Выбрать главу

На вялікай танцавальнай пляцоўцы пад адкрытым небам завіхалася спецыяльная камісія. Кожны абрывак электрычнага проваду ішоў у ход. У пошуках яго абследавалі гарадскую звалку, ізаляцыйную стужку ахвяравалі з кожнай інструментальнай скрынкі. І вось залатаны, зрошчаны з некалькіх кавалкаў провад правялі да танцпляцоўкі, падвесіўшы яго на бутэлечных рыльцах замест фарфоравых ізалятараў. Гэтым вечарам над танцпляцоўкай упершыню загарэлася святло. Да шасці гадзін мужчыны вярнуліся ўжо з працы ці з пошукаў яе, і душавыя запрацавалі з новай сілай. Да сямі паспелі паабедаць, і мужчыны ўбраліся па-святочнаму: свежапамытыя камбінезоны, чыстыя сінія кашулі, а сёй-той нават у добрым чорным гарнітуры. Дзяўчаты прыбраліся ва ўзорыстыя паркалёвыя сукенкі, чысценькія, без ніводнай маршчынкі, заплялі валасы ў косы, перавязалі стужкамі. Жанчыны заклапочана паглядалі на сваіх сямейнікаў і мылі посуд пасля абеду. На танцпляцоўцы струнны аркестр, абкружаны двайной сценкай дзяцей, рэпеціраваў сваю праграму. Усе былі засяроджаныя, усхваляваныя.

У палатцы Эзры Хастана, старшыні цэнтральнай камісіі, якая складалася з пяці чалавек, ішло пасяджэнне. Хастан — высокі, хударлявы чалавек з цёмным абветраным тварам і вачамі, як вастрыё клінка, гаварыў з членамі камісіі, прадстаўнікамі ад усіх пяці санітарных аддзяленняў.

— Нам страшэнна пашанцавала, — сказаў ён, — што нас папярэдзілі аб намеры ўчыніць скандал на танцах.

Загаварыў тоўсты карантыш, прадстаўнік ад блока нумар тры:

— Трэба з іх дух выбіць вон, правучыць як след.

— Не, — сказаў Хастан. — Яны таго толькі і чакаюць. Не, сэр. Калі ім удасца распачаць бойку, яны паклічуць палісменаў і заявяць, што ў нас тут буяняць. У іншых лагерах так ужо было. — Ён павярнуўся да смуглявага юнака з сумным тварам — прадстаўніка санблока нумар два: — Ну, ты сабраў хлопцаў, выставіў ахову ўздоўж агароджы, каб ніхто ў лагер не пралез?

Юнак з сумным тварам кіўнуў галавой:

— Зрабіў. Дваццаць чалавек. Загадаў нікога не біць. Выпхнуць — і ўсё.

Хастан сказаў:

— Схадзі, калі ласка, знайдзі Ўілі Ітана. Ён сёння, здаецца, распарадчык на вечарынцы?

— Ага.

— Скажы яму, нам трэба з ім пагаварыць.

Юнак выйшаў з палаткі і неўзабаве вярнуўся ў суправаджэнні жылістага тэхасца. Падбародак у Ўілі Ітана быў вузкі, тонкі, валасы попельна-шэрыя, рукі і ногі доўгія і быццам расхлябаныя, а вочы светла-шэрыя, апаленыя сонцам, як у тыповага жыхара Тэхаскага выступу. Ён увайшоў з усмешачкай у палатку і стаў, нецярпліва пакручваючы кісцямі рук.

Хастан запытаўся ў яго:

— Ты чуў, што вечарам рыхтуецца?

Уілі шырока ўсміхнуўся:

— Ага!

— Зрабіў што-небудзь?

— Ага!

— Раскажы нам што.

Уілі Ітан усміхнуўся на ўвесь рот:

— Значыць, так, сэр: звычайна ў суботнюю камісію ў нас уваходзяць пяць чалавек, а я набраў яшчэ дваццаць — надзейныя ўсе хлопцы. Яны будуць танцаваць, але вочы іх і вушы будуць усё бачыць і чуць. Ледзь толькі дзе гучней загавораць ці заспрачаюцца, яны раз! — і кружком. Чыста будзе зроблена. Ніхто нічога не заўважыць. Будзе так, быццам усе яны з пляцоўкі ідуць, і скандаліст хочаш не хочаш з імі пойдзе.

— Скажы ім, каб рукам волі не давалі.

Уілі весела засмяяўся:

— Казаў.

— Не, ты так скажы, каб да іх дайшло.

— Дайшло. Пяцёх пастаўлю каля варот, няхай прыглядаюцца да тых, што ўваходзяць. Паспрабуем адразу іх высачыць, яшчэ да таго, як пачнуць.

Хастан падняўся з месца. Вочы яго сталёвага колеру глядзелі сурова.

— Паслухай, Уілі. Біць іх нельга. Каля пярэдніх варот будуць шэрыфавы агенты. Калі вы пусціце каму-небудзь кроў, вас забяруць.

— Мы і гэта абмазгавалі, — сказаў Уілі. — Выведзем іх задамі проста ў поле. А там хлопцы прасочаць, каб яны пайшлі туды, адкуль прыйшлі.

— Што ж, на словах выходзіць усё добра, — не супакойваўся Хастан. — Але глядзі, Уілі, каб нічога такога не было. Ты адказваеш за ўсё. Біць іх нельга. Ні кіёў, ні кулакоў ці яшчэ там чаго ў ход не пускаць.

— Ёсць, сэр! Мы слядоў не пакінем.

Хастан насцярожыўся:

— Нешта не давяраю я табе, Уілі. Калі ўжо вам так і карціць іх збіць, біце так, каб крыві не было.

— Ёсць, сэр!

— У хлопцах сваіх ты ўпэўнены?

— Так, сэр!