— Не, трохі ёсць. А што?
— А тое, што стаянка каштуе даляр на тыдзень, але можна адпрацоўваць — вываз смецця, прыбіранне лагера… ну рознае такое.
— Мы адпрацуем.
— Заўтра да вас прыйдзе камісія. Раскажуць вам, як тут усім карыстацца, і растлумачаць правілы, якія тут у нас заведзены.
Том сказаў:
— Слухай, а што гэта такое? Што за камісія такая?
Вартаўнік адкінуўся на спінку крэсла:
— Яна добра працуе. У лагеры пяць санітарных аддзяленняў. З кожнага выбіраюць сваіх прадстаўнікоў у цэнтральную камісію. Яна тут усім распараджаецца. Яе слова — закон.
— А калі хто з іх вельмі крута загне?
— Ну што ж, адклікаць яго можна таксама лёгка, як і абраць. Ды не, усе добра працуюць. Нядаўна ў нас вось што было. Ведаеш гэтых прапаведнікаў з секты трасуноў? Ледзь дзе збярэцца народ, яны тут як тут — пропаведзі чытаюць і бляшанку па крузе пускаюць. Ну, наважыліся яны і сюды пранікнуць. Шмат хто са старэйшых захацеў іх паслухаць. Слова за цэнтральнай камісіяй. Склікалі сход і вырашылі так: «Прапаведаваць у лагеры дазваляецца ўсім. Збіраць ахвяраванні не дазваляецца нікому». Старыя нашы зажурыліся, бо з таго дня ніводзін прапаведнік тут больш носа не паказвае.
Том засмяяўся і спытаў:
— Значыць, тыя, што запраўляюць лагерам, тут і жывуць?
— Ну так. І гэта толькі на карысць справе.
— А яшчэ ты гаварыў пра палісменаў…
— Цэнтральная камісія сочыць, каб быў парадак, і ўводзіць правілы. А яшчэ ёсць жаночая камісія. Заўтра яны зойдуць да тваёй маці. Яны за дзецьмі наглядаюць і сочаць за чысцінёй у санітарных блоках. Калі маці твая куды-небудзь на працу не пойдзе, ёй даручаць дзяцей, чые бацькі ходзяць на працу, а калі яна сама дзе ўладкуецца, што ж, на яе месца знойдуцца іншыя. Жанчыны і шыццём займаюцца, тут да нас медыцынская сястра прыходзіць, вучыць іх. Заняткі ёсць розныя.
— Дык што, у вас зусім фараонаў няма?
— Няма, сэр. Без ордэра на арышт палісмен сюды не паткнецца.
— Ну, а калі хто наскандаліць ці нап'ецца і кулакі ў ход пусціць, што тады?
Вартаўнік праткнуў алоўкам прамакатку:
— Пасля першага разу цэнтральная камісія папярэджвае яго. Пасля другога яму даюць строгае папярэджанне. А пасля трэцяга — выганяюць з лагера.
— Госпадзі, проста не верыцца! Сёння пад ноч шэрыфскія памагатыя і гэтыя малойчыкі ў форменных фуражках цэлы лагер каля рэчкі спалілі.
— Да нас яны не ходзяць, — сказаў вартаўнік. — Іншы раз вечарам нашы хлопцы выстаўляюць дазоры ўздоўж агароджы, асабліва калі ў нас тут танцы вечарам у суботу.
— Кожную суботу танцы? Божачка літасцівы!
— Ва ўсёй акрузе лепшых вечарынак не бывае.
— Вось яно як! Чаму нідзе больш такіх лагераў няма?
Вартаўнік насупіўся:
— Давядзецца табе самому дадумацца. Ідзі паспі трохі.
— Добрай ночы, — сказаў Том. — Маці маёй тут вельмі спадабаецца. З ёю даўно ўжо па-чалавечы не абыходзіліся.
— Добрай ночы, — адказаў вартаўнік. — Кладзіся спаць. У нас тут рана ўстаюць.
Том ішоў па праходзе між двума радамі палатак. Вочы яго ўжо прывыклі бачыць пры святле зорак. Ён заўважыў, што рады палатак усе прамыя і што смецця каля іх няма. Зямля між імі падмецена і апырскана вадой. З палатак чулася роўнае храпенне. Увесь лагер спаў. Том ішоў не спяшаючыся. Ён падышоў да санітарнага блока нумар чатыры і з цікавасцю агледзеў яго: непафарбаваны будынак, нізенькі і груба скіданы, пад паветкай — некалькі радоў балеяў мыць бялізну. Непадалёк ён убачыў свой грузавік і ціхенька падышоў да яго. Брызент быў ужо нацягнуты, пад ім не чулася ні гуку. Падышоўшы бліжэй, ён убачыў, як з ценю, што падаў ад грузавіка, аддзялілася нечая постаць і пасунулася ў яго бок. Гэта была маці. Яна ціха запыталася:
— Гэта ты, Том?
— Я.
— Ш-ш!.. — прашаптала яна. — Усе спяць. Вельмі знясілелі.
— Табе таксама не шкодзіла б паспаць.
— Я цябе чакала. Усё добра?
— Парадак, — адказаў Том. — Але нічога расказваць не буду. Раніцай сама пра ўсё даведаешся. Табе тут падабаецца?
Маці зноў прашаптала:
— Кажуць, у іх тут гарачая вада ёсць.
— Ага, ёсць. А цяпер спаць кладзіся. Я ўжо не прыпомню, калі ты апошні раз спала.
Але маці дапытвалася:
— А што ты такое не хочаш мне расказаць?
— Ды нічога. Ідзі спаць.
І тут яна сказала тонам капрызнай дзяўчынкі:
— А як я засну, калі ўвесь час толькі і думаць буду, чаму ён расказваць не хоча.
— А ты не думай, — сказаў Том. — Раніцай, як устанеш, надзень свежую сукенку і… тады сама пра ўсё даведаешся.
— Не, я з такімі думкамі заснуць не змагу.
— А трэба. — Том весела хмыкнуў. — Трэба паспаць.