаць. Раніцай да вас прыйдзе лагерная камісія і ўсё вам растлумачыць.

Том апусціў вочы долу.

— Фараоны? — запытаўся ён.

Вартаўнік засмяяўся:

— Палісменаў тут няма. У нас свая ахова. Людзі самі выбіраюць. Хадзем.

Эл саскочыў з грузавіка і падышоў да іх.

— Тут застаёмся?

— Застаёмся, — адказаў Том. — Вы з бацькам разгружайцеся, а я пайду ў кантору.

— Толькі цішэй, — папярэдзіў вартаўнік. — Шмат хто ўжо спіць.

Том пакрочыў услед за вартаўніком па цёмным лагеры і падняўся па прыступках у маленечкі пакойчык, дзе стаялі стары пісьмовы стол і крэсла. Вартаўнік сеў да стала і дастаў з шуфляды чысты бланк.

— Зваць як?

— Том Джоўд.

— Стары — гэта твой бацька?

— Ага.

— Як яго зваць?

— Таксама Том Джоўд.

Пытанні сыпаліся адно за адным. Адкуль прыехалі, колькі ўжо часу ў гэтым штаце, дзе працавалі. Вартаўнік падняў галаву і глянуў на Тома:

— Я не з цікаўнасці. У нас так заведзена.

— Зразумела, — сказаў Том.

— Ну, а грошы ёсць?

— Трохі ёсць.

— Можа, вы зусім без сродкаў?