Выбрать главу

— Ну добра. На той выпадак, калі самі вы не справіцеся, я буду сядзець там на танцпляцоўцы, з правага боку.

Уілі аддаў яму жартам чэсць і выйшаў з палаткі.

Хастан сказаў:

— Проста не ведаю. Каб хоць яго хлопцы нікога не забілі. Якога чорта шэрыфавым памагатым абавязкова хочацца нашкодзіць нашаму лагеру? Чаму яны не пакінуць нас у спакоі?

Сумны юнак ад блока нумар два сказаў:

— Я жыў у лагеры Зямельна-жывёлагадоўчай кампаніі каля Сандлэнда. Дык, бог сведка, там на кожныя дзесяць чалавек па фараону. А водаправодны кран адзін чалавек на дзвесце.

Каратканогі таўстун усклікнуў:

— Госпадзі, ён мне расказвае! Я сам адтуль. Там палаткі стаяць блокам — трыццаць пяць у даўжыню і пятнаццаць у шырыню. А сарціраў усяго дзесяць на ўсю араву. Смярдзіць — за мілю пачуеш, далібог, праўда. Адзін шэрыфскі памагаты неяк раскрыў нам усю паднаготную. Мы гэтак кружком сядзім, і ён кажа: «Каб яны праваліліся, гэтыя ўрадавыя лагеры! Дай людзям хоць раз гарачай вады, і яны потым патрабаваць яе будуць. Дай ім прамыўныя прыбіральні, дык яны ўжо без іх ніяк. Праклятым Окі што ні пакажы, яны ўжо без таго абысціся не могуць. У іх, кажа, у лагерах чырвоныя мітынгі. Усё прыдумляюць, як дапамогу атрымаць».

Хастан запытаўся:

— І ніхто яго не ўзгрэў за гэта?

— Не. Адзін, такі маленькі ростам, пытаецца ў яго: «Якая такая дапамога?» Палісмен адказвае: «Ну грашовая — тая самая, у якую мы, падаткаплацельшчыкі, свае кроўныя ўсаджваем, а дастаюцца яны вам — усялякім там Окі. А той, маленькі, кажа: «Мы таксама плацім падаткі і на прадукты, і на бензін, і на тытунь. Урад плаціць фермерам чатыры цэнты за фунт бавоўны — ці ж гэта не дапамога? Чыгуначныя і параходныя кампаніі атрымліваюць ад урада пазыку — гэта не дапамога?» А шэрыфскі агент адказвае: «Яны патрэбную справу робяць». А маленькі кажа: «А калі б не мы, хто б вам ураджаі збіраў?» — Таўстун абвёў позіркам прысутных.

— Ну, а што фараон? — запытаўся Хастан.

— Ён проста раз'юшыўся. Кажа: «Гэтыя чырвоныя ўвесь час народ падбухторваюць. А ты пойдзеш са мной, давай, не марудзь». Забраў малойчыка, і далі яму два месяцы за бадзяжніцтва.

— А калі б у яго была праца? — запытаўся Цімаці Ўолес.

Таўстун засмяяўся:

— На гэты конт мы вучоныя. Цяпер мы ведаем: каго палісмен неўзлюбіў, той і бадзяга. Таму яны і не церпяць наш лагер, што паліцыі тут уваходу няма. Тут Злучаныя Штаты, а не Каліфорнія.

Хастан уздыхнуў:

— Добра было б пажыць тут даўжэй. Але хутка прыйдзецца ехаць. Мне тут даспадобы. Жывуць усе дружна. Госпадзі, пакінулі б нас у спакоі, дык не — рознае паскудства робяць, у турму саджаюць. Далібог, калі будзе так далей, нас да таго давядуць, што мы адпор дадзім. — Тут голас яго крыху паспакайнеў, і Хастан сам сабе нагадаў: — Не, трэба паводзіць сябе мірна. Камісія не мае права зрывацца з прывязі.

Таўстун з трэцяга блока сказаў:

— Тыя, хто думае, што працаваць у камісіі адно задавальненне, няхай самі паспрабуюць. У мяне сёння была калатня — жанчыны расхадзіліся. Пачалі лаяцца і давай кідацца рознай дрэнню. Жаночая камісія не справілася, прыбеглі да мяне, просяць, каб мы разабраліся. А я ім кажу: «Жаночыя сваркі ўладжвайце самі. Яны будуць кухоннымі адкідамі шпурляцца, а наша камісія іх разнімай!»

Хастан кіўнуў галавой:

— І вы правільна зрабілі.

Пачало змяркацца, і, па меры таго як згушчалася вячэрняе сутонне, гукі струннага аркестра, які рэпеціраваў танцы, рабіліся ўсё гучнейшымі. Над танцпляцоўкай успыхнулі лямпачкі, двое мужчын уважліва агледзелі зроблены з абрыўкаў дроту провад. Дзеці шчыльна абступілі музыкантаў. Падлетак з гітарай нягучна напяваў і найграваў блюз «Родныя палеткі», і на прыпеве другога куплета мелодыю падхапілі тры губныя гармонікі і скрыпка. Да пляцоўкі з усіх бакоў падыходзілі людзі — мужчыны ў чыстых сініх камбінезонах, жанчыны ў сарпінкавых сукенках. Яны абкружылі пляцоўку і спакойна чакалі пачатку танцаў, электрычныя лямпачкі асвятлялі іх уважлівыя, поўныя радасных прадчуванняў твары.

Уся зона лагера была абнесена высокай драцяной агароджай, і ўздоўж яе, праз кожныя пяцьдзесят футаў, сядзелі на траве вартавыя.

Пачалі на машынах з'язджацца госці — дробныя фермеры з сем'ямі, перасяленцы з іншых лагераў. У варотах кожны называў прозвішча знаёмага, ад якога было атрымана запрашэнне.

Аркестр зайграў карагодны танец — цяпер ужо зусім гучна, бо рэпетыцыя скончылася. Праведнікі сядзелі каля сваіх палатак і хмурна, пагардліва пазіралі на танцпляцоўку. Яны не перагаворваліся між сабой, яны пільна высочвалі грэх і самім выглядам сваім выказвалі асуджэнне ўсёй гэтай блюзнерскай забавы.