Выбрать главу

— Ты даўно ўстала? — шэптам запытаўся ён.

Руці бясшумна, з асцярогай азіраючыся, павяла яго ад палаткі і, калі адышліся на бяспечную адлегласць, сказала:

— Я і не клалася. Усю ноч на нагах.

— Няпраўда, — сказаў Уінфілд. — Ты манюка.

— Няхай так, — адказала Руці. — Толькі калі я манюка, дык нічога табе не раскажу. Аднаго дзядзьку нажом зарэзалі, а потым прытупаў мядзведзь і звалок дзіцяня. А я табе пра гэта не раскажу.

— Ніякага мядзведзя не было, — няўпэўнена запярэчыў Уінфілд. Ён прыгладзіў валасы пальцамі і адцягнуў штаны ў кроку.

— Добра, няхай не было, — з'едліва сказала Руці. — І тых белых гаршчочкаў з таго самага, з чаго пасуду робяць, — памятаеш, у каталогах бачылі?

Уінфілд вылупіў на сястру вочы. Ён паказаў рукой на санітарны блок і запытаўся:

— Там?

— Я ж манюка. Ты ўсё роўна не паверыш, дык я і расказваць не буду.

— Пойдзем паглядзім.

— Я там ужо была. Пасядзела на іх. Нават папікала туды.

— А вось і не, — сказаў Уінфілд.

Дзеці пайшлі да будыніны, у якой быў санітарны вузел, і Руці цяпер ужо нічога не баялася. Яна смела ўвайшла туды першая. Уздоўж адной сцяны прасторнага памяшкання былі туалеты — адсекі з дзвярамі спераду. Белы фаянс у іх ззяў чысцінёй. Уздоўж процілеглай сцяны выстраіліся ўмывальныя ракавіны з кранамі, а насупраць увахода былі чатыры душавыя кабінкі.

— Вось, глядзі, — сказала Руці. — Гэта ўнітазы — як у каталогу. — Дзеці падышлі да аднаго туалета. Руці з паказной храбрасцю задрала спаднічку і села на ўнітаз. — Казала ж табе, я тут была, — сказала Руці, і ва ўнітазе пачулася цурчанне.

Уінфілд адчуў няёмкасць. Рука яго націснула на спускны рычажок, і раптам равучы палілася вада. Руці спалохана падскочыла і шарахнулася ўбок. Яны стаялі пасярод памяшкання і пазіралі на ўнітаз. Вада ў ім усё яшчэ булькатала.

— Гэта ты ўсё, — сказала Руці. — Падышоў і зламаў. Я бачыла.

— Не, я не ламаў. Далібог, гэта не я.

— Я ж сама бачыла. Да добрых рэчаў цябе і блізка падпускаць нельга.

Уінфілд паныла апусціў галаву. Потым глянуў на Руці, і вочы ў яго наліліся слязьмі, падбародак задрыжаў. І Руці пашкадавала яго.

— Ну нічога, — сказала яна. — Я не паскарджуся на цябе. Мы скажам — так і было. Скажам, мы сюды і не заходзілі нават. — Дзеці пайшлі з памяшкання.

Сонца ўжо ледзь дакраналася да краю гор і свяціла на жалезныя рыфленыя дахі пяці санітарных блокаў, на шэрыя палаткі і на чыста падмеценыя дарожкі між імі. Лагер прачнуўся. У паходных печках гарэў агонь, у печках, зробленых з газавых бітонаў і ліставога жалеза. У паветры цягнула дымком. Полкі палатак былі адкінутыя, і людзі расхаджвалі па лагеры. Перад Джоўдавай палаткай, паглядаючы па баках, стаяла маці. Убачыўшы дзяцей, пайшла ім насустрач.

— Я ўжо не ведала, што і падумаць, — сказала яна. — Не ведала, дзе вас шукаць.

— А мы проста так хадзілі, глядзелі, — адказала Руці.

— А Том дзе? Вы яго не бачылі?

Руці напусціла на сябе важны выгляд.

— Так, мэм, бачылі. Ён пабудзіў мяне і сказаў, што перадаць. — Дзяўчынка замаўчала, каб падкрэсліць сваю значнасць.

— Ну, што? — нецярпліва запыталася маці.

— Ён прасіў перадаць табе… — Руці зноў замаўчала і глянула на Ўінфілда, ці бачыць ён, якая ў яе важная роля.

Маці падняла руку, нібы замахваючыся:

— Ну што?

— Ён работу атрымаў, — выпаліла Руці. — Пайшоў працаваць. — Яна з апаскай паглядзела на паднятую руку маці. Рука апусцілася, потым пацягнулася да дзяўчынкі. Маці абняла Руці за плечы, парывіста прыціснула да сябе і адпусціла.

Руці ў замяшанні ўставілася ў зямлю і загаварыла пра іншае:

— У іх там унітазы. Беленькія.

— А ты ўжо збегала туды, — занепакоілася маці.

— Мы з Уінфілдам пабылі там, — адказала Руці і адразу ж учыніла вераломства: — Уінфілд сапсаваў прыбіральню.

Хлопчык пачырванеў. Ён бліснуў вачамі на Руці.

— А яна туды папікала, — сказаў ён помсліва.

Маці захвалявалася:

— Што вы там нарабілі? Пакажыце. — Яна сілай павяла малых да дзвярэй санітарнага вузла і ўштурхнула ўсярэдзіну. — Дык што вы тут натварылі?

Руці паказала на ўнітаз:

— Тут як засвішча, зашыпіць, потым як забулькоча! Цяпер сціхла.