Выбрать главу

— Пакажыце, што вы зрабілі, — патрабавала маці.

Уінфілд нехаця падышоў да ўнітаза.

— Я толькі слабенька так націснуў на вось гэта, — сказаў ён. — Проста ўзяўся рукой вось так, і… — Зноў зашумела вада, і хлопчык адскочыў.

Маці закінула галаву назад і засмяялася; Руці і Ўінфілд пакрыўджана пазіралі на яе.

— Так яно і павінна быць, — сказала маці. — Я некалі бачыла такія. Калі скончыш, трэба націснуць.

Дзеці адчулі вялікі сорам за сваю недасведчанасць. Яны выйшлі за парог і пайшлі праходам паміж палатак — падзівіцца на шматлікую сям'ю, што сядзела за снеданнем.

Маці праводзіла дзяцей позіркам. Потым агледзела памяшканне. Падышла да душавой кабінкі і зазірнула ў яе. Падышла да ўмывальных ракавін і правяла далонню па белым фаянсе. Крыху адкруціла кран, падставіла пад струмень палец і паспешліва адхапіла руку, калі пайшла гарачая вада. З хвілінку разглядала ракавіну, потым уторкнула затычку і напусціла ў ракавіну вады, крыху з гарачага крана і крыху з халоднага. Тады яна памыла рукі ў цёплай вадзе, умыла твар і ўжо прыгладжвала мокрымі рукамі валасы, як за яе спінай раптам пачуліся нечыя крокі па цэментавай падлозе. Маці крута павярнулася. Перад ёю стаяў пажылы чалавек і глядзеў на яе з зусім зразумелым абурэннем. Ён строга запытаўся:

— Як вы сюды папалі?

Маці сутаргава глынула сліну, адчуваючы, як вада сцякае з падбародка і праз сукенку дабіраецца да цела.

— Я не ведала, — прамовіла яна прабачлівым тонам. — Думала, тут для ўсіх.

Пажылы чалавек насупіўся.

— Тут для мужчын, — сказаў ён сурова. Тады падышоў да дзвярэй і паказаў на дошчачку: ДЛЯ МУЖЧЫН. — Ну вось, больш доказаў не трэба. Вы што, не бачылі?

— Не, — пачырванеўшы ад сораму, адказала маці. — Не заўважыла. А ёсць, дзе мне можна?

Абурэнне пажылога чалавека астыла.

— Вы толькі што прыехалі? — запытаўся ён больш прыязным тонам.

— Уночы.

— Значыць, камісія яшчэ з вамі не гаварыла?

— Якая камісія?

— Ну як жа — жаночая камісія.

— Не, са мной не.

Пажылы чалавек важна сказаў:

— Хутка яна да вас зойдзе і ўсё растлумачыць. Мы клапоцімся аб навічках. А калі вам патрэбна жаночая прыбіральня, абыдзіце будынак. Той бок — ваш.

Маці няўпэўнена запыталася:

— Вы кажаце, што жаночая камісія… прыйдзе да нас у палатку?

Чалавек кіўнуў галавой:

— Так, павінна хутка прыйсці.

— Дзякуй вам, — сказала маці, паспешліва выйшла за дзверы і ледзь не бягом кінулася да сваёй палаткі.

— Бацька! — крыкнула яна. — Джон, падымайцеся! І ты, Эл. Уставайце ўсе, памыйцеся. — Яе сустрэлі няўцямнымі, соннымі позіркамі. — Уставайце, ідзіце твары памыйце. І валасы прычашыце.

Дзядзька Джон быў бледны і з выгляду нездаровы. На падбародку ў яго чарнеў кровападцёк.

Бацька запытаўся:

— Што здарылася?

— Камісія! — выгукнула маці. — У іх тут камісія… жаночая камісія… хутка прыйдзе да нас. Уставайце ж, ідзіце мыцца. Пакуль мы тут спалі і храплі, Том на працу ўладкаваўся. Падымайцеся, ну!

Усе выйшлі з-пад брызенту яшчэ сонныя. Дзядзька Джон пахіснуўся на хаду, і па твары яго прабегла хваравітая грымаса.

— Ідзіце ў той дамок і памыйцеся, — загадала маці. — Хуценька паснедаем, бо прыйдзе камісія. — Маці прынесла трэсак, што ляжалі кучкай за палаткамі, развяла агонь і дастала кухонны посуд. — Кукурузныя аладкі, — сказала яна сама сабе. — Аладкі з падліўкай. Так хутчэй. Трэба спяшацца. — Яна гаварыла сама з сабой, а Руці з Уінфілдам стаялі побач і здзіўлена пазіралі на яе.

Над лагерам пацягнуўся дымок ранішніх вогнішчаў, адусюль чулася гамонка.

Ружа Сарона, раскудлачаная, заспаная, вылезла з-пад брызенту. Маці, мераючы прыгаршчамі кукурузную муку простага памолу, павярнулася да дачкі. Паглядзела на пакамечаную, нясвежую сукенку, на зблытаныя, нечасаныя валасы.

— Прывядзі сябе ў парадак, — вымавіла яна скорагаворкай. — Зараз жа пайдзі і памыйся. Надзень чыстую сукенку, я яе памыла. Прычашыся, пратры вочы. — Маці вельмі хвалявалася.

Ружа Сарона панура буркнула:

— Я сябе дрэнна адчуваю. Хачу, каб Коні прыйшоў. Без яго я рабіць нічога не буду.

Маці крута павярнулася да дачкі. Далоні яе і запясці былі ў жоўтай кукурузнай муцэ.

— Разашарна, — строга сказала яна, — вазьмі сябе ў рукі. Досыць табе хныкаць. Сюды хутка з'явіцца жаночая камісія, што ж, мы на іх спадылба глядзець будзем?

— Дык жа ж мне нездаровіцца.

Маці ступіла да яе, выставіўшы наперад зацярушаныя мукой рукі.

— Ідзі памыйся, — загадала яна. — Бывае так, што свае хворасці трэба трымаць пры сабе.