Выбрать главу

Маці была ўся чырвоная. Яна памалу паднялася са скрыні і стала тварам у твар з місіс Сандры.

— Ідзі! — загадала яна. — Ідзі прэч зараз жа, пакуль я грэху на душу не ўзяла, не паслала цябе, куды трэба. Ідзі — лямантуй і енчы.

Місіс Сандры разявіла рот, потым падалася назад і раптам злосна прагаварыла:

— Я думала, вы добрыя хрысціяне.

— А мы і ёсць такія.

— Не, вы грэшнікі, вам толькі ў пекле гарэць, усім вам! Я ўсё раскажу на малітоўным сходзе. Я ўжо бачу, як вашы чорныя душы гараць у пякельным полымі. І нявіннае дзіця ў яе чэраве таксама гарыць.

З вуснаў Ружы Сарона сарваўся працяглы немы крык. Маці нахілілася і падняла з зямлі палку.

— Ідзі прэч! — сурова сказала яна. — І каб духу твайго тут не было. Такіх, як ты, я ведаю. Вы ўсё стараецеся апошнюю радасць у чалавека забраць. — Яна ішла проста на місіс Сандры.

Тая адступала перад ёю і раптам закінула галаву і завыла. Вочы ў яе закаціліся, плечы ходырам захадзілі, рукі заматляліся па баках, з кутка рота выступіла густая, цягучая сліна. Яна абазвалася яшчэ і яшчэ раз дзікім, нечалавечым крыкам. З палатак выйшлі людзі, падышлі і абступілі яе, перапалоханыя, прыціхлыя. Жанчына паволі асела на калені, і яе крыкі перайшлі ў перарывістыя булькатлівыя стогны. Яна павалілася на бок, рукі і ногі ў яе сутаргава закалаціліся. Між расплюшчаных павек віднеліся бялкі вачэй.

Адзін мужчына ціха сказаў:

— Святы дух. На яе сышоў святы дух.

Маці стаяла, пазіраючы на цела, што білася на зямлі ў сутаргах.

Да палаткі няспешна падышоў маленькі адміністратар.

— Што здарылася? — запытаўся ён. Натоўп расступіўся, прапускаючы яго наперад. — Вось бяда! — сказаў ён. — Хто-небудзь памажыце аднесці яе ў палатку.

Людзі моўчкі пераступалі з нагі на нагу. Нарэшце двое мужчын паднялі жанчыну з зямлі — адзін падхапіў яе пад пахі, другі ўзяў за ногі — і панеслі. Натоўп паволі пасунуўся за імі. Ружа Сарона пайшла пад брызент, лягла на матрац і закрыла твар коўдрай.

Адміністратар глянуў на маці, убачыў палку, якую яна трымала ў руцэ, і слаба ўсміхнуўся:

— Вы набілі яе?

Маці ўсё яшчэ пазірала ўслед натоўпу. Яна паволі пакруціла галавой:

— Не… толькі збіралася. Сёння яна ўжо другі раз дачку маю пужае.

Адміністратар сказаў:

— Не трэба, не біце яе. Яна хворая, — і ціха дадаў: — Хутчэй бы ўжо паехала адсюль, і ўся яе сям'я. Ад яе адной больш непрыемнасцей, чым ад усіх астатніх разам.

Маці ўжо авалодала сабой.

— Хай толькі зноў заявіцца сюды, я наб'ю яе. За сябе не ручаюся. Я не дам ёй страшыць дачку.

— Не хвалюйцеся, місіс Джоўд. Больш вы яе тут не ўбачыце. Яна толькі навічкоў апрацоўвае. Да вас ужо больш не прыйдзе. Яна лічыць вас грэшніцай.

— Я і ёсць грэшніца, — спакойна сказала маці.

— Правільна. Усе мы грэшнікі, толькі не ў тым сэнсе, як яна думае. Яна хворая, місіс Джоўд.

Маці з удзячнасцю глянула на адміністратара і крыкнула дачцэ:

— Ты чуеш, Разашарна? Яна хворая. Вар'ятка. — Але Ружа Сарона не падняла галавы. Маці сказала: — Я папярэджваю вас, містэр: калі яна яшчэ раз прыйдзе, мне давяраць нельга. Я наб'ю яе.

Адміністратар крыва ўсміхнуўся:

— Я разумею вас. І ўсё ж пастарайцеся стрымаць сябе. Большага ад вас я нічога не прашу — толькі пастарайцеся стрымацца. — Ён няспешна пайшоў да палаткі, у якую занеслі місіс Сандры.

Маці зайшла пад навес і села каля Ружы Сарона.

— Ну, глянь на маці, — сказала яна, але Ружа Сарона не варухнулася. Маці асцярожна адкінула коўдру з галавы дачкі. — Жанчына гэтая амаль вар'ятка. Ты ёй не вер.

Ружа Сарона прашаптала ў жаху:

— Яна як сказала пра пекла… я адчула, быццам у мяне ўсярэдзіне ўсё гарыць.

— Гэтага быць не можа, — сказала маці.

— У мяне зусім сілы няма, — прашаптала Ружа Сарона. — Колькі ўжо ўсяго здарылася, я так стамілася… Спаць хачу. Хачу спаць.

— Ну дык спі. Месца тут добрае. Можаш паспаць.

— А раптам яна зноў прыйдзе?

— Не прыйдзе. Я сяду каля палаткі і блізка яе не падпушчу, калі яна сюды паткнецца. Ты паспі, табе трэба адпачыць, бо неўзабаве пойдзеш працаваць у дзіцячы пакой.

Маці цяжка паднялася на ногі, выйшла з-пад брызенту, села на скрыню, абаперлася локцямі аб калені і паклала падбародак на далоні. Яна бачыла людзей, што хадзілі па лагеры, чула галасы дзяцей, стук малатка па жалезным вобадзе, але вочы яе глядзелі кудысьці далёка.