— Ты, я бачу, прыняла душ, — сказала маці.
Ружа Сарона хрыплавата загаварыла:
— Я стаю там, раптам прыходзіць жанчына і пачынае мыцца. Ведаеш, як гэта робіцца? Заходзіш у такую загарадку, ну як стойла ў хляве, паварочваеш ручкі, і на цябе вада льецца — гарачая і халодная, якая хочаш. І я памылася!
— Я таксама зараз пайду, — ажывілася маці. — Толькі вось прыбяру тут. Ты мне пакажаш як.
— Я кожны дзень буду мыцца, — не змаўкала Ружа Сарона. — А жанчына гэтая… яна паглядзела на мяне, убачыла мой жывот… і ведаеш, што сказала? Сказала, што сюды кожны тыдзень медыцынская сястра прыходзіць. І што мне абавязкова трэба да яе схадзіць, і яна раскажа мне, што рабіць, каб дзіця было здаровае. Усе жанчыны, кажа, ходзяць да яе. І я таксама пайду. — Яна проста захліпалася ад узрушэння. — І ведаеш яшчэ што? На мінулым тыдні тут адна нарадзіла, і ўвесь лагер урачыста адзначаў гэта, нанеслі дзіцяці бялізны і розных падарункаў… нават калыску… такую плеценую. Не зусім новую, але яе пафарбавалі ў ружовы колер, і яна стала як новенькая. І далі маленькаму імя, торт спяклі. О госпадзі! — Уздыхнуўшы на поўныя лёгкія, яна змоўкла.
Маці сказала:
— Хвала богу, нарэшце мы зажылі сярод сваіх людзей. Зараз пайду прыму душ.
— О, там цудоўна, — сказала Ружа Сарона.
Маці выцірала алавяныя талеркі, ставіла іх адна на адну і гаварыла:
— Мы Джоўды. Нікому ў вочы не зазіраем. Дзед нашага дзеда змагаўся ў рэвалюцыю. Мы былі фермеры, пакуль не запазычыліся банку. І тыя… тыя людзі… яны нядобрае рабілі з намі. Кожны раз, як хто з іх прыходзіў, мне здавалася, быццам плёткай мяне б'юць… і нас усіх. А ў Нідлсе той палісмен?.. Ён нібы што зрабіў са мною, я азлобілася. Мяне самую сорам узяў. А цяпер мне няма чаго саромецца. Народ гэты — наш народ… наш. А адміністратар… прыйшоў, пасядзеў, выпіў кавы… і ўвесь час кажа: «Місіс Джоўд тое, місіс Джоўд гэтае» і «Як вашы справы, місіс Джоўд?» — Маці змоўкла і ўздыхнула. — Я сябе зноў чалавекам адчула. — Яна паставіла на горку талерак апошнюю, пайшла пад брызент і там, пакапаўшыся ў скрыні, дастала з яе свае туфлі і чыстую сукенку. Потым знайшла ў той жа скрыні папяровы пакецік з завушніцамі. Выйшаўшы з-пад брызенту, яна сказала Ружы Сарона: — Як прыйдуць жанчыны, скажы, я хутка вярнуся, — і знікла за вуглом санітарнага блока.
Ружа Сарона цяжка апусцілася на скрыню і глянула на свае вясельныя туфлі — лакіраваныя лодачкі з чорнымі банцікамі з матэрыі. Яна працерла наскі лодачак пальцам і выцерла яго аб спод падола. Нагінаючыся, яна адчула свой жывот, а калі выпрасталася, памацала яго і слаба ўсміхнулася.
Па дарозе да пральні ішла высокая поўная жанчына са скрынкай з-пад яблыкаў — у ёй ляжала нямытая бялізна. Твар у жанчыны быў цёмны ад моцнага загару, вочы чорныя, пільныя, дапытлівыя. Паверх паласатай баваўнянай сукенкі на ёй быў прасторны фартух з мешкавіны, на нагах мужчынскія паўчаравікі са скуры двух колераў. Яна прыкмеціла, як Ружа Сарона пагладзіла сабе жывот, убачыла слабую ўсмешку на яе вуснах.
— Ну! — крыкнула жанчына і весела засмяялася. — Хто, ты думаеш, будзе?
Ружа Сарона зачырванелася і апусціла вочы долу, потым глянула на жанчыну спадылба і злавіла на сабе позірк яе бліскучых чорных вочак.
— Не ведаю, — прамармытала Ружа Сарона.
Жанчына шлёпнула скрынку на зямлю.
— Жывая пухліна, — засмяялася яна, заквактала, як квактуха. — Каго б ты лепш хацела? — дапытвалася яна.
— Сама не ведаю… можа, хлопчыка… Ага, хлопчыка.
— Вы нядаўна прыехалі, га?
— Ноччу… позна ноччу.
— Застаяцеся тут?
— Не ведаю. Калі знойдзем працу, напэўна, застанемся.
Па твары жанчыны прабег цень, і яе маленькія чорныя вочкі наліліся злосцю.
— Калі знойдзецца праца… Так мы ўсе кажам.
— Брат мой сёння раненька ўжо ўладкаваўся.
— Ужо, га? Ну, магчыма, вам і пашчасціла. Толькі будзь асцеражней са шчасцем. Яму нельга давяраць. — Жанчына падышла да Ружы Сарона амаль ушчыльную. — Шчасця толькі ў адным шукай. Другога табе не трэба. Паводзь сябе прыстойна, — з нейкім шаленствам сказала яна. — І бездакорна. Учыніш грэх, глядзі, каб з дзіцем чаго не здарылася. — Жанчына прысела на кукішкі перад Ружай Сарона. — Ганебныя справы творацца ў нашым лагеры, — прамовіла яна злавесна. — Кожную суботу вечарамі ў нас тут танцы бываюць, і не толькі кадрылю тут скачуць. Некаторыя ў абнімку, у прыціск. Сама бачыла.
Ружа Сарона асцярожна сказала:
— Я люблю танцы… кадрылю. — І цнатліва дадала: — А іначай ніколі не танцую.