— Не хвалюйся, — зноў сказаў адміністратар.
— Яна кажа, я выкіну.
— Ведаю, што яна кажа. Я з яе вока не спускаю. Наогул жанчына яна нядрэнная, толькі людзям ад яе жыцця няма.
Ружа Сарона шмарганула носам:
— Тут, у лагеры, пры ёй дзве жанчыны, кажа, выкінулі.
Адміністратар прысеў перад ёю на кукішкі.
— Вось што, — сказаў ён. — Паслухай, што я табе скажу. Гэтых маладых жанчын я ведаю. Яны вельмі галадалі і вельмі стамляліся. Праца ў іх была цяжкая. І яшчэ яны трэсліся на грузавіках па ўхабістай дарозе. Здароўе ў іх было няважнае. Віны за імі ніякай няма.
— А яна казала…
— Супакойся. Жанчына гэтая любіць людзей трывожыць.
— Але яна кажа, вы — д'ябал.
— Ведаю. Гэта таму, што я не дазваляю ёй атручваць людзям жыццё. — Ён падняўся на ногі і лёгенька паляпаў Ружу Сарона па плячы. — Ты не хвалюйся. У яе словах праўды няма, — сказаў ён і шпарка пайшоў прэч.
Ружа Сарона доўга глядзела яму ў спіну; хударлявыя плечы яго паторгваліся ў такт крокам. Яна ўсё яшчэ праводзіла вачамі яго тонкую постаць, калі вярнулася маці — чыстая, ружовая, з вільготнымі яшчэ валасамі, закручанымі на патыліцы вузлом. На ёй была ўзорыстая сукенка, на нагах старыя, патрэсканыя туфлі, у вушах маленькія завушніцы.
— Памылася, — сказала яна. — Стаю пад душам, цёплая вада так і льецца, так і залівае мяне ўсю. Адна жанчына там была і кажа, калі хочаш, хоць кожны дзень хадзі мыцца. А жанчыны з камісіі… яшчэ не прыходзілі?
— Не, — адказала Ружа Сарона.
— А ты так і сядзіш без справы, зусім нічога не прыбрала! — Маці падхапіла талеркі са скрыні. — Трэба парадак навесці. Жвавей паварочвайся! На, мяшок бяры, падмяці тут хоць трохі. — Яна сабрала ўсё кухоннае начынне, паклала патэльню і кацялок у скрыню, а скрыню засунула пад брызент. — Пасцелі прыбяры, — загадала яна. — Ну і вадзіца, скажу я табе, ніколі я большай асалоды не адчувала.
Ружа Сарона вяла выконвала яе загады.
— Як ты думаеш, ма, Коні сёння вернецца?
— Можа, вернецца… а можа, і не. Сказаць не магу.
— А ён ведае, дзе нас шукаць?
— Пэўна ж, ведае.
— Ма… а не можа так быць… што яго забілі там, калі лагер палілі?
— Каго-каго, толькі не яго, — упэўнена адказала маці. — Ён, калі толькі захоча, адкуль заўгодна выберацца — спрытны, як заяц, і хітры, як ліс.
— Хутчэй бы ўжо прыйшоў.
— Калі прыйдзе, тады і прыйдзе.
— Ма…
— Ты б лепш справай занялася.
— Як ты думаеш, танцаваць і ў п'есах іграць — грэх? Праз гэта я не выкіну?
Маці спыніла ўбіранне і падперла рукі ў бокі.
— Гэта яшчэ што за размовы? Ты ні ў якіх п'есах не іграла.
— А некаторыя тут іграюць, і адна маладая выкінула… мёртвае… і ў крыві, і нібыта гэта быў суд божы.
Маці ўтаропілася на дачку.
— Хто табе такое нагаварыў?
— Адна жанчына, што міма праходзіла. А гэты маленькі, у белым, падышоў і сказаў, што ўсё зусім не ад таго.
Маці нахмурылася.
— Разашарна, — сказала яна, — кінь сама сябе грызці. Табе, відаць, захацелася да слёз сябе давесці. Што з табой такое стала, проста не магу зразумець. У нас у сям'і такіх ніколі не было. Няйначай, гэта Коні цябе так настроіў. Яму заўсёды былі цесныя яго штонікі. — І сурова дадала: — Ты, Разашарна, не адна тут. Акрамя цябе яшчэ людзі ёсць. Знайдзі сваё месца сярод іх. Я сустракала некаторых — яны так паверылі ў свае грахі, што інакш як нікчэмнасцямі сябе перад богам не ўяўлялі.
— Але ж, ма…
— Ну хопіць. Закрый рот і бярыся за што-небудзь. Не такая ты ўжо важная персона, не такая ты распусная, каб гасподзь бог за цябе вельмі хваляваўся. А калі не перастанеш без дай прычыны мучыць сябе, дык я табе так заляплю! — Маці змяла попел у ямку пад ачагом і абмахнула камяні, пакладзеныя па краях. Тут яна ўбачыла, што па дарожцы да іх ідзе камісія. — Рабі што-небудзь, — сказала яна дачцэ. — Вунь жанчыны ўжо да нас ідуць. Што-небудзь рабі, каб я магла паганарыцца сваёй дачкой. — Яна больш не глядзела на дарожку, але адчувала, што камісія набліжаецца да іх.
А што гэта камісія, сумненняў быць не магло. Тры дамы — чысценькія, у прыгожых сукенках: адна сухарлявая, з прамымі валасамі, у акулярах у металічнай аправе; другая нізенькая, сівая, кучаравая, з маленькім далікатным роцікам; а трэцяя — вялізная, як слон, грудастая, шыраказадая, з тоўстымі сцёгнамі, на выгляд уладная і ўпэўненая ў сабе. Камісія ступала між палатак з пачуццём уласнай годнасці.
Маці падгадала так, што, калі яны падышлі, яна стаяла да іх спінай. Жанчыны спыніліся, развярнуліся і выстраіліся ў рад. І вялізная дама прагула:
— Добрай раніцы! Місіс Джоўд, гэта вы?