Дык вось, кожны з іх думае, што другі бедны. А потым іх арыштавалі і ў турму пасадзілі, а на волю выходзіць яны не хочуць, бо тады другі даведаецца, што ён багацей. А турэмшчык іх за бедных лічыць і здзекуецца з іх. Ты паглядзеў бы на яго фізіяномію, калі праўда выходзіць наверх! Ледзь не абамлеў, во як.
А пасадзілі іх за што?
Ну, схапілі іх на нейкім палітычным сходзе, але ніякія яны не радыкалы — выпадкова там апынуліся. А толькі дзеля грошай каб з табой жаніліся ці за цябе замуж выходзілі, ніхто з іх не хацеў.
Во сукіны дзеці, з самага пачатку адно аднаму мазгі круцілі.
Не, у карціне было так, быццам яны з самых добрых намераў усё рабілі. І з людзьмі, разумееш, абыходзіліся добра.
А я вось раз бачыў карціну — ну быццам проста пра мяне, і не толькі пра мяне, а і пра жыццё маё, і не толькі пра маё — там неяк усё было паўней і шырэй.
Мне і майго гора хопіць. Хочацца хоць крышачку забыцца.
І забываешся… калі паверыш таму, што паказваюць у кіно.
І вось яны пажаніліся, і тады ўсё выйшла наверх, і тыя, хто з іх здзекаваўся, таксама пра ўсё даведаліся. Адзін пыхлівы малойчык раней і слова да іх сказаць не хацеў, а тут багацей гэты раптам заяўляецца да яго ў цыліндры, дык той ледзь не ўпаў непрытомны. Ну ледзь не абамлеў. А яшчэ кінахроніку паказвалі, як нямецкія салдаты ногі на маршы высока задзіраюць — смехата адна.
А калі ў каго было хоць трохі грошай, заўсёды можна было выпіць. Раздражненне мінала, па целе цяпло разлівалася. Знікала пачуццё адзіноты, бо цяпер было лёгка засяліць сваё ўяўленне сябрамі, лёгка ворагаў адшукаць і расправіцца з імі. Сядзіць каля канавы, і яму здаецца, што зямля стала мяккая, як пух. Няўдачы ўжо не так крояць душу, і будучыня не навісае так грозна над ім. І голад не падкрадаецца да яго, і ўвесь свет мяккі і ласкавы, і чалавек лёгка дасягае мэты свайго падарожжа. Зоркі надзіва блізкія, неба пяшчотнае. Смерць — прыяцелька, а сон родны брат смерці. Вяртаецца мінулае — дзяўчына са стройнымі нагамі, яна некалі танцавала там, дома… Конь… даўным-даўно… Конь і сядло. Скура на сядле ціснёная. Калі гэта было! Вось пашукаць бы якую-небудзь дзяўчыну, пагаварыць з ёю. Як было б цудоўна! Можа, нават і ноч разам правесці. А як цёпла тут… І зоркі зусім блізка, і смутак і радасць таксама блізка адно ад аднаго, зусім зліліся разам. Вось каб так і застацца п'яным на ўсё астатняе жыццё. Хто кажа, што гэта дрэнна? Хто смее такое сказаць? Прапаведнікі?.. Дык у іх жа ж сваё ап'яненне. Худыя, бясплодныя жанчыны?.. дык адкуль ім, няшчасным, ведаць. Староннікі рэформ?.. але ж яны не ўмеюць угрызацца ў жыццё і нічога пра яго не ведаюць. Не… зоркі цяпер такія блізкія, слаўныя, я парадніўся з усім светам. І ўсё на свеце святое — усё, нават я.
Губны гармонік заўсёды можна насіць з сабой. Выняў з задняй кішэні штаноў, пастукаў аб далонь, каб вытрасці смецце, кішэнную труху, тытунёвую пацяруху, — вось і гатова. На гармоніку ўсё можна — і тоненькі, як у трысняговай дудачцы голас, а вось акорды, а вось мелодыя з акампанементам. Сагнутымі пальцамі мяняеш гучанне, і гукі то стогнуць, то рыдаюць, як у валынкі, то робяцца густымі, глыбокімі, як у аргана, ці пранізлівымі і журботнымі, як у трысняговых дудачак горцаў. Пайграў і зноў схаваў гармонік у кішэню. Ён заўсёды з табой, заўсёды ў цябе ў кішэні. А калі іграеш, вучышся новым прыёмам, новым спосабам змяняць тон далонямі, сціскаеш яго губамі — і ніхто цябе гэтаму не вучыць. Практыкуешся ўсюды, дзе прыйдзецца, — часам дзе-небудзь на адзіноце з сабою ў цяні гарачым поўднем, часам каля сваёй палаткі пасля вячэры, калі жанчыны мыюць посуд. Нага лёгка адбівае такт. Бровы то лезуць угору, то зноў апускаюцца ўніз у лад рытму. А калі і згубіш свой гармонік ці паламаеш яго — бяда невялікая. За чвэрць даляра купіш сабе новы.
Гітара даражэйшая. На ёй трэба доўга вучыцца. На кончыках пальцаў левай рукі павінны быць мазольныя наросты. На вялікім пальцы правай — арагавелы мазоль. Расцягвай пальцы левай рукі, расцягвай іх, як павук ногі, каб дацягнуцца да цвёрдых накладак на ладах.
Скрыня гэтая ў мяне ад бацькі. Я быў яшчэ клапом, як ён паказваў мне «до». А калі я навучыўся і зайграў на гітары не горш за яго, ён ужо амаль ніколі за яе не браўся. Бывала, сядзе на парозе, слухае і такт нагамі адбівае. Прабуеш трэмала, а ён хмурыць бровы, пакуль у мяне не атрымаецца, а тады адкінецца на вушак і галавой ківае. «Іграй, кажа, старайся». Добрая гітара. Бачыш, як выскраблася дэка? А колькі на ёй было сыграна песень — мільён, вось і выдзеўблася ўся. Калі-небудзь трэсне і ўваліцца, як яечная шкарлупіна. А паправіць яе, нават крануць нельга — тон страціць. Вечарам пайграю на ёй, а вунь у суседняй палатцы ў аднаго ёсць губны гармонік. Разам добра выходзіць.