Выбрать главу

— Мяне нудзіць, — жаласліва паскардзілася Ружа Сарона.

— Дык адыдзіся ўбок, і няхай вырве. Канешне, цябе будзе нудзіць. Усіх нудзіць. Адыдзіся ўбачок, потым прывядзі сябе ў парадак, ногі памый і туфлі надзень. — Маці зноў вярнулася да вогнішча. — І косы запляці, — дадала яна.

На гарачай патэльні сквірчэла сала, і тук зашыпеў і пырснуў у бакі, калі маці апусціла ў яго цеста з лыжкі. Падліўку яна згатавала ў кацялку — развяла муку ў растопленым сале, дадала вады, пасаліла і разбоўтала. Кава пачала падымацца ў вялікай, на галон, бляшанцы, і ад яе пацягнула кававым водарам.

Бацька не спяшаючыся вяртаўся да палаткі, і маці агледзела яго крытычным вокам. Ён запытаўся:

— Ты кажаш, Том атрымаў працу?

— Так, сэр. Пайшоў, яшчэ як мы спалі. Ану, адчыні гэту скрынку, вазьмі чысты камбінезон і кашулю. І вось яшчэ што, самой мне зусім няма часу, дык ты памый вушы Ўінфілду і Руці. Там ёсць гарачая вада. Зробіш? Добра патры ім вушы і шыю. Каб дзеткі ў нас былі свежанькія і аж блішчалі.

— Во расшчабяталася, такой цябе я яшчэ ніколі не бачыў, — сказаў бацька.

— Трэба, каб у сям'і быў прыстойны выгляд! У дарозе не было як. А цяпер можна. Свой брудны камбінезон пакінь у палатцы, я яго потым памыю.

Бацька пайшоў пад навес і неўзабаве паявіўся ў злінялым ад мыцця сінім камбінезоне і кашулі. Ён павёў пасумнелых і ўстрывожаных дзяцей да санітарнага блока.

Маці крыкнула ім наўздагон:

— Добра патры ім вушы!

Дзядзька Джон паказаўся ў дзвярах мужчынскага аддзялення, вызірнуў, потым вярнуўся, сеў на ўнітаз і доўга сядзеў там, падпёршы балючую галаву рукамі.

Маці зняла з патэльні румяныя аладкі і толькі паспела апусціць у гарачае сала некалькі лыжак рэдкага цеста, як на зямлю каля вогнішча ўпаў нечы цень. Яна азірнулася цераз плячо. Ззаду стаяў маленькага росту чалавек з худым, загарэлым, зрэзаным маршчынамі тварам і вясёлымі вачамі. Ён быў тонкі, як жэрдка. Яго беленькі чысты пінжак дзе-нідзе распоўзся ў швах. Чалавек усміхнуўся ёй і сказаў:

— Добрай раніцы.

Маці глянула на яго белы касцюм, і твар яе падазрона нахмурыўся.

— Добрай, — адказала яна.

— Вы місіс Джоўд?

— Я.

— Мяне зваць Джым Роўлі. Я адміністратар лагера. Зайшоў паглядзець, як тут у вас, ці ўсё ў парадку. Вам, можа, што-небудзь трэба?

Маці недаверліва разглядала яго.

— Не, — адказала яна.

Роўлі сказаў:

— Калі вы прыехалі, я ўжо спаў. На шчасце, у нас аказалася вольнае месца. — Голас яго гучаў ветліва.

Маці прастадушна адказала:

— Тут усё вельмі добра. Асабліва там, дзе мыюць бялізну.

— Пачакайце, хутка жанчыны збяруцца на мыццё. Вось будзе весела! Як на малітоўным сходзе. Ведаеце, місіс Джоўд, што яны ўчора зрабілі? Хорам заспявалі. Пяюць гімны і труць бялізну ў такт. Было што паслухаць, паверце.

З твару маці паступова сходзіў недавер да гэтага чалавека.

— Відаць, сапраўды прыемна было слухаць. Вы тут за начальніка?

— Не, — адказаў Роўлі. — Народ тут у нас такі, што пазбавіў мяне неабходнасці начальстваваць. Падтрымліваюць чысціню ў лагеры, глядзяць, каб быў парадак — самі з усім спраўляюцца. Такіх людзей я зроду не бачыў. У зале, дзе ў нас бываюць сходы, адзежу шыюць, цацкі робяць. Зроду такіх людзей не бачыў.

Маці паглядзела на сваю нячыстую ўжо сукенку.

— А мы яшчэ ў брудным ходзім, — сказала яна. — Цяжка сачыць за сабой у дарозе.

— Хіба я не ведаю? — сказаў адміністратар лагера і пацягнуў носам. — Скажыце… гэта ў вас кава так смачна пахне?

Маці ўсміхнулася:

— Праўда, смачна? На паветры заўсёды ўсё лепш пахне. — І з пачуццём уласнай годнасці прамовіла: — Мы палічым за гонар, калі вы паснедаеце з намі.

Ён падышоў да вогнішча, апусціўся на кукішкі і гэтым канчаткова абяззброіў маці.

— Нам такі госць вялікая пачэснасць, — сказала яна. — Снеданне ў нас, праўда, не надта каб, але сардэчна запрашаем.

Карантыш усміхнуўся:

— Я паснедаў ужо, дзякуй. Але ад кубачка кавы не адмоўлюся. Цудоўны пах.

— Ага, ага, калі ласка.

— Вы толькі не ўвіхайцеся так праз мяне.

Маці наліла ў алавянны кубак кавы з вялікай кансервавай бляшанкі і сказала:

— Цукру мы яшчэ не дасталі. Сёння, можа, купім. Калі вы п'яце з цукрам, вам будзе нясмачна.

— З цукрам я не п'ю, — сказаў Джым Роўлі. — Ён толькі смак добрай кавы перабівае.

— А я люблю крыху з цукрам, — сказала маці. Яна раптам пільна паглядзела на яго, каб зразумець, чым ён так лёгка і хутка заваяваў яе прыхільнасць. Яна шукала разгадкі ў яго на твары і не знаходзіла ў ім нічога такога, акрамя прыязнасці. Потым зірнула на яго белы пінжак з пасечанымі швамі і зусім супакоілася.