Выбрать главу

Седзячы на кукішках, арандатары ківалі галовамі, гадалі і прыкідвалі, выводзячы ўзоры ў пыле, — ага, так, ведаем, далібог. Калі б зямлю не засыпала пылам, калі б не выветрываўся верхні пласт глебы, тады б яшчэ можна было цярпець…

Пасрэднікі гнулі сваё: вы ж ведаеце, што зямля з кожным годам яшчэ больш спусташаецца. Не мне вам казаць, што з ёю робіць бавоўна, — губіць, высмоктвае з яе ўсе сокі.

Арандатары згодна ківалі галовамі: яны ўсё разумеюць, бог сведка. Калі б увесь севазварот… зямля зноў налілася б сокамі.

Гэта праўда, але цяпер ужо позна. І агенты тлумачылі механіку дзеянняў і ход думак пачвары, што схапіла іх саміх такой мёртвай хваткай.

Чалавек можа сядзець на зямлі, нават калі яму хапае толькі на пракорм і на выплату падаткаў. Такое ж зусім магчыма.

Так, такое магчыма, пакуль не здарыцца неўраджай і не прыйдзецца браць пазыку ў банку. Але, разумееце, банку ці кампаніі трэба зусім не тое — яны ж не паветрам дыхаюць і ядуць не мяса. Яны дыхаюць прыбыткам, ядуць працэнты з капіталу. Калі ім гэтага не даць, яны памруць, як мы з вамі памерлі б без паветра і без ежы. Усё гэта сумна, але так яно ёсць. Нічога не зробіш.

Людзі, што сядзелі на кукішках каля лімузінаў, узнімалі вочы, намагаліся зразумець. А ці нельга яшчэ пабыць нам тут? Можа, наступны год выдасца ўраджайны? Адзін бог ведае, якая ўродзіцца бавоўна праз год. А войны? Хіба ўгадаеш цяпер, якія цэны будуць на бавоўну? З яе ж робяць узрыўчатку, ці не так? А абмундзіраванне? Будуць войны, і цэны на бавоўну падскочаць. Можа, ужо нават у наступным годзе. Арандатары пытальна ўзнімалі ўгору вочы.

На гэта разлічваць нельга. Банк — пачвара, яна бесперапынку павінна паглынаць падаткі. Чакаць ёй няможна. Бо памрэ. Не, падаткам не павінна быць спыну. Калі пачвара застыне ў росце, ёй смерць. Ёй нельга спыняць свой рост.

Выпеставаныя пальцы пачыналі пастукваць па нізе аконнай аправы ў кабіне; заскарузлыя пальцы мацней сціскалі пруткі, што нястомна чыркалі па пыле. Жанчыны ў дзвярах прапаленых сонцам хацін уздыхалі, пераступалі з нагі на нагу, адна ступня церла другую ступню, пальцы не пераставалі варушыцца. Сабакі падыходзілі да машын, абнюхвалі іх і адно за адным палівалі ўсе чатыры колы. Куры ляжалі на гарачым пыле, распушыўшы пер'е, каб сухі пыл дабраўся да самай скуры і пачысціў яе. А ў хлеўчуку над бруднымі рэшткамі пойла просьбітна рохкалі свінні.

Людзі, што сядзелі на кукішках, зноў апускалі вочы. Што ж вы ад нас хочаце? Хіба можна памяншаць нашу долю ўраджаю, мы і так галадаем. Дзеці ніколі дасыта не ядуць. Адзежы няма — адны лахманы. Калі б у суседзяў было лепш, мы ад сораму на малітоўныя сходы хадзіць перасталі б.

І нарэшце агенты гаспадароў раскрывалі ўсю паднаготную. Арэнда сябе не апраўдала. Адзін чалавек на трактары можа замяніць дванаццаць — чатырнаццаць фермерскіх сем'яў. Плаці яму жалаванне і забірай сабе ўвесь ураджай. Мы вымушаны так рабіць. Мы ідзём на гэта неахвотна. Бо пачвара занядужала. З ёю здарылася нешта нядобрае.

Вы ж бавоўнай зямлю загубіце.

Мы ведаем. Нам трэба паспець зняць некалькі ўраджаяў, перш чым загіне зямля. Потым мы пусцім яе ў продаж. Шмат сем'яў ва ўсходніх штатах захочуць купіць тут участак.

Арандатары спалохана падымалі вочы да кабін. А з намі што будзе? Як мы пракормімся?

Вам давядзецца пакінуць свае ўчасткі. Плугі пройдуцца проста па вашых дварах.

І тады арандатары ў гневе падымаліся з кукішак і станавіліся ва ўвесь рост. Мой дзед першы прыйшоў на гэтую зямлю, ён ваяваў з індзейцамі і прагнаў іх адсюль. А бацька тут нарадзіўся і таксама ваяваў — з пустазеллем і змеямі. Потым абрынуўся няўрод, і бацька ўзяў у пазыку крыху грошай. І наша тут таксама радзіма. Вунь, бачыце, у дзвярах нашы дзеці? І яны нарадзіліся тут, у гэтым доме. Бацька быў вымушаны ўзяць пазыку. І тады зямля перайшла да банка, але мы засталіся на ёй, і нам крыху перападала з таго, што мы вырошчвалі.

Нам гэта добра вядома. Вельмі добра вядома. Мы тут ні пры чым, усё гэта банк. А банк не чалавек. І гаспадар, у якога пяцьдзесят тысяч акраў, таксама не чалавек. Ён — пачвара.

Яно так, казалі арандатары, але ж зямля гэта наша. Мы абмерылі яе, мы ўзаралі цаліну. Мы нарадзіліся на ёй, на ёй гібелі, на ёй паміралі. Няхай зямля высілілася — усё роўна яна наша. Яна наша таму, што мы на ёй нарадзіліся, яе ўраблялі, на ёй паміралі. Вось што дае права ўладаць ёю, а не паперка з нейкімі там лічбамі.