Выбрать главу

Абодва мужчыны напоўнілі свае талеркі, палілі праснакі гарачым салам і пасаладзілі каву.

Старэйшы напхаў поўны рот праснака, жаваў, жаваў, сёрбаў каву і глытаў.

— Божа мой, якая смаката! — сказаў ён і зноў напхаў рот.

Малодшы сказаў:

— Мы дванаццаты ўжо дзень добра ядзім. Ні разу не было так, каб не пад'елі — і снеданне, і абед, і вячэра. Працуем, атрымліваем грошы і добра харчуемся. — Ён зноў, ледзь не як ашалелы, накінуўся на ежу, наклаўшы сабе поўную талерку. Потым абодва мужчыны выпілі пякучай кавы, выплюхнулі гушчу на зямлю і зноў налілі ў кубкі.

— Ну, час ісці, — сказаў старэйшы.

Малады павярнуўся да Тома:

— Слухай, мы тут трубы пракладаем недалёка. Хочаш, пойдзем з намі, можа, і цябе гаспадар возьме.

Том сказаў:

— О, вельмі вам удзячны. І за снеданне дзякуй вялікі.

— Калі ласка, — сказаў старэйшы. — Мы паспрабуем табе памагчы ўладзіцца на працу, калі хочаш.

— Вы проста наскрозь мяне бачыце — вядома, хачу, — адказаў Том. — Толькі пачакайце хвілінку. Я сваіх папярэджу. — Ён паспешліва пайшоў да сваёй палаткі, нагнуўся і зазірнуў пад брызент. У прыцемку ўбачыў няясныя постаці на матрацах. Пад адной коўдрай нехта раптам заварушыўся. З-пад яе, выкручваючыся, як змяя, выбралася Руці, валасы падалі ёй на вочы, сукенка была памятая, уся скручаная. Дзяўчынка асцярожна выпаўзла на жываце з палаткі і стала на ногі. Шэрыя вочы яе са сну глядзелі спакойна і ясна, без гарэзлівасці. Том адышоў ад палаткі, кіўком галавы паманіў яе за сабой, вочы іх стрэліся.

— Госпадзі, як ты расцеш! — сказаў Том.

Руці сумелася і адвяла позірк.

— Вось слухай, — сказаў Том. — Нікога цяпер не будзі, а як падымуцца, скажы, што я пайшоў — можа, на працу ўладкуюся. Маме скажы, я ў суседзяў снедаў. Зразумела?

Руці кіўнула галавой, што зразумела, і зноў адвярнулася, пагляд вачэй яе быў зусім дзіцячы.

— Не будзі іх, — яшчэ раз папярэдзіў Том і паспешліва пакрочыў да сваіх новых знаёмых. А Руці апасліва падышла да санітарнага блока і крадком зазірнула ў адчыненыя дзверы.

Абодва мужчыны чакалі Тома. Ён вярнуўся. Маладая жанчына выцягнула з палаткі матрац і пасадзіла на яго дзіця, а сама ўзялася мыць бялізну.

Том сказаў:

— Мне трэба было сказаць бацькам, куды я пайшоў. Яны яшчэ спяць. — Усе трое пакрочылі па праходзе між палатак.

Лагер пачынаў ажываць. Каля толькі што разведзеных вогнішчаў завіхаліся жанчыны, рыхтавалі снеданне — рэзалі мяса, мясілі цеста на праснакі. А мужчыны пахаджвалі каля палатак і каля машын. Неба было ўжо ружовае. Перад канторай высокі худы стары клапатліва разраўноўваў граблямі дарожку. Ён так вадзіў граблямі, што вузкія баразёнкі выходзілі простыя і глыбокія.

— Нешта ты сёння рана падняўся, бацька, — сказаў яму малады чалавек, калі яны ўсе трое праходзілі міма.

— Ага, так. За пастой адпрацоўваю.

— За пастой! — усміхнуўся малады. — Ён напіўся ў суботу вечарам і дапазна гарланіў песні ў сваёй палатцы. Камісія ў пакаранне прымусіла яго папрацаваць. — Яны ішлі цяпер па краі чорнай ад мазуту дарогі, абсаджанай з аднаго боку арэхавымі дрэвамі. З-за гор вызірнуў абадок сонца. Том сказаў:

— Дзіўна неяк. Я паснедаў у вас, а як зваць мяне, не сказаў, і вы таксама не назваліся. Я — Том Джоўд.

Старэйшы глянуў на яго і слаба ўсміхнуўся:

— Ты, відаць, у гэтых краях нядаўна?

— Усяго некалькі дзён.

— Так я і думаў. Проста дзіўна — і хутка ж тут адвыкаеш імя сваё называць… так шмат народу. Адзін аднаго тут клічуць проста «прыяцель». Дык вось, сэр, зваць мяне Цімаці Ўолес, а гэта сын мой — Уілкі.

— Вельмі прыемна, — сказаў Том. — А вы самі тут даўно?

— Дзесяць месяцаў, — адказаў Уілкі. — Мы прыбылі сюды ў самым хвасце леташняга патоку бежанцаў. А госпадзі! Ну і часіна была, ну і часіна! Ледзь з голаду не памерлі. — Іх чаравікі пастуквалі па грунтавой дарозе. Міма прайшоў грузавік, поўны людзей, паглыбленых у свае думкі. Яны трымаліся за барты і панура пазіралі на дарогу.

— Гэтыя працуюць на газавую кампанію, — сказаў Цімаці. — Добра зарабляюць.

— Я мог бы ўзяць наш грузавік, — прапанаваў Том.

— Не, не варта. — Цімаці нахіліўся і падабраў з зямлі зялёны грэцкі арэх. Калупнуў яго пазногцем і шпурнуў у чорнага дразда, які сядзеў на драцяной агароджы. Дрозд успырхнуў і, калі арэх праляцеў пад ім, зноў апусціўся на дрот і пачысціў дзюбкай бліскучае чорнае пер'е.

Том запытаўся:

— А ў вас машыны няма?

Абодва Ўолесы змоўчалі, і, глянуўшы на іх, Том убачыў збянтэжанасць на іх тварах.