Выбрать главу

— Ага, ты гэтак зробіш, — з горыччу сказаў ён. — А мне плацяць дваццаць пяць. Ты забярэш у мяне маю працу за дваццаць. Я пахаджу галодны і забяру яе ў цябе за пятнаццаць. Ну дык ідзі, наймайся.

— Што ж тады рабіць мне? — дапытваўся бацька. — Не паміраць жа мне з голаду, каб табе плацілі дваццаць пяць?

Чалавек у чорным капелюшы апусціў галаву, і яго падбародак зноў схаваўся ў цяні.

— Не ведаю, — адказаў чалавек. — Ну не ведаю. Працуеш па дванаццаць гадзін у дзень і ўсё роўна дасыта не ясі, а тут яшчэ галаву ламай, як быць далей. Хлопчык мой жыве надгаладзь. Не магу я ўвесь час аб адным толькі думаць, хай яно праваліцца. Звар'яцець можна.

Людзі, што кружком сядзелі на кукішках, неспакойна заварушыліся.

Том стаяў каля варот і ўглядаўся ў гасцей, якія з'язджаліся на танцавальны вечар. Яркае святло пражэктара падала на іх твары.

Уілі Ітан сказаў Тому:

— Глядзі пільна. Зараз прышлю сюды Джула Вітэлу. Ён чэракез-паўкровак. Хлапец добры. Ва ўсе вочы глядзі. Магчыма, прыкмеціш каго.

— Добра, — адказаў Том.

Ён глядзеў на фермерскія сем'і, што пад'язджалі да варот, на дзяўчат, якія заплялі валасы ў косы, на падлеткаў, якія навялі на сябе глянец дзеля танцаў. Падышоў Джул і спыніўся каля яго.

— Я буду з табой, — сказаў ён.

Том узняў на яго вочы — арліны нос, скуласты смуглы твар, кароткі, нібы зрэзаны, падбародак.

— Кажуць, ты напалову індзеец. А па-мойму, ты поўны індзеец.

— Не, — адказаў Джул. — Я паўкровак. Лепш быў бы чыстакроўны. Мог бы ўчастак мець у рэзервацыі. Там жыць можна, некаторым.

— Зірні, колькі народу, — сказаў Том.

Госці праходзілі праз вароты: сем'і фермераў, перасяленцы з прыдарожных лагераў. Дзеці стараліся хутчэй вырвацца з-пад апекі дарослых, але паважныя бацькі стрымлівалі іх.

Джул сказаў:

— Неяк забаўна ў нас выходзіць з гэтымі танцамі. Людзі ў лагеры бедныя, нічога за душой у іх няма, а ходзяць гордыя, бо могуць запрашаць сюды на танцы знаёмых. І тыя іх за гэта паважаюць. Я тут у аднаго гаспадара на маленькай ферме працаваў. Правёў яго сюды неяк раз на танцы. Запрасіў яго, і ён прыехаў. Потым кажа: нідзе ва ўсёй акрузе не бывае такіх прыстойных танцавальных вечароў — сюды можна і дочак, і жонку з сабой браць. Гэй, глянь!

Праз вароты праходзілі трое маладых людзей — трое рабочых у джынсах. Яны трымаліся разам. Вартаўнік каля варот спыніў іх, яны адказалі на яго пытанні і прайшлі ў лагер.

— Пасачы за імі, — сказаў Тому Джул і падышоў да вартаўніка. — Хто іх запрасіў?

— Нейкі Джэксан, сектар нумар чатыры.

Джул вярнуўся да Тома.

— Відаць, яны самыя і ёсць, — сказаў ён.

— Адкуль ты ведаеш?

— Ды так — здаецца. У іх нейкі выгляд насцярожаны. Ідзі за імі, пакажы іх Уілі Ітану, і няхай ён знойдзе Джэксана з чацвёртага аддзялення. Трэба праверыць іх. А я тут пабуду.

Том пайшоў следам за трыма маладымі людзьмі. Яны падышлі да танцавальнай пляцоўкі і спакойна сталі з краю натоўпу. Каля аркестра Том убачыў Уілі і паманіў яго рукою да сябе.

— Ну, што ў цябе? — запытаўся Ўілі.

— Вунь тыя трое — бачыш?

— Ага.

— Сказалі, што іх запрасіў нейкі Джэксан з чацвёртага.

Уілі выцягнуў шыю, адшукаў вачамі Хастана і падазваў яго.

— Вунь тыя трое, — сказаў ён. — Трэба знайсці Джэксана з чацвёртага аддзялення і даведацца, ці запрашаў ён іх.

Хастан павярнуўся на абцасах і пайшоў; праз некалькі хвілін ён падвёў да Ўілі і Тома сухарлявага, з шырокай косцю, тэхасца.

— Вось ён, Джэксан, — сказаў Хастан. — Паслухайце, Джэксан, бачыце тых трох хлопцаў?

— Ну.

— Вы іх запрашалі сюды?

— Не.

— Раней калі бачылі іх?

Джэксан прыгледзеўся больш уважліва.

— Ну бачыў. Разам у Грэгорыё працавалі.

— Значыць, прозвішча ваша ім вядомае?

— Ну так. Мы працавалі побач.

— Добра, — сказаў Хастан. — Вы, хлопцы, да іх не падыходзьце. Калі нічога дрэннага не зробяць, мы не будзем іх выправоджваць. Дзякуй вам, містэр Джэксан. — Тому ён сказаў: — Добра зроблена. Думаю, яны самыя і ёсць.

— Гэта Джул іх запрыкмеціў, — сказаў Том.

— Дзіва што! — усклікнуў Уілі. — Індзейская кроў, чуццём бярэ. Ну, пайду пакажу іх сваім хлопцам.

З натоўпу выскачыў падлетак гадоў шаснаццаці і спыніўся перад Хастанам, ледзь пераводзячы дух.

— Містэр Хастан, — загаварыў ён, — я зрабіў усё, як вы загадалі. Адна машына стала каля эўкаліптаў — у ёй шасцёра, а яшчэ адна з чатырма пасажырамі спынілася на дарозе з паўночнага боку. Я падышоў да іх, папрасіў даць прыпаліць. У іх рэвальверы. Сам бачыў.

Позірк у Хастана зрабіўся суровы, жорсткі.