Выбрать главу

Каля палаткі Джоўдаў Руці і Ўінфілд наспех праглынулі, што там было на абед, і кінуліся да пляцоўкі. На воклік маці дзеці вярнуліся, і яна задрала ім угору падбародкі, праверыла, ці не брудныя ў іх насы, пацягнула за вушы, зазірнула ў іх і загадала ісці ў санітарны блок і яшчэ раз памыць рукі. Малыя схаваліся за будынкам, пакруціліся там, потым сіганулі да танцавальнай пляцоўкі і змяшаліся з гуртам дзяцей, што абкружылі аркестр.

Эл паабедаў і паўгадзіны галіўся Томавай брытвай. Потым памыўся, надзеў шарсцяныя штаны, якія шчыльна аблягалі яго сцёгны, змачыў вадой свае прамыя валасы і зачасаў іх назад. Выбраўшы момант, калі ва ўмывальнай нікога не было, ён абаяльна ўсміхнуўся сам сабе ў люстра, потым павярнуўся бокам, стараючыся ўбачыць, як гэта ўсмешка выглядае ў профіль. Пасля надзеў на кашулю чырвоныя нарукаўныя гумкі і апрануў свой шчыльна падагнаны пінжак, працёр жоўтыя чаравікі кавалкам туалетнай паперы. Раптам ва ўмывальную нехта зайшоў. Эл выскачыў з яе і зухавата пакрочыў да танцпляцоўкі, зіркаючы вачамі па баках у пошуках дзяўчат. Каля адной палаткі блізка ад пляцоўкі сядзела прыгожанькая бландзіначка. Эл нібы незнарок падышоў да яе і расшпіліў пінжак, каб відаць была яго сіняя кашуля.

— Пойдзеш на танцы? — запытаўся ён.

Дзяўчына адвярнулася і нічога не адказала.

— Што, з табой і словам перакінуцца нельга? Можа, пойдзем патанцуем? — І нібы між іншым дадаў: — Я вальс умею.

Дзяўчына нясмела падняла на яго вочы і сказала:

— Падумаеш. Вальс усе танцуюць.

— Толькі не як я, — сказаў Эл. На пляцоўцы зноў зайгралі, і ён пачаў прытупваць у такт нагой. — Пойдзем, — сказаў ён.

З палаткі высунула галаву таўшчэзная жанчына і глянула на яго грозным вокам.

— Ідзі сваёй дарогай, праходзь, — зласліва сказала яна. — Дачка мая даўно заручаная. Яна замуж выходзіць — хутка жаніх прыедзе.

Эл гарэзліва падміргнуў дзяўчыне і пайшоў далей, прытупваючы на хаду пад музыку, паводзячы плячамі і памахваючы рукамі. Дзяўчына пазірала яму ўслед.

Бацька паставіў талерку на скрыню і ўстаў.

— Ну, хадзем, Джон, — сказаў ён і растлумачыў маці: — Хочам пагаварыць тут з аднымі людзьмі, даведаемся, можа, дзе работа ёсць. — Разам з Джонам ён пайшоў да доміка адміністратара.

Том падабраў кавалкам куплёнага хлеба рэшткі мяснога соўсу на талерцы і адправіў яго ў рот. Тады падаў талерку маці, і тая апусціла яе ў вядро з гарачай вадой, памыла і дала выцерці Ружы Сарона.

— А ты хіба на танцы не пойдзеш? — запыталася ў Тома маці.

— А як жа, пайду, — адказаў Том. — Мяне выбралі ў камісію дзяжурыць. Трэба пазабаўляць сяго-таго з гасцей.

— У камісію ўжо выбралі? — здзівілася маці. — Гэта, відаць, таму, што ты работу маеш?

Ружа Сарона нахілілася, каб пакласці талерку ў скрыню. Том, паказваючы на яе, сказаў:

— А божа, як яна таўсцее!

Ружа Сарона залілася чырванню і ўзяла ў маці яшчэ адну талерку.

— Чаму ж ёй не таўсцець, — сказала маці.

— І прыгажэе, — дадаў Том.

Ружа Сарона яшчэ гусцей пачырванела і апусціла галаву.

— Сціхні ты, — прашаптала яна.

— Чаму ж ёй не прыгажэць, — сказала маці. — Маладзенькія, што носяць дзіця пад сэрцам, заўсёды прыгажэюць.

Том засмяяўся:

— Калі яна і далей будзе так пухнуць, ёй давядзецца жывот на тачцы вазіць.

— Ды сціхні ты, — сказала Ружа Сарона і схавалася пад брызентам.

Маці ўсміхнулася:

— Не дражні яе.

— Ёй гэта даспадобы, — сказаў Том.

— Я ведаю, што ёй даспадобы, і ўсё-такі гэта яе трывожыць. Яна і так па Коні тужыць.

— Ну, на Коні даўно пара рукой махнуць. Ён не іначай як на прэзідэнта Злучаных Штатаў вучыцца.

— Пакінь яе, не чапай. Яе доля і так незайздросная.

Да палаткі, шырока ўсміхаючыся, падышоў Уілі Ітан.

— Ты Том Джоўд? — запытаўся ён.

— Я.

— Я старшыня святочнай камісіі. Ты нам будзеш патрэбны. Мне пра цябе гаварылі.

— Што ж, мы з табой разам пацешымся, — сказаў Том. — Пазнаёмся, гэта мая ма.

— Добры вечар, — сказаў Уілі.

— Вельмі прыемна, — адказала маці.

Уілі сказаў:

— Мы паставім цябе спачатку каля варот, а потым пяройдзеш на танцпляцоўку. Прыглядайся да тых, хто ўваходзіць, і, можа, адразу і высачыш іх. З табой будзе яшчэ адзін хлопец. А крыху пазней пойдзеш танцаваць і будзеш пільна прыглядацца.

— Добра, гэта я магу, — пагадзіўся Том.

— А хіба можа што здарыцца? — устрывожылася маці.

— Не, мэм, — адказаў Уілі. — Нічога такога.

— Зусім нічога, — сказаў Том. — Ну пайшлі. Убачымся з табой, ма, на танцах. — Том і Ўілі шпарка пакрочылі да галоўных варот.