Выбрать главу

— Не аб'ездзілі, але аб'явы ўсюды аднолькавыя.

— А Том, пэўна, дагэтуль працуе. Яшчэ не вярнуўся.

Дзядзька Джон выказаў здагадку:

— Можа, ён таксама пайшоў ад нас… як Коні з Ноем.

Маці строга паглядзела яму ў твар, потым позірк яе памякчэў.

— Ёсць такое, у чым ты цвёрда ўпэўнены, — сказала яна. — Ёсць такія рэчы, у якіх ты ніколі не сумняваешся. Том атрымаў працу. І гэта чыстая праўда. — Яна ўсміхнулася шчаслівай усмешкай: — У мяне цудоўны сын. А што, хіба не так?

У лагер пачыналі з'язджацца легкавыя машыны і грузавікі, і мужчыны павалілі ў санітарны блок. І кожны нёс у руках чысты камбінезон і свежую кашулю.

Маці раптам схамянулася:

— Ідзі, Джон, знайдзі бацьку. Схадзіце з ім у краму, купіце бабоў і цукру… мяса на смажанку і морквы. І скажы яму, няхай возьме там што-небудзь такое… ну што-небудзь смачнае… усё роўна што… абы на смак прыемнае… на вячэру. Сёння… у нас будзе слаўная вячэра.

Раздзел дваццаць трэці

Вандроўны люд, які гойсаў па краіне, імкнучыся знайсці працу, імкнучыся выжыць, не забываў і пра ўцехі, упарта здабываў іх сам, прагна цягнуўся да забаў і хоць якіх радасцей. Іншы раз пазабаўляцца ўдавалася і ў гутарцы, а жарт палягчаў жыццё. І ўжо так павялося, што ў прыдарожных лагерах, уздоўж шашэйных дарог, каля арашальных канаў, пад яварамі, заўсёды знаходзіліся апавядальнікі, і людзі збіраліся вакол ужо прытухлых вогнішчаў паслухаць самага таленавітага. Яны слухалі, і іх маўклівая прысутнасць надавала гэтым расказам урачыстасць.

Я рэкрутам ваяваў супраць правадыра апачаў Джэраніма…

І людзі слухалі, і ў іх спакойных вачах адбівалася святло счахлага вогнішча.

Індзейцы — народ хітры, яны юркія, як змеі, падкрадлівыя. Паўзуць па сухім лісці — і шолаху не пачуеш. Паспрабуйце хто з вас — нічога ў вас не выйдзе.

Людзі слухалі і прыгадвалі, як шамаціць пад нагамі сухое лісце.

Лета змянілася восенню, неба завалаклі хмары. Не самы лепшы час для вайны. Вы калі-небудзь чулі, каб армія рабіла што-небудзь правільна? Дайце ёй дзесяць шанцаў, яна ўсё роўна на нечым спатыкнецца. З якой-небудзь сотняй храбрацоў расправіцца — і то пашле тры палкі, і так заўсёды.

Людзі слухалі, і твары ў іх былі спакойныя, задумлівыя. Апавядальнікі прымушалі слухаць сябе — рытм іх мовы быў урачысты, словы ўрачыстыя, бо сам расказ быў урачысты, і слухачы прасякаліся гэтай урачыстасцю.

Адзін смяльчак стаў ва ўвесь рост на скале, супраць сонца. Ведаў, што адусюль ён відаць. Раскінуў рукі і стаіць сабе. Зусім голы, як ранічка, на самым сонцы. Можа, у галаве ў яго памутнела. Не ведаю. Стаіць так, рукі ў бакі раскінуў, ну быццам распяцце. Ад нас ярдаў за чытырыста. А салдаты… што ж, накіравалі на яго ружжы, насліняць палец — прабуюць, ці ёсць вецер, ляжаць, страляць не могуць. Індзеец, пэўна, ведаў, што робіць. Ведаў, што мы страляць не будзем. Ляжым, куркі на ўзводзе, а прыкладаў да пляча не прыціскаем. Пазіраем на яго. Галаўная павязка, пяро ў ёй тырчыць. Нам усё як на далоні. А сам голы, як сонейка. Доўга мы так ляжалі і на яго глядзелі, а ён не зварухнецца. Нарэшце капітан асатанеў. «Страляйце, нягоднікі, страляйце!» — крычыць. Ну што ж… мы не спяшаючыся паднялі вінтоўкі — кожны чакае, што хто-небудзь іншы стрэліць першы. Ніколі ў жыцці мне не было так горка. Я прыцэліўся яму ў жывот — індзейца толькі так улажыць можна… і… тады… Ён паваліўся, як сноп, і пакаціўся з гары. Мы падышлі. Бачым, не такі ён ужо і рослы… а здаваўся веліканам… там, на скале. Увесь пашкуматаны і такі маленькі. Калі-небудзь бачылі фазана? Горды, прыгожы, пёрка да пёрка, як размаляваныя, і нават вочы быццам намаляваныя. І бац! Падымаеш яго… увесь у крыві, скурчаны… І адчуваеш, ты загубіў нешта лепшае за сябе; ясі яго, а радасці мала, бо ты загубіў нешта ў сабе, і ўжо нічым гэта не выправіш.

Людзі згодна ківалі галовамі, а калі ў вогнішчы ўспалыхваў язычок полымя, яго святло азарала вочы, задумлівыя, засяроджаныя.

Проста супраць сонца з раскінутымі рукамі. І здаваўся такі вялікі, высокі… як бог.

А бывала і так, што хто-небудзь урываў ад яды дваццаць цэнтаў і ішоў у кіно ў Мэрысвілі ці ў Туларэ, у Сірызы ці ў Маўнтын-В'ю. І вяртаўся ў лагер пры дарожным насыпе, поўны яркіх уражанняў. І расказваў, што бачыў.

Адзін малойчык быў багаты, а прыкінуўся, што бедны, і дзяўчына адна — таксама багатая, а выдавала сябе за бедную, і стрэліся яны ў закусачнай.

Чаму?

Адкуль я ведаю? Стрэліся, і ўсё тут.

Не, чаму яны прыкінуліся, што бедныя?

Ну, надакучыла ім багацце.

Лухта!

Ты хочаш паслухаць ці не?

Ну, добра, гавары. Канешне, хачу паслухаць, але каб я быў багацеем, каб меў такія грошы, я б столькі свіных адбіўных накупляў… Штабелямі наваліў бы вакол сябе, як дровы, а потым праеў бы праход. Ну, давай расказвай, што далей было.