Ён папіваў каву з кубка дробнымі глыткамі.
— Жанчыны, напэўна, зойдуць да вас гэтым ранкам.
— Мы яшчэ не прыбраліся, — сказала маці. — Добра было б, каб яны прыйшлі, калі мы ўжо крышачку спарадкуемся.
— Ну, яны ведаюць, як бывае, — адказаў адміністратар. — Самі так прыехалі. Не, што вы, камісіі ў нас тут добрыя — усё разумеюць. — Ён дапіў каву і падняўся на ногі. — Мне трэба ісці далей. Калі што вам спатрэбіцца, заходзьце ў кантору. Мяне там заўсёды знойдзеце. Цудоўная кава, дзякуй. — Ён паставіў свой кубак побач з іншымі на скрыню, памахаў рукой і пайшоў уздоўж палатак. Маці чула, як ён загаворваў з людзьмі, што сустракаліся яму па дарозе. Яна апусціла галаву, ледзь стрымліваючы слёзы.
Бацька падышоў да палаткі, ведучы за сабой дзяцей. У вачах у іх яшчэ стаялі слёзыад перанесеных пакут — бацька няшчадна пацёр ім вушы. Яны ішлі прыціхлыя і чысценькія. Скура на асмаленым сонцам носе Ўінфілда аблупілася.
— Вось, — сказаў бацька. — Разам з брудам саскроб яшчэ і два пласты скуры. Давялося крышачку патузаць іх — ніяк стаяць спакойна не хацелі.
Маці акінула дзяцей крытычным позіркам.
— Цяпер на іх і паглядзець прыемна, — прамовіла яна. — Ешце аладкі з падліўкай. Трэба паспець яшчэ прыбраць і тут, і ў палатцы.
Бацька паставіў на скрыню талеркі, сабе і дзецям.
— Дзе гэта Том уладкаваўся на працу, хацеў бы я ведаць.
— Не магу сказаць.
— Ну раз ён знайшоў месца, дык і мы знойдзем.
Да палаткі вярнуўся радасна ўзбуджаны Эл.
— Вось гэта лагер! — усклікнуў ён, узяў аладку і наліў сабе кавы. — Ведаеце, чым тут адзін чалавек займаецца? Прычэп сабе майструе пад жыллё. Вунь там, за тымі палаткамі. У прычэпе ў яго ложкі і печка — усё, што трэба. Жыві сабе ў ім. Вось гэта жыццё! Дзе спыніўся, там і жыві.
Маці сказала:
— Я хацела б лепш жыць у доміку. Як толькі ў нас будзе на што, адразу купім домік.
Бацька сказаў Элу:
— Скончым снедаць, возьмем грузавік і паедзем шукаць працы — ты, я і дзядзька Джон.
— Ага, — сказаў Эл. — Вось каб устроіцца дзе-небудзь у гаражы, калі б знайшлося свабоднае месца. Нічога мне больш не трэба. І каб дастаць яшчэ стары ўцэнены «фордзік». Афарбую ў жоўты колер і буду сабе раз'язджаць прыпяваючы. Бачыў тут прыгожанькую дзяўчынку. Перамаргнуўся з ёю. Прыгожанькая, як чорт ведае што.
Бацька строга сказаў:
— Спярша ты на працу ўладкуйся, а потым ужо катом хадзі.
Дзядзька Джон выйшаў з туалета і паволі падыбаў да палаткі. Маці зірнула на яго і нахмурылася.
— Ты ж не памыўся… — пачала яна і раптам убачыла, што ён зусім хворы, слабы, сумны. — Ідзі пад брызент, паляжы там, — сказала яна. — Ты нездаровы.
Дзядзька Джон пакруціў галавой:
— Не. Я саграшыў, і гэта мне кара. — Ён паныла прысеў каля скрыні, наліў сабе кавы ў кубак.
Маці зняла з патэльні апошнія аладкі і, нібы мімаходзь, сказала:
— Прыходзіў адміністратар лагера, пасядзеў трохі, выпіў кавы кубак.
Бацька паволі падняў на яе вочы:
— Прыходзіў? А што было яму трэба?
— Проста так, час прабавіць, — манерна адказала маці. — Прысеў, выпіў кавы. Сказаў, добрую каву нячаста даводзіцца яму піць, а ў нашай вельмі смачны пах.
— Што ён хацеў? — дапытваўся бацька.
— А нічога не хацеў. Прыйшоў глянуць, як мы тут.
— Нешта не верыцца, — буркнуў бацька. — Напэўна, выведвае, вынюхвае ўсё навокал.
— Ды не! — засердавала маці. — Я адразу разбяру, хто чаго прыходзіць, мяне вучыць не трэба.
Бацька выплюхнуў на зямлю кававую гушчу з кубка.
— Ты пакінь гэту прывычку, — выгаварыла яму маці. — Глянь, якая тут чысціня.
— Тут яшчэ такую чысціню навядуць, што і жыцця не будзе, — прабурчаў бацька, зачэплены за жывое. — Ну канчай, Эл. Паедзем шукаць працу.
Эл выцер рот далонню.
— Я гатовы, — сказаў ён.
Бацька павярнуўся да дзядзькі Джона:
— Ты з намі едзеш?
— Еду.
— Табе ж нездаровіцца.
— Нездаровіцца, але я паеду.
Эл залез у кабіну.
— Трэба недзе гаручага дастаць, — сказаў ён і завёў матор. Бацька і дзядзька Джон селі побач з ім, і грузавік пакаціўся па шырокім праходзе між палатак.
Маці правяла іх позіркам, потым узяла вядро і пайшла з ім да балеяў пад паветкай санітарнага блока. Там яна наліла ў вядро гарачай вады і панесла да палаткі. І калі Ружа Сарона вярнулася з туалета, маці ўжо мыла посуд у вядры.
— Вунь тваё снеданне, на талерцы, — сказала маці і пільна паглядзела на дачку. Валасы ў Ружы Сарона былі мокрыя і гладка прычасаныя, твар чысты, ружовы. На ёй была сіняя сукенка ў маленькія белыя кветкі. На нагах — лодачкі, купленыя яшчэ да вяселля. Ад матчынага позірку яна пачырванела.