Выбрать главу

— У нас вечныя непрыемнасці з туалетнай паперай. Па нашых правілах, выносіць яе адсюль не дазваляецца. — Яна гучна прыцмокнула языком. — На туалетную паперу скідаецца ўвесь лагер. — Памаўчаўшы момант, яна паведаміла: — Блок нумар чатыры пераводзіць паперы больш за ўсіх. Яе, пэўна, нехта крадзе. Пра гэта на агульным сходзе жанчын гаварылі: «У жаночым аддзяленні блока нумар чатыры пераводзяць занадта шмат паперы». І гэта пры ўсіх!

Маці слухала стаіўшы дыханне.

— Крадуць паперу?.. Нашто?

— Ну, такія непрыемнасці здараліся і раней, — сказала Джэсі. — Апошні раз яе ўзялі тры дзяўчынкі, каб выразаць з яе папяровыя лялькі. Што ж, мы іх злавілі. Але куды прападае папера цяпер, невядома. Не паспееш павесіць рулон, а ўжо нічога няма. Пра гэта на сходзе гаварылі. Адна жанчына прапанавала правесці званок, каб ён званіў кожны раз, як крутнецца рулон. Тады можна было б прасачыць, хто колькі бярэ. — Джэсі пакруціла галавой: — Проста не ведаю, як быць. Увесь тыдзень мне гэта спакою не дае. У блоку нумар чатыры нехта ўвесь час крадзе паперу.

З парога пачуўся жаласны голас:

— Місіс Буліт!.. — Члены камісіі павярнулі ў той бок галовы. — Місіс Буліт, я ўсё чула, што вы тут гаварылі. — У дзвярах стаяла жанчына, уся чырвоная і спатнелая. — На сходзе я не адважылася прызнацца, місіс Буліт. Ну не магла. Абсмяялі б ці яшчэ што.

— Пра што гэта вы? — Джэсі пайшла да яе.

— Ну, можа… мы… усё гэта мы… Але ж мы не крадзём, місіс Буліт. — Джэсі падступала да яе ўсё бліжэй, і твар усхваляванай жанчыны, якая прызналася ў сваёй віне, цяпер усыпалі буйныя кроплі поту. — А што нам было рабіць, місіс Буліт?

— Скажыце толкам, у чым справа, — патрабавала Джэсі. — Наш блок абняславіўся праз гэту туалетную паперу.

— Цэлы тыдзень, місіс Буліт. Цэлы тыдзень мы не ведаем, што з гэтым рабіць. А ў мяне, вы ж ведаеце, пяць дачок.

— Дык што ж яны з паперай робяць? — грозна запыталася Джэсі.

— Толькі карыстаюцца ёю. Слова гонару, толькі карыстаюцца.

— Як жа яны могуць! Чатырох-пяці кавалкаў зусім дастаткова за дзень. Што з імі такое?

Жанчына прамямліла:

— Панос. Ва ўсіх пяці. Мы амаль зусім без грошай. Яны наеліся няспелага вінаграду. У іх страшэнны панос. Кожныя дзесяць хвілін бегаюць. — І заступілася за сваіх дачок:— Але паперу яны не крадуць.

Джэсі перавяла дух.

— Дык трэба было адразу нам сказаць. Проста вы абавязаны былі сказаць. Праз ваша маўчанне ганьба лягла на блок нумар чатыры. А панос можа быць у кожнага.

Жанчына жаласна заныла:

— Не слухаюцца — ядуць яшчэ зялёны вінаград. А панос з дня на дзень робіцца ўсё мацнейшы.

Эла Самерс выпаліла:

— Медпункт. Ёй трэба звярнуцца ў медпункт.

— Эла Самерс, — прамовіла Джэсі, — я вам апошні раз нагадваю — вы не старшыня. — Яна зноў павярнулася да маленькай разгубленай жанчыны: — У вас грошай няма, місіс Джойс?

Жанчына засаромлена апусціла вочы:

— Няма. Але мы, магчыма, хутка знойдзем працу.

— Чаго вы галаву апусцілі? Нічога процізаконнага тут няма, — супакойвала яе Джэсі. — Збегайце ў Уідпэтчскую краму і вазьміце сабе прадуктаў. Лагер мае там крэдыт на дваццаць даляраў. Можаце ўзяць на пяць. А калі атрымаеце працу, вернеце доўг у цэнтральную камісію. Вам гэта было вядома, — строга прамовіла яна. — Як жа вы давялі да таго, што дочкі вашы галадаюць?

— Дабрачыннасцю мы ніколі не карысталіся, — адказала місіс Джойс.

— Гэта не дабрачыннасць, вы добра ведаеце, — угневалася Джэсі. — Ужо не раз было гаворана. У нашым лагеры дабрачыннасці няма. Мы яе не пацерпім. Дык збегайце ў краму і вазьміце сабе прадуктаў, а рахунак прынясіце мне.

Місіс Джойс нясмела запыталася:

— А калі так здарыцца, што мы не зможам выплаціць? У нас даўно няма працы.

— Як будзе магчымасць, выплаціце. А не будзе — гэта ні вас, ні нас не датычыцца. Адзін чалавек паехаў з лагера, а праз два месяцы грошы прыслаў. Вы не маеце права дапускаць, каб вашы дзяўчаткі галадалі ў нас у лагеры.

Місіс Джойс спалохана пазірала на Джэсі.

— Слухаю, мэм, — вымавіла яна.

— Абавязкова вазьміце ім сыру ў краме, — загадала Джэсі. — Гэта добра ад паносу.

— Слухаю, мэм. — І місіс Джойс шмыгнула за дзверы.

Джэсі разгневана павярнулася да членаў камісіі:

— Яна не мае права так фанабэрыцца. І перад кім? Перад сваімі людзьмі.

Эні Літлфілд сказала:

— Яна тут нядаўна. Можа, проста не ведала. Можа, раней ёй даводзілася карыстацца дабрачыннасцю раз ці два. І не затыкайце мне, калі ласка, рот, Джэсі. Я маю права гаварыць. — Эні зрабіла паўпавароту да маці. — Калі чалавек адчуў на сабе, што такое дабрачыннасць, гэта як кляймо застанецца на ім на ўсё жыццё. Наша дапамога не дабрачыннасць, а ўсё-такі яе ніколі не забудзеш. Ручаюся, Джэсі не паспытала гэтага на сабе.