Выбрать главу

Жанчына роспачна пакруціла галавой:

— А вось некаторыя танцуюць. Але гасподзь гэтага не даруе, не. І не думай, не даруе.

— Ага, мэм, — ціха падтакнула Ружа Сарона.

Жанчына паклала загарэлую маршчыністую руку ёй на калена, і Ружа Сарона здрыганулася ад яе дотыку.

— А цяпер я хачу цябе папярэдзіць. Хто ў Хрысце жыве, такіх цяпер мала засталося. Кожны вечар у суботу ў нас пачынае гэты іхні струнны аркестр іграць, і, замест таго каб псалмы спяваць, усе пад яго скачуць, віхляюцца… так, так, любачка, віхляюцца. На свае вочы бачыла. Блізка я туды не падыходжу, ні сама, ні сваім не дазваляю. Танцуюць у абнімку, упрытык, так, упрытык. — Жанчына адкінулася назад і нахіліла галаву набок, каб паглядзець, як Ружа Сарона прарэагуе на такі абуральны факт.

— Акторы? — пацікавілася тая трапятліва.

— Не, любачка! Не акторы — тыя даўно ўжо богам праклятыя. Свае ж людзі, з лагера. І дзетак малых, яшчэ неразумных, уцягнулі ў гэта, прымусілі іх прыкідвацца, строіць з сябе немаведама каго. Я туды і блізка не падыходзіла. Але чула ўсё, што яны там гавораць. Сам д'ябал тады гуляе па лагеры.

Ружа Сарона слухала, раскрыўшы рот, шырока расплюшчыўшы вочы.

— У нас у школе аднойчы паказвалі спектакль пра Хрыста-дзіцятка… на Каляды.

— Ну, я не кажу, добра гэта ці дрэнна. Многія прыстойныя людзі лічаць, што пра Хрыста-дзіцятка можна. Толькі… толькі я так прама сказаць не бяруся. Але ў нас тут Хрыста-дзіцяткі не было. Тут грэх быў, падман і д'ябальскае насланнё. Так фанабэрыста расхаджваюць, манернічаюць, гавораць чужымі галасамі. І танцуюць у абнімку, упрытык.

Ружа Сарона ўздыхнула.

— І такіх не адна-дзве парачкі, а шмат, — не змаўкала жанчына. — А чыстых, як ягня, добрапрыстойных можна на пальцах пералічыць. Толькі не думай, што гэтым грэшнікам так усё бог і даруе, ні ў якім разе. Не, любачка! Ён іхнія грахі запісвае на дошку — грэх за грахом, потым падводзіць рысу і складае грэх за грахом. Гасподзь бог наш за ўсімі сочыць, і я таксама сачу. Дзвюх ён ужо з іх пакараў.

Ружа Сарона, ледзь не задыхнуўшыся, вымавіла:

— Пакараў?

Жанчына загаварыла з яшчэ большым жарам:

— Сама бачыла. Была тут адна маладзенькая такая, дзіця насіла, ну якраз, як ты. У п'есе іграла. І яшчэ скакала ў абнімку. І раптам… — голас жанчыны загучаў сурова і злавесна, — яна пачала худнець, сохнуць — скура ды косці… і выкінула дзіця, мёртвае.

— Ой, што вы! — Ружа Сарона збялела.

— Мёртвае і ў крыві. З ёю пасля гэтага ніхто гаварыць не хацеў. Давялося ёй з'ехаць адсюль. Бо даткнешся да граху і сама яго набярэшся, вось так, любачка. І яшчэ адна была, гэтаксама сябе паводзіла. Высахла — скура ды косці, а пасля, ведаеш, што было? Вечарам раптам прапала і няма. Праз два дні паяўляецца. У госці, кажа, ездзіла. А жывата як не было. І ведаеш, што я думаю? Яе, напэўна, адміністратар наш завёз куды-небудзь, там яна і збавілася ад дзіцяці. Ён грахоў не прызнае. Сама ад яго чула. Грэх, кажа, — гэта калі людзі ў голадзе жывуць. Грэх, кажа, — гэта калі людзі ў холадзе жывуць. І яшчэ кажа, — паверыш, сам мне сказаў, — у гэтым ён не бачыць боскай рукі. Гэтыя дзве дзяўчыны, кажа, таму так высахлі, што есці ім не было чаго. Ну і прабрала ж я яго! — Жанчына паднялася і адступіла на крок назад. Вочы ў яе гарэлі. Яна тыцнула напятым указальным пальцам ледзь не ў самы твар Ружы Сарона. — Я кажу яму: «Адыдзі!» Кажу: «Я ведала, што ў нас тут у лагеры д'ябал лютуе. А цяпер ведаю, хто ён, гэты д'ябал. Адыдзі, сатана!» — кажу. І Хрыстом-богам прысягаю, ён адступіў! Закалаціўся ўвесь, пачаў выдыгацца. Кажа: «Калі ласка!» Кажа: «Прашу вас, не прычыняйце людзям няшчасця». А я яму: «Няшчасця? А як наконт душы іхняй? А што вы скажаце пра мёртвых дзіцянятак, пра тых дзвюх няшчасных грэшніц, што пагубілі сябе праз вашыя тэатры?» Ён толькі паглядзеў на мяне, выскаліў зубы, нібы яго занудзіла, і пайшоў прэч. Зразумеў, што перад ім сведка богава. Кажу яму: «Я госпаду нашаму памагаю сачыць за тым, што тут творыцца. Кары яго ніхто не міне — ні ты, ні ўсе іншыя грэшнікі». — Жанчына падняла скрынку з бруднай бялізнай. — Беражыся. Я папярэдзіла цябе. І дзіцятка беднае беражы, што ў цябе ў чэраве, унікай граху. — Яна велічна пакрочыла прэч, і вочы яе ззялі дабрачыннасцю.

Ружа Сарона правяла яе позіркам, уткнулася тварам у далоні і ціхенька заплакала. Раптам пачула побач мяккі голас. Яна засаромлена падняла галаву. Перад ёю стаяў маленькі чалавечак у белым — адміністратар лагера.

— Не хвалюйся, — сказаў ён. — Ты не хвалюйся.

Слёзы заслалі ёй вочы.

— І я так рабіла, — сказала яна. — Я танцавала ў абнімку. Толькі ёй не прызналася. Я ў Саліса так танцавала. З Коні.