Кейсі нецярпліва чакаў, калі Джоўд зноў загаворыць. Але працягу не было. Ён даў Джоўду яшчэ трохі часу, каб сабрацца з думкамі, і нарэшце не вытрымаў і крыху раздражнёна спытаўся:
— Ну і што ж ён з парасём гэтым зрабіў?
— Га? А-а… Ну, ён тут жа, на месцы, закалоў яго і загадаў маці пліту распаліць. Тады выразаў адбіўных і паклаў на гарачую патэльню, а рэбры з кумпяком у духоўку засунуў. Адбіўныя з'еў, тым часам рэбры згатаваліся, а як рэбры абгрыз, кумпяк падрумяніўся. Узяўся за кумпяк — адхопіць нажом добры кавалак і пхае ў рот. Мы, дзеці, ад яго не адыходзім, клянчым, і ён, нарэшце, пачаставаў нас, а бацьку ні дробачкі не даў. Нарэшце так аб'еўся, што яго званітавала, і тады ён залёг спаць. Пакуль спаў, мы з бацькам з кумпяком тым расправіліся. Раніцай дзядзька Джон падымаецца і другі кумпяк бразь — у духоўку. Бацька пытаецца: «Няўжо, Джон, ты ўсяго падсвінка з'есці сабраўся?» А той кажа: «Сабраўся, Том. Баюся толькі, каб ён не пратух, перш чым я яго ў страўнік адпраўлю, а я тухляціны не ем, хоць і страшэнна люблю свініну. Пакладзі трохі сабе на талерку, а мне аддай назад дзве шпулі дроту». Ну, сэр, бацька мой не з дурных. Даў дзядзьку Джону абжырацца, а як надышоў час таму ехаць, яшчэ больш за палову засталося. Бацька і кажа: «Ты яе засаліў бы, Джон». Але ж дзядзька не такі: захоча свежаніны, дык ты яму цэлую свінню падавай, а наб'е жывот, нават паху яе не церпіць. Паехаў, а што засталося, бацька засаліў.
Кейсі сказаў:
— Калі б я быў, як раней, прапаведнікам, дык зараз жа вывеў бы з гэтага мараль і наставіў бы цябе на шлях ісцінны. Але больш пропаведзяў ніхто ад мяне ўжо не пачуе. Як думаеш, чаму ён гэтак зрабіў?
— Не ведаю, — адказаў Джоўд. — Проста прагны на свініну. Мне і самому, як успомніў, страшэнна захацелася. За ўсе чатыры гады толькі чатыры кавалкі смажанай свініны з'еў — па адным на кожныя Каляды.
Тонам прапаведніка Кейсі прамовіў:
— Можа, Том зарэжа адкормленае цяля свайму блуднаму сыну, як у Пісанні?
Джоўд пагардліва засмяяўся:
— Ты, браце, бацькі не ведаеш. Калі ён курыцу рэжа, дык не столькі крыку ад яе, колькі ад яго самога. Не можа ён такое рабіць. Свінню заўсёды беражэ на Каляды, а яна ў верасні задзірае капыты — ад перакорму ці ад хваробы якой, пасля чаго есці яе нельга. Затое дзядзька Джон, як захочацца яму свініны, дык наесца ўжо да адвалу. Свайго не прапусціць.
Яны падняліся на грэбень узгорка і ўнізе ўбачылі ферму Джоўдаў. Том спыніўся.
— Тут нешта не так, — сказаў ён. — Зірні на дом. Штосьці нядобра. Нідзе ні душы.
Абодва стаялі, пазіраючы на невялікую купку будынін.
Раздзел пяты
Землеўласнікі пачалі наведвацца на свае землі, але часцей замест сябе пасылалі пасрэднікаў. Агенты гэтыя паяўляліся на палях у лімузінах, шчупалі і расціралі пальцамі сухую зямлю, а то заганялі ў глебу земляны бур і бралі пробу. З-за парканаў сваіх апаленых сонцам падворкаў арандатары з трывогай сачылі за лімузінамі, што снавалі ўздоўж палёў. Нарэшце пасрэднік уязджаў у двор і, не выходзячы з кабіны, заводзіў гутарку з арандатарам праз акенца. Падышоўшы да машыны, арандатары першыя хвіліны стаялі, потым апускаліся на кукішкі і вадзілі па пыле падабранымі з зямлі пруткамі.
Праз адчыненыя дзверы дамкоў вызіралі кабеты, а з-за іх спін цікавалі дзеці — светлавалосыя, пад колер кукурузы, дзеці з шырока расплюшчанымі вачамі, — пачухваючы пальцамі адной босай нагі галёнку другой. Жонкі і дзеці не спускалі вачэй са сваіх мужчын, якія размаўлялі з прадстаўнікамі гаспадароў зямлі, і зацята маўчалі.
Адны агенты гаварылі мякка, бо ім брыдка было рабіць тое, на што іх паслалі; другія — раздражнёна, бо ім брыдка было праяўляць жорсткасць, а трэція — холадна-спакойна, бо даўно ўжо зразумелі, што гаспадар павінен быць халодным і спакойным. І кожнага з іх учэпіста трымала нейкая неадольная сіла. Некаторыя з іх ненавідзелі матэматыку, якая даймала іх, другія баяліся сваёй матэматыкі, а іншыя абагаўлялі яе, бо ў ёй яны знаходзілі збавенне ад думак і чалавечых пачуццяў. Калі зямлёй валодаў банк ці фінансавая кампанія, агент гаварыў: банк ці кампанія хоча… адчувае патрэбу… настойліва патрабуе… не можа абысціся… быццам банк ці кампанія — нейкая пачвара, надзеленая розумам і пачуццямі, страшыдла, якое завабіла іх у свае цянёты. Агенты не неслі адказнасці за дзейнасць банкаў і кампаній, яны былі ўсяго толькі людзі, нявольнікі, а банкі — гэта ж машына! Яна і валадар. Сёй-той з агентаў нават нямала ганарыўся тым, што ён нявольнік такіх халодных і магутных валадароў. Агенты сядзелі ў машынах і тлумачылі людзям: вы ж ведаеце, зямля спустошылася. Бог ведае колькі ўжо гадоў вы капаецеся ў ёй.