Скрыпка рэдка ў каго ёсць, на ёй цяжка навучыцца. Ні ладоў на ёй, ні павучыць няма каму.
Паслухаю вось таго старога, а потым сам падбіраю. Не паказвае, як браць двайныя ноты. Сакрэт, кажа. А я падгледзеў. Вось як ён гэта робіць.
Вішчыць, як вецер, жвавая, нервовая, пранізлівая.
Яна ў мяне не надта каб. Аддаў за яе два даляры. А тут адзін расказваў: ёсць скрыпкі, якім па чатырыста год, гук сакавіты, як віскі. Кажа, цана такім пяцьдзесят-шэсцьдзесят даляраў. Ну што я скажу? Мусіць, маніць. Вісклівая яна ў мяне, старая шэльма. Што вам сыграць? Хочаце танец? Толькі смычок натру каніфоллю. Вось запілікае, ого! За мілю чутно будзе.
Вечарам іграюць усе тры разам — гармонік, скрыпка і гітара. Іграюць кадрылю, б'юць абцасамі людзі падлогу, і тоўстыя гулкія струны гітары пульсуюць, як сэрца, хрыпла гучаць акорды гармоніка, высока забірае і вішчыць скрыпка. Вось зайгралі кадрылю «Куранё», ногі тупаюць па дошках, і цыбаты юнак робіць тры хуткія па, рукі свабодна вісяць уздоўж цела. Яго абступаюць з усіх бакоў, і пачынаецца танец — глухія ўдары падэшваў, давай прыстуквай абцасамі. Круцяцца парамі, абняўшы адно аднаго за талію. Валасы ўпалі на лоб, дыханне перарывістае. А цяпер паварот у другі бок.
Глянь на гэтага тэхасца — даўганогі, ухітраецца на кожным кроку танца чатыры разы чачотку адбіць. У жыцці не бачыў, каб такое вытваралі. Глянь, як ён круціць тую індыянку з племені чэрокі, шчокі ў яе аж гараць, пяткі разам, а наскі паасобку. А дыхае як, грудзі так і ходзяць. Думаеш, ад стомы? Думаеш, запыхалася? Дык я скажу табе, не. У тэхасца валасы звесіліся на вочы, рот разявіўся — прагна хапае ім паветра, а сам чачотку адбівае і ад сваёй індыяначкі ні на крок не адыходзіць.
Скрыпка павісквае, гітара бумкае. Чалавек з губным арганам увесь чырвоны ад натугі. Тэхасец і індыянка дыхаюць цяжка, як замучаныя сабакі, але прытупваюць, скачуць. Старыя стаяць, пляскаюць у далоні. Ледзь прыкметна ўсміхаюцца, адбіваюць такт нагамі.
Памятаю, дома… у школе… даўно ўжо гэта было. Па небе плыве поўня на захад. А мы з ім пайшлі пашпацыраваць… недалёка. Ідзём і маўчым, бо ў абаіх дыханне перахапіла. Ні слова не сказалі. А тут наперадзе сена стажок. Падышлі да яго і ляглі. Бачыла? Гэты тэхасец шмыгнуў са сваёй дзяўчынай у цемру — ніхто, думаюць, не прыкмеціў. О божа! З гэтым тэхасцам і я пайшла б. Хутка ўзыдзе месяц. Я бачыла — яе бацька памкнуўся быў за імі, але вярнуўся. Ён ведае. Восень не спыніш, усё роўна прыйдзе ў свой час, і сок на дрэвах не спыніш. Так і гэта. А месяц ужо хутка ўзыдзе.
Сыграйце яшчэ, сыграйце якую-небудзь старадаўнюю баладу… ну хоць «Як па вуліцах хадзіў я ў Ларэла».
Вогнішча патухла. Ну і хай, не трэба яго зноў распальваць. Неўзабаве месяц узыдзе.
Каля арашальнай канавы на ўсю моц стараўся прапаведнік, і людзі крычалі і лямантавалі. Прапаведнік пахаджваў сярод іх, як тыгр, падсцёбваў сваю паству голасам, і людзі качаліся па зямлі з рыкам і стогнам. Ён прыглядаўся да іх, ацэньваў позіркам, рабіў з імі што хацеў, і калі ўсе яны ў сутаргах валіліся на зямлю, ён падыходзіў да кожнага, нахіляўся, адным махам падымаў з зямлі і з крыкам «Прымі, госпадзі!» кідаў яго ў ваду. І калі ўсе яны стаялі па пояс у вадзе, спалохана пазіраючы на свайго настаўніка, ён падаў на калені на краі канавы і маліўся за іхнія душы, прасіў у бога, каб усе мужчыны і ўсе жанчыны маглі качацца па зямлі з рыканнем і енкам у славу боскую. А людзі ў наскрозь прамоклай адзежы выбіраліся на бераг і вярталіся ў лагер, да сваіх палатак, перамаўляючыся між сабой ціхімі, здушанымі галасамі, а чаравікі ў іх на нагах чмякалі і хлюпалі.
Цяпер мы выратаваныя, казалі яны. Цяпер мы чыстыя, як першы снег. Больш мы ніколі ўжо не будзем грашыць.
А дзеці — напалоханыя, мокрыя — перашэптваліся між сабой:
Цяпер мы выратаваныя. Больш ужо не будзем грашыць.
Добра было б даведацца, якія на свеце бываюць грахі. Я ўсе пераспрабаваў бы.
Вандроўнікі сціпла задавальняліся любой забавай у дарозе.
Раздзел дваццаць чацвёрты
У суботу вечарам у пральні было поўна жанчын. Яны мылі сукенкі — ружовыя з сарпінкі, квяцістыя з паркалю і вешалі іх на сонцы, расцягваючы тканіну рукамі па вяроўцы, каб не моршчыліся. Да полудня жыццё ў лагеры пачало віраваць, людзі заклапочана мітусіліся. Узбуджэнне перадалося і дзецям, і яны шумелі больш чым звычайна. У сярэдзіне дня іх сталі купаць, і па меры таго як іх аднаго за другім вылоўлівалі, утаймоўвалі і вялі мыцца, шум на пляцоўцы для гульняў паступова сціхаў. Да пяці гадзін з дзяцей адскрэблі бруд і наказалі не пэцкацца, і дзеці сноўдаліся па лагеры як адзеравянелыя ў сваім чысценькім адзенні, няшчасныя ад неабходнасці ўсяго асцерагацца.